Падтрымаць каманду Люстэрка
Беларусы на вайне
  1. Ситуация с курсом доллара в обменниках начала меняться
  2. «Дарожнымі знакамі абазначацца не будуць». У ДАІ з'явіліся новыя сістэмы фіксацыі — парушальнікі атрымаюць «лісты шчасця»
  3. Трамп: Может быть Путин «не хочет останавливать войну, он просто тянет меня за собой, и с ним нужно поступить по-другому»
  4. Россия планирует изменить тактику для нового наступления в Украине летом и осенью 2025 года — ISW
  5. Для владельцев транспорта ввели очередное изменение — подробности
  6. Прадстаўнікі Ціханоўскай і Лукашэнкі перасекліся ў Ватыкане. Спыталі, пра што яны гаварылі
  7. Власти хотят ввести новшества по пассажирским перевозкам
  8. Вскоре подорожают некоторые жилищно-коммунальные услуги
  9. Что будет с теми, кто в 2020-м выходил на протесты, когда закончится срок давности по «народной» 342-й статье? Спросили аналитика
  10. «Велізарная супярэчнасць». Чаму Літва, Латвія і Польшча не маюць рацыі, адмаўляючыся запускаць у Беларусь пасажырскія цягнікі. Меркаванне
Читать по-русски


У Вільнюсе, самым «беларускім» з літоўскіх гарадоў, у беларусаў з’явілася яшчэ адно сваё месца — карчма «1863». Рэч не толькі ў тым, што адкрылі яе беларусы і прапаноўваюць беларускія стравы, галоўнае месца сярод якіх займаюць дранікі, але і ў тым, што менавіта тут, як сцвярджаюць уладальнікі карчмы, 160 гадоў таму таксама збіраліся беларусы — удзельнікі паўстання Каліноўскага. «Люстэрка» наведала новае месца, ацаніла кухню і пагутарыла з гаспадаром — акторам і настаўнікам Іллёй Ясінскім, адзіным публічным саўладальнікам карчмы.

Карчма "1863". Вільнюс, студзень 2023 года. Фота: "Зеркало"
Карчма «1863». Вільнюс, студзень 2023 года. Фота: «Люстэрка»

Карчма, дзе беларусы адчуюць сваю атмасферу

Нягледзячы на тое, што ў Вільнюсе беларусы штодзень бачаць «сваё» — назвы вуліц у гонар асобаў з агульнай з літоўцамі гісторыі, шыльды, якія нагадваюць, што гістарычныя асобы, пра якіх мы чыталі ў падручніках ці чулі ад дзядоў, насамрэч існавалі, і нават самі вільнюскія вулачкі і будынкі дазваляюць адчуць сябе амаль дома. У адным з такіх будынкаў старога горада актор і настаўнік Ілля Ясінскі разам з двума паплечнікамі адчынілі беларускую карчму. Менавіта ў гэтым будынку, па словах гаспадароў, некалі быў гатэль, у якім жыў адзін з кіраўнікоў паўстання 1863−1864 гадоў Зыгмунт Серакоўскі. Тут жа і збіраліся паўстанцы.

Падзеі тых даўніх часоў падказалі фармат, тэматыку і акцэнты для новай рэстарацыі. Інтэр'ер з дрэва і брукаванкі, меню з невялікай колькасцю страў арганізаваныя па-свойску проста, але з прадуманымі дэталямі.

Сустракаюць гасцей на беларускай мове, ды і самі наведвальнікі, здаецца, у карчме імкнуцца больш размаўляць на роднай мове. Ці то працуе магія месца, ці то як у тым анекдоце, мімаволі пераходзіш на беларускую пасля парачкі дранікаў. «Нават літоўцы разумеюць, а часам і нешта кажуць па-беларуску», — прызнаецца Ілля Ясінскі.

Карчма "1863". Вільнюс, студзень 2023 года. Фота: "Зеркало"
Качка ў карчме. Фота: «Люстэрка»

У меню качка, шмат дранікаў і БЧБ-дэсерт

Пакаштаваць ежу «Люстэрка» прыйшло ў адзін з першых дзён, калі карчма запрацавала ўжо не ў тэставым рэжыме. Гасцей было даволі шмат, здаецца, усе яны — беларусы. Верагодна, менавіта таму гарачую страву (адзіную ў меню) — качку з печанай бульбай і соусам з журавін і хрэну — нам пакаштаваць не давялося, да нашага прыходу яе ўсю з’елі. Але акрамя качкі было чым паласавацца. Напрыклад, сырным супам, шчодра прыпраўленым грыбамі і кавалачкамі мяса. Суп адначасова сытны і лёгкі. За дадатковыя смакі адказвае мясцовы хлеб з кмінам, які падаюць да стравы.

А вось меню дранікаў здольна вырашыць вялікую беларускую спрэчку «з мукой ці не». Бо тут прадстаўленыя дранікі і з мукой, і без яе, але i з яйкамі, і цыбуляй, і самыя аскетычныя — толькі дзёртая бульба і соль. Але могуць узнікнуць падставы для іншай спрэчкі, бо ў карчме бульбу для дранікаў, падалося, дзерлі на нязвыклую для гэтага тарку. Але гаспадары запэўнiваюць: для гэтага выкарыстоўваюць правільную тарку, якую «давялося яшчэ пашукаць».

Порцыі дранікаў не вельмі вялікія, таму ёсць магчымасць паспрабаваць некалькі варыянтаў і параўнаць, якія ж з іх смачнейшыя.

Карчма "1863". Вільнюс, студзень 2023 года. Фота: "Зеркало"
«Тварожныя палачкі БЧБ». Фота: «Люстэрка»

Наконт чаго спрэчак не ўзнікне, дык гэта дэсертная карта — там усяго тры пазіцыі. Мы пакаштавалі «Тварожныя палачкі БЧБ». Іх смак з адсылкай да дзяцінства ў вёсцы, калі бабуля, каб парадаваць унукаў, смажыла з тварагу доўгенькія палачкі, якія потым можна было есці з дамашняй смятанай ці варэннем. У карчме «1863» адразу і смятана, і малінавае варэнне паверх палачак, што і робіць дэсерт адмыслова беларускім і візуальна (бела-чырвона-белым), і па смаку (лета ў вёсцы).

Гледзячы на мікраклімат, гасцей, сярод якіх лёгка сустрэць знаёмых, і гучанне роднай мовы, падаецца, што ў карчму беларусы будуць вяртацца не толькі каб пад’есці дранікаў, але і за атмасферай.

У Беларусі Ілля Ясінскі працаваў у РТБД. У 2020-м ён удзельнічаў у пратэсных маршах. Падчас аднаго з іх актора затрымалі і зламалі пазванкі. У траўні яго запрасілі ў Следчы камітэт. «„Прыходзьце на размову“. Спытаў, у якім я статусе. „Там вырашым“. Зразумела, што варыянтаў няшмат», — расказваў ён у інтэрв'ю «Нашай Ніве». Ясінскі напісаў заяву на адпачынак за свой кошт і з’ехаў з Беларусі, баючыся стаць фігурантам крымінальнай справы.

Ілля Ясінскі ў карчме "1863". Вільнюс, студзень 2023 года. Фота: "Зеркало"
Ілля Ясінскі ў карчме «1863». Вільнюс, студзень 2023 года. Фота: «Люстэрка»

«Мяне вельмі цікавіла закуліссе кухні»

— Ілля, вы актор, не маеце ніякага досведу ў рэстаранным бізнесе. Чаму адчынілі карчму?

— У дзяцінстве, калі мне было чатыры ці пяць гадоў — дакладна не памятаю, — на дзень народзінаў я папрасіў кухню. І мая прабабуля Эмілія Ржэвуцкая падаравала мне металічную пліту з канфорачкамі, там яшчэ адчынялася духоўка, быў набор посуду. Бацька, канешне, так глядзеў! Ён не ведаў, што з гэтым рабіць, гэта ж не падарунак для хлопчыка. А мама такая: «Спакойна, спакойна».

Зараз я падумаў, атрымліваецца, што менавіта ў той час была вайна ў Афганістане. Па нейкіх узгадках, разумею, што грамадства было… не зусім правільна сказаць «мілітарызаванае», але пытанняў было шмат. Памятаю, як «неадназначна» прамаўляліся словы пра «интернациональный долг», навошта і куды адпраўлялі вайсковых. Зараз мы перажываем нешта падобнае.

І разам з тым зараз паўстае пытанне: чым я магу быць карысным — паехаць у полк Каліноўскага, граць спектаклі, рабіць акопныя свечы ці нешта яшчэ? Гэтае пытанне мяне разрывала на маленькія кавалачкі, і не адразу я знайшоў канчатковы адказ на яго.

Карчма "1863". Вільнюс, студзень 2023 года. Фота: "Зеркало"
Карчма «1863». Вільнюс, студзень 2023 года. Фота: «Люстэрка»

 — То-бок гэта ваш спосаб быць карысным?

— Гэта па-першае. Асноўнае: я адчуваў сярод беларусаў, асабліва яскрава пачынаючы з кавіда, разуменне, што мы самі можам вырашаць свой лёс, клапаціцца адно аб адным, і пра сябе ў тым ліку. Памятаеце, як тады беларусы спачатку ўключыліся ў барацьбу з кавідам, калі дзяржавы ў гэтым працэсе амаль не было, і падчас падзей у 2020-м таксама. І на маршах, калі ты разумееш моцнае жаданне людзей дапамагчы, нешта зрабіць для агульнай справы.

Ёсць адчуванне, што гэта маё і ў гэтым карысць, ёсць больш асалоды, калі ты робіш нейкую важную справу.

Карчма "1863". Вільнюс, студзень 2023 года. Фота: "Зеркало"
Карчма «1863». Вільнюс, студзень 2023 года. Фота: «Люстэрка»

Па-другое, у мяне сапраўды цікавыя адносіны з кухняй. З дзяцінства я асабліва не ўзгадваў эпізод з днём народзінаў і цацачнай кухняй, але і потым даволі рана пачаў гатаваць, бо я старэйшы хлопчык у сям'і. Пасля, калі пачаў жыць самастойна, стаў цікавіцца ўвогуле кулінарыяй, стравамі. Мне падабаўся сам працэс гатавання. Я шмат вандраваў, хадзіў у паходы. Падабаецца, калі у цябе атрымліваецца гатаваць не толькі макароны з тушонкай. Аднойчы паехаў у паход, дзе мы 30 дзён жылі ў палатках. Зразумела, гатаваў на вогнішчы, і за ўвесь гэты час у мяне ні разу не паўтарылася прыгатаваная страва, кожны раз было нешта новае.

Мяне вельмі цікавіла закуліссе кухні, і калі я заходзіў у краму, хацелася купіць якія-небудзь адмысловыя шчыпцы, тэрмометр для мяса і ўсё такое. Гэта выклiкала асабістую асалоду і задавальненне. Але быў такі момант, што фінансаў няшмат, і ты сябе стрымліваеш, маўляў, навошта, каму гэта патрэбна. Але ж гэта былі такія маленькія радасці.

— Атрымліваецца, што пазбавіўшыся першай жарсці, то-бок беларускага тэатра, вы перключыліся на другую?

— Не, я не пазбавіўся. Я працую ў тэатрах, граю спектаклі. Так сталася, што калі я трапіў у Вільнюс, Рада культуры дапамагла пазнаёміцца з кіраўніцтвам «Рускага тэатра» (зараз гэта «Стары тэатр Вільнюса»). Мяне бралі туды ў трупу, давалі адразу ролю ў спектаклі, нават прайшла адна рэпетыцыя. Але атрымалася так, што калі паспрабаваў рэпетаваць, зразумеў, што гэта зусім не тое, што мне зараз патрэбна, і я не гатовы граць такія спектаклі. Я зразумеў, што патрэбная праца з сабой, са сваім унутраным светам. Калі б гэта была нейкая злабадзённая ці актуальная тэма пра Беларусь, то магчыма ўсё склалася б па-іншаму. Але тады я не знайшоў адказу на пытанне, навошта гэта было мне і людзям.

Таму часова я перастаў займацца тэатральнай творчасцю, але ў канцы 2021 года мне ўдалося далучыцца да каманды «Беларускага свабоднага тэатра». Гэта стала новай хваляй энергіі, бо там разумееш, што ўплываеш на ход падзей, на людзей. І ўплываеш так, як гэта пераклікаецца з тваім уяўленнем пра правільнасць, важнасць сучасных падзей. Калі справа не проста ў чалавечых эмоцыях, а ў грамадскай думцы, палітычнай абстаноўцы.

Ілля Ясінскі ў карчме "1863". Вільнюс, студзень 2023 года. Фота: "Зеркало"
Ілля Ясінскі ў карчме «1863». Вільнюс, студзень 2023 года. Фота: «Люстэрка»

Цяпер я сумяшчаю розную дзейнасць. У мяне ёсць спектакль з «Тэатрам Жніўня», спектакль-вербацім у ЕГУ і «Сабакі Еўропы» з «Беларускім свабодным тэатрам». Акрамя таго, я працую больш за год выкладчыкам у школе Stembridge. Гэта асноўнае месца працы. А ў карчме зараз дапамагаю наладжваць працэсы.

«Нам падабаецца, калі ёсць свабода выбару. У нашым меню яна ёсць»

— Паўтара года вы жывяце ў Літве. Вам самому не хапала беларускай кухні?

— У мяне беларуская кухня была дома. Але ў той жа час я з задавальненнем заўважаў нешта новае і мне было цікава спрабаваць мясцовую ежу. Цікава ж, калі ты заходзіш у краму і бачыш іншыя прадукты: якія яны на смак, як яны спалучаюцца адно з адным. Каштаваць іх — гэта было таксама акенца асалоды.

Але сапраўды чуў шмат ад каго са знаёмых і сяброў, што ім не хапае беларускай кухні, нейкіх адмысловых прадуктаў. Гэта зразумела: для любога чалавека, адкуль бы ён не пераехаў, новая кухня нязвыклая. Асабліва калі ты не планаваў пераезд, не разглядаў варыянты, дзе жыць і працаваць. Мы ж быццам вучымся «плаваць» па спартанскай сістэме: нас закінулі — і мы барахтаемся як можам. Хаця, здаецца, нармальна барахтаемся і ўзбіваем вяршкі ў масла.

— У вашым меню расказваецца гісторыя некаторых страў. А як увогуле выбіралі іх для меню?

— У нас шыкоўны шэф-кухар Барыс. Ён прыходзіў з рознымі варыянтамі меню, мы раіліся, выказвалі сваё бачанне карчмы, страў, потым ён гатаваў, мы каштавалі, я выказваў свае рэкамендацыі, сябры — свае. Мы шмат абмяркоўвалі, выбіралі прадукты, нешта мянялі. Мне здаецца, што Барыс нешта падаставаў з самых закрамоў сваёй кулінарнай кнігі.

Ілля Ясінскі ў карчме "1863". Вільнюс, студзень 2023 года. Фота: "Зеркало"
Ілля Ясінскі ў карчме «1863». Вільнюс, студзень 2023 года. Фота: «Люстэрка»

— У вашым меню чатыры варыянта дранікаў: з мукой, цыбуляй, яйкам і без нічога — толькі бульба і соль. Ці ёсць у гэтым нейкі падтэкст?

— Мне вельмі падабаюцца сапраўдныя беларускія спрэчкі, напрыклад, якія дранікі правільныя альбо якая згушчанка лепшая — рагачоўская ці глыбоцкая. А яшчэ якая мова павінна быць на шыльдзе. Хаця калі ўспомніць, раней у Менску было па чатыры мовы на шыльдах. Журналіст, каардынатар культурніцкіх праектаў Глеб Лабадзенка любіць расказваць, якія беларусы неверагодныя, бо спрадвек жылі на разломе, нават гэта бачна па вадападзеле: адна частка рэк упадае у Балтыйскае мора, другая — у Чорнае. А беларусы тут, паміж імі, як сувязь частак свету. Беларусы разумелі розныя мовы, прымалі розныя бачанні. Гэта ёсць сапраўдная талерантнасць. Ты ўпэўнены ў сабе, сваіх каштоўнасцях, але пры гэтым ты паважаеш, разумееш і можаш падтрымаць размову ці параіць нешта карыснае і іншым.

Дык вось адна з самых прыемных беларускіх спрэчак — гэта які павінны быць рэцэпт дранікаў. Гэта ж таксама пытанне пра густ, а не правільнасць. І калі мы разумеем, што спрачаемся з часткай жарту, то гэта прышпільна і класна. Мы вырашылі, што ў нас кожны зможа замовіць некалькі варыянтаў і паглядзець, ці сапраўды адрозненні адчуваюцца, ці гэта проста спрэчка дзеля спрэчкі.

Нам падабаецца, каб была свабода выбару. У гэтым яна ёсць.

— Дранікавыя батлы яшчэ ніхто ў вас не ладзіў?

— Думаю, усё наперадзе.

— У вас працуюць толькі беларусы. Гэта прынцыповая палітыка ці так атрымалася?

— Вельмі шмат з таго, што вы бачыце зараз, атрымалася амаль выпадкова. У самым пачатку задумкі былі больш сціплыя, а калі пачалі далучацца людзі, то кожны нешта за сабой прыносіў.

Так і з працай. Напачатку мы адмыслова шукалі літоўцаў, бо разумеем, што літоўская мова неабходная. Але пакуль не атрымалася знайсці літоўскіх працаўнікоў. Але нашыя афіцыянты, беларусы, зараз вучаць літоўскую і пакуль што працуюць на беларускай і англійскай, французскай таксама, ну і рускай.

Карчма "1863". Вільнюс, студзень 2023 года. Фота: "Зеркало"
Карчма «1863». Вільнюс, студзень 2023 года. Фота: «Люстэрка»

— Вы прысвяцілі карчму падзеям 1863 года. А для сябе праводзілі паралелі паміж тым, што адбывалася падчас таго паўстання, як яно скончылася і тым, што адбываецца зараз?

— Чуеце, «Дзецюкі» спяваюць: «Ніхто не забыты» (у карчме ў момант размовы грала песня «Сумнае рэгі» гурта Dzieciuki. — Заўв. рэд.). Я веру, што сапраўдныя шчырыя справы не забываюцца, не знікаюць — і мы, як насенне, прарастаем.

Мне падабаецца думаць, што Каліноўскі таксама нам дапамог, калі праз 155 год парэшткі яго і ягоных паплечнікаў апынуліся побач з намі (перапахаванне ўдзельнікаў паўстання 1863−1864 гадоў адбылося ў Вільнюсе ў 2019 годзе. — Заўв. рэд.). Яны прымусілі нас узгадаць аб саміх сабе, задумацца.

Яны працягваюць сваю справу, яны жывуць у нас. Зразумела, што той жах, які адбываўся падчас таго паўстання, і той, што адбываецца зараз, гэта, як кажуць, ногі з аднаго месца растуць. Але я веру, што культура беларусаў здолее перамагчы гэта.