Дарадца Святланы Ціханоўскай Франак Вячорка расказаў, што з дакументаў Еўракамісіі аб скасаванні спрошчанага візавага рэжыму выключылі Беларусь. Цяпер у іх засталася толькі Расія. Нагадаем, раней гаворка ішла аб тым, каб для беларусаў і расейцаў адмяніць спрошчаны візавы рэжым, так і выдачу турыстычных віз.
— Еўракамісія апублікавала пастанову, якая тычыцца адмены спрошчанага візавага рэжыму з Расіяй, — у каментары «Зеркалу» адзначыў Вячорка. — Яшчэ нядаўна, яшчэ пару тыдняў таму там была Беларусь і ўсе грамадзяне Беларусі. Яшчэ нядаўна абмяркоўваўся поўны візавы бан для беларусаў — гэта значыць не выдача турыстычных віз. Але атрымалася гэтага пазбегнуць. Мы правялі інфармацыйную кампанію, палітыкі, журналісты, Арцём Шрайбман зрабіў вельмі важны артыкул — гэта ўсё дапамагло змяніць стаўленне да візавага бану у адносінах да беларусаў. Гэта ўсё змянілася на працягу апошніх месяцаў. Мы скарэктавалі палітычную думку. І цяпер гэтыя абмежаванні не тычацца беларусаў.
Пры гэтым спрошчаны візавы рэжым часткова быў адменены восенню мінулага года. Тады ён тычыўся толькі афіцыйных дэлегацый. Зараз атрымаць шэнгенскія візы не могуць сілавікі, чыноўнікі, работнікі лукашэнкаўскага парлямэнту і іншых устаноў. Але звычайныя беларусы працягваюць атрымліваць візы. У некаторых консульствах іх выдаюць больш, у некаторых менш. Але ўсё роўна беларусы працягваюць карыстацца спрошчаным візавым рэжымам. І гэта перамога. Нам вельмі важна, каб гэтая сітуацыя не змянілася да горшага.
Нам удалося паказаць, што беларусы не рускія, што беларусы не падтрымліваюць вайну. Што грамадскае меркаванне беларусаў змяняецца ў бок падтрымкі Украіны. І гэта заўважылі нашы еўрапейскія партнёры.
Па словах Франака Вячоркі, кошт шэнгенскіх віз для беларусаў застаецца ранейшай. Нагадаем, зборы залежаць ад візавых цэнтраў, а таксама тыпаў віз.
— Цяпер ёсць праблема ў тым, што з’явіліся фірмы, якія нажываюцца на беларусах, якія задзіраюць кошты, выкупляюць месцы ў візавых цэнтрах, — працягнуў Вячорка. — З імі трэба вырашаць пытанне. Мы ўжо ўздымалі гэтую праблему таксама і з Еўракамісіяй. Але справа ў тым, што там няма такога цэнтралізаванага механізму. Кожнае міністэрства самастойна арганізоўвае гэтую сістэму. На жаль, ёсць несумленныя людзі, якія нажываюцца на беларусах. Але многія консульствы, нягледзячы на паменшаны склад, працягваюць выдаваць візы.
Ці можа зноў паўстаць пытанне з выдачай шэнгенскіх віз для беларусаў? Франак Вячорка не выключае такой верагоднасці:
— Я думаю, што ў выпадку, калі зменіцца статус-кво з удзелам беларусаў у вайне, сітуацыя можа мяняцца. Зараз беларускія добраахвотнікі, партызаны, валанцёры, актывісты, праваабаронцы і медыя зрабілі вельмі важную справу па аднаўленні добрага імя беларусаў. Але калі будзе поўнамаштабнае ўваходжанне Лукашэнкі ў вайну (а да гэтага ідзе) сітуацыя можа памяняцца. І не факт, што нам удасца тады балансаваць.