Тры чалавекі атрымалі траўмы падчас сутыкнення маршруткі і тралейбуса ў Гомелі, паведамілі ў абласной ДАІ.
Здарэнне адбылося днём 12 красавіка. Паводле папярэдняй інфармацыі, 44-гадовая кіроўца тралейбуса ехала вуліцай Савецкай з боку вуліцы Яфрэмава ў напрамку вуліцы Чангарскай дывізіі. Паварочваючы налева, яна не прапусціла маршрутку, якой кіраваў 56-гадовы мужчына, што прывяло да сутыкнення.
У выніку ДТЗ тры пасажыркі маршрутнага таксі, у тым ліку няпоўнагадовая, атрымалі траўмы рознай ступені цяжкасці і былі шпіталізаваныя.