У Мінску завялі крымінальную справу на пенсіянера, які ўдарыў жонку нажом. Пра гэта паведамляе прэс-служба пракуратуры.
71-гадовы мінчук 2 сакавіка гэтага года вырашыў пакараць жонку за тое, што тая нібыта здраджвала яму цягам іх сямейнага жыцця.
Ён узяў нож і ўдарыў яе ў жывот. Жонка забрала ў яго зброю і выкінула ў лазенку, а сама выбегла на лесвічную клетку. Муж на гэтым не спыніўся і, узброіўшыся тым жа нажом, зноў скіраваўся да жонкі. Жанчына зноў змагла яго абяззброіць і выкінуць нож уніз па лесвіцы, пасля чаго забегла ў кватэру, замкнулася і выклікала хуткую.
На шчасце, нож не прабіў брушной сценкі жанчыны, таму яна атрымала лёгкія цялесныя пашкоджанні — колата-рэзаную рану.
Жонка не хацела прыцягваць яго да крымінальнай адказнасці. За яе гэта зрабіў пракурор: ён палічыў, што пажылая жанчына не можа адстойваць свае інтарэсы, і завёў справу па арт. 153 (Наўмыснае нанясенне лёгкага цялеснага пашкоджання).
Пакаранне за гэтае злачынства прадугледжвае грамадскія працы, штраф, папраўчыя работы на тэрмін да аднаго года або арышт.