Тры дзяўчыны ўзялі ў валанцёраў падчас фестывалю аматараў хатніх жывёл шчанюка і кацяня. Пазней шчанюка заўважылі прывязаным да прыпынку. Міліцыя пачала праверку па факце жорсткага абыходжання з жывёламі, паведамілі ў МУС.
Інфармацыю пра здарэнне аператыўнікі знайшлі падчас маніторынгу сацсетак.
«Паведамлялася, што ў суботу на фестывалі аматараў хатніх жывёл Pets fest тры дзяўчыны ўзялі ў валанцёраў шчанюка і кацяня. Праз некалькі гадзін гэты шчанюк быў знойдзены відавочцамі прывязаным на прыпынкавым пункце», — гаворыцца ў прэс-рэлізе МУС.
Пра лёс кацяняці пакуль нічога не вядома. Паводле паведамленняў зааактывістаў, яго бачылі ў адным са сталічных двароў, але забраць яго не ўдалося — жывёліна ўцякла.
У МУС нагадалі, што за жорсткае абыходжанне з жывёламі прадугледжаная як адміністрацыйная, так і крымінальная адказнасць.
Дзве дзяўчыны з трох, пра якіх гаварылася ў паведамленні МУС, расказалі СМІ, што да інцыдэнту не маюць ніякага дачынення. Паводле іх, з Наталі яны пазнаёміліся 5 жніўня ў інтэрнэце, а да гэтага асабіста не сустракаліся.
— Калі хацелі разыходзіцца пасля квэстаў на фестывалі, яна (трэцяя дзяўчына. — Заўв. рэд.) убачыла жывёл у валанцёраў — сабачак, коцікаў. Ёй прапанавалі паглядзець адно кацяня, і яна вырашыла яго ўзяць. Нібыта сяброўка, з якой яна жыве, хацела менавіта такога. Пасля падышла да іншых і выбрала яшчэ і шчанюка. Сёння гэта падаецца дзіўным, бо да гэтага яна пытала, ці няма магчымасці ў нас нейкі час пажыць і пазычыць грошай. Мы правялі яе да прыпынку — Наталі сказала, што даедзе да Expobel, і села ў гэты аўтобус — са шчанюком і кацянём. Мы выклікалі таксі і паехалі дадому. Увечары, каля 20.44, яна напісала: «Мы ўсё ж пакуль не можам узяць жывёл, таму я аддала іх знаёмым. На жаль», — расказала адна з дзяўчат.
