Беларус, які працуе кіроўцам аўтобуса, паказаў салон пасля школьнай экскурсіі. Відэа ён апублікаваў у TikTok, заўважыла «Наша Ніва».
На кадрах відаць абгорткі, крошкі, скурка ад банана і нават красовак.
«Паважаныя бацькі, навучыце сваіх дзяцей культуры. І педагогі — вы ж хочаце зайсці ў чысты, прыгожы аўтобус. А цяпер кіроўцу гадзіну гэта ўсё прыбіраць. А потым пытаюць: чаму кіроўцы злыя, чаму кіроўцы бухаюць… Таму што калі тут не бухаць, то ты галавой паедзеш», — абурыўся ён, прыбіраючы салон.
@germany_demon #дети#работа#туризм#культурадетей21века ♬ оригинальный звук — Эдуард😝
Кіроўца дадаў, што тое, што ён паказаў, — «гэта яшчэ малая частка».
«Страшна, проста страшна», — прызнаўся ён, выказаўшы меркаванне, што хутка кіроўцы проста перастануць вазіць дзяцей.
Ролік набраў мільён праглядаў.
У іншым відэа аўтар удакладніў, што гэта былі вучні гімназіі, а не простай школы.
Меркаванні ў каментарах, як звычайна, падзяліліся. Некаторыя заявілі, што прыборка ўваходзіць у аплату паслуг аўтобуса, іншыя адзначылі, што не было пакетаў для смецця ля сядзенняў, хтосьці палічыў, што за парадкам мусяць сачыць настаўнікі, якія суправаджаюць групу дзяцей.
Пры гэтым большасць каментатараў пагадзілася з кіроўцам, што цяпер дзеці вельмі «нявыхаваныя і некультурныя».