Яшчэ двух удзельнікаў акцыі пратэсту ў Брэсце ў 2020 годзе, вядомай у народзе як «карагодная справа», асудзілі ў канцы красавіка 2024-га. Пра гэта паведамляе праваабарончы цэнтр «Вясна».
Паседжанні праходзілі 23, 24 і 26 красавіка ў судзе Брэсцкага раёна. Суддзя Алена Круковіч разглядала крымінальныя справы ў дачыненні да Ксеніі Турубчук і Дзмітрыя Мірашнічэнкі.
У выніку абаіх асудзілі па ч. 1 арт. 342 КК РБ (Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх). Суд прызначыў ім пакаранне ў выглядзе двух гадоў «хатняй хіміі».
Вядома, што іх судзілі за ўдзел у акцыі пратэсту, якая прайшла 13 верасня 2020 года ў Брэсце. Тады пратэстоўцы ішлі маршам па горадзе, потым спыніліся на праезнай частцы на скрыжаванні бульвараў і праспекта Машэрава і спявалі песні, некаторыя вадзілі карагод. Сілавікі ўпершыню ў гісторыі Брэста разагналі тады ўдзельнікаў акцыі з дапамогай вадамёта.
Такім чынам, на гэты момант ужо вядома пра 137 асуджаных па «карагоднай справе».
Раней многіх удзельнікаў гэтай акцыі спачатку судзілі за «ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве», але пасля завялі крымінальныя справы за «актыўны ўдзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак».