Улады апублікавалі спіс чальцоў камісіі па разглядзе зваротаў беларусаў, якія з’ехалі з краіны. Усяго ў ім 29 чалавек — менавіта гэтыя людзі будуць вырашаць, хто мае права вярнуцца на радзіму, а хто не. І на якіх умовах. У гэтым тэксце мы сабралі па адным факце (але ёсць і выключэнні) пра кожнага чальца камісіі, які дапаможа вам лепш зразумець, каго Лукашэнка прызначыў, каб прабачаць (ці не) палітэмігрантаў. Катаванні, рэпрэсіі, хлусня, удзел у вайне — толькі малая частка таго, да чаго датычныя гэтыя людзі.
Андрэй Швед, генпракурор

Генпракурор, які будзе выконваць функцыі старшыні камісіі, стаў адной з галоўных асобаў паслявыбарчых рэпрэсій. Здаецца, менавіта такой і была задума ўладаў: сваю пасаду Швед заняў у верасні 2020 года, у разгар пратэстаў.
Пасля гэтага падсправаздачнае яму ведамства ініцыявала прызнанне БЧБ-сцяга экстрэмісцкай сімволікай, пачало працэдуру ліквідацыі шэрагу грамадскіх арганізацый (у прыватнасці, незалежных прафсаюзаў), завяло крымінальныя справы пра змову з мэтай захопу ўлады, а таксама распачало крымінальную справу пра генацыд беларускага народа падчас Другой сусветнай вайны. Супрацоўнікі ведамства Шведа выступаюць абвінаваўцамі на рэзанансных палітычных працэсах, вынікамі якіх становяцца велізарныя тэрміны для не згодных з уладай людзей.
Валерый Гайдукевіч, намеснік старшыні Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па міжнародных справах і нацыянальнай бяспецы
Як парламентарый Гайдукевіч адказны за прыняцце шэрагу рэпрэсіўных законаў, якія абмяжоўваюць свабоду выказвання меркаванняў. У прыватнасці, гаворка пра закон ад 17 траўня 2021 года «Аб змене законаў па пытаннях забяспечання нацыянальнай бяспекі».
Па гэтым дакуменце сілавікі атрымалі шэраг новых правоў (хоць насамрэч адказнасці за неправамерныя дзеянні такога кшталту яны не неслі і раней). У прыватнасці, міліцыянты цяпер могуць забараняць грамадзянам здымаць свае дзеянні на фота і відэа. Асабісты дагляд грамадзян, іх рэчаў і транспарту можа праводзіцца проста падчас затрымання (што палягчае фальсіфікацыі), органы ўнутраных справаў таксама атрымалі права выкарыстоўваць баявую і спецыяльную тэхніку для разгону пратэстаў, а самі сілавікі вызваленыя ад адказнасці за выкарыстанне сілы, зброі або спецсродкаў (з агаворкай, што такое выкарыстанне было законным — па факце ж гэта азначае, што ўжываць сілу можна як заўгодна, бо крымінальных справаў за перавышэнне сілавікамі паўнамоцтваў у Беларусі не заводзяць).
Аляксей Стук, намеснік генеральнага пракурора

Стук адказны за пераслед беларусаў, якія спрабуюць дапамагчы Украіне адбіць расійскую агрэсію — у 2022 годзе за спробы далучыцца да палка Каліноўскага, што ваюе ў складзе УСУ, тэрміны атрымалі сем чалавек.
Рыгор Азаронак, прапагандыст СТБ
Азаронак і многія яго калегі адказныя за распальванне варожасці ў дачыненні да ўкраінцаў і апраўданне агрэсіўнай расійскай вайны, суўдзельніцай якой стала і Беларусь.
Прывядзём толькі адну цытату, агучаную прапагандыстам яшчэ да пачатку ўварвання. Мабыць, паводле задумы Азаронка яна мусіла гучаць іранічна і абвяргаць чуткі пра блізкую вялікую вайну, аднак цяпер, амаль праз год, калі мы ўжо ведаем пра сцёртыя з твару зямлі ўкраінскія гарады і шматтысячныя ахвяры, у тым ліку сярод мірнага насельніцтва, словы прапагандыста выглядаюць жахліва.
«Калі мы такія страшныя, калі мы вось-вось нападзём, а па версіі Bloomberg, напалі ўжо, то, можа, апраўдаем іх дэбільныя прагнозы? Як сказаў Сяргей Міхееў, уварвемся з поўначы і захаду, разнясем Кіеў ядзернымі ракетамі, а на месцы выпаленай пустыні паставім 300-метровую статую Пуціна, а з вачэй яго будуць свяціць лазеры ў бок цудоўных дэмакратый, заражаючы вірусам дыктатуры, ад якога не выратуюць лакдаўны і вакцынацыі», — сказаў тады Азаронак.
Сяргей Алейнік, міністр замежных справаў

Цяперашні кіраўнік беларускага МЗС, які заняў крэсла былога шэфа Уладзіміра Макея пасля яго раптоўнай смерці, — адзін з тых, хто як кіраўнік мае дачыненне да паслявыбарчых рэпрэсій у гэтым міністэрстве, у прыватнасці, да звальненняў супрацоўнікаў, што выказалі нязгоду з дзеяннямі ўладаў.
У адрозненне ад шэрагу сваіх калегаў, Алейнік адзначыўся поўнай публічнай падтрымкай рэпрэсій і фактычнага разрыву адносін з Захадам. Так, у эфіры YouTube-канала супрацоўніка АНТ Ігара Тура Алейнік у 2021-м заяўляў, напрыклад, што заклапочанасць прэзідэнта ЗША Джо Байдэна сітуацыяй на беларуска-польскай мяжы — гэта спроба падліць у супрацьстаянне «геапалітычнай алівы».
Дзмітрый Баскаў, намеснік старшыні Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па адукацыі, навуцы, культуры і сацыяльным развіцці
Баскаў — яшчэ адзін чалавек, які атрымаў шырокую вядомасць пасля выбараў 2020 года. Не надта паспяховы хакеіст, пазней ён стаў трэнерам малодшага сына Лукашэнкі, пасля чаго пачаўся яго дзіўны кар’ерны ўзлёт.
Самая жудасная гісторыя, у якой мог быць замяшаны Баскаў, адбылася ў лістападзе 2020-га. Тады на «Плошчы перамен» невядомымі, якія прыйшлі зразаць у двары бел-чырвона-белыя стужачкі, быў збіты і выкрадзены Раман Бандарэнка, які на наступны дзень памёр у шпіталі. На здымках таго вечара сярод нападнікаў можна заўважыць чалавека ў масцы, візуальна падобнага да Баскава. Важнай зачэпкай у справе пра гібель Бандарэнкі стала злітая ў сеціва тэлефонная размова, дзе два мужчыны абмяркоўваюць тое, што адбылося на «Плошчы перамен». Іх галасы былі падобныя да галасоў Баскава і байца Дзмітрыя Шакуты. Тое, што на запісе менавіта яны, пазней пацвердзіла і фанаскапічная экспертыза. У студзені група экспертаў заявіла пра датычнасць Баскава да смерці Бандарэнкі. Такія высновы яны зрабілі пасля аналізу білінгу нумара мабільнага тэлефона спартыўнага функцыянера.
Лукашэнка асабіста абяцаў расследаваць злачынства, аднак у верасні 2021-га справу прыпынілі — «з прычыны невысвятлення асобы, якая падлягае прыцягненню ў якасці абвінавачанага». Адзінай санкцыяй для Баскава стала адхіленне ад удзелу ў міжнародных хакейных мерапрыемствах на пяць гадоў — па рашэнні IIHF. Яшчэ раней ён як чалец выканкама НАК Беларусі быў адхілены ад Алімпійскіх гульняў і ўсіх мерапрыемстваў МАК, яму забаранілі ўезд у шэраг краін.
Уладзімір Басько, генеральны дырэктар навукова-тэхналагічнай асацыяцыі «Інфапарк»
У канцы 2021 года, падчас абмеркавання праекта зменаў у Канстытуцыю, Басько пачаў прасіць Лукашэнку застацца «гарантам незалежнасці» пасля адстаўкі (якая, зрэшты, мяркуючы па прынятых у 2022 годзе зменах, далёка не факт, што будзе мець месца ў найбліжэйшыя гады).
«Аляксандр Рыгоравіч, я думаю, выкажу не толькі сваё меркаванне, што пасля таго як вы пакінеце пасаду прэзідэнта, вельмі хацелася б, я вас асабіста прашу пра гэта, усё ж такі застацца, паспрабаваць застацца ў ролі гаранта незалежнасці нашай дзяржавы, спакою і міру ў нашай краіне. Як гэта зрабіць…» — прыкметна хвалюючыся, папрасіў кіраўнік «Інфапарка».
Сваю фразу Басько скончыць не паспеў. Яго перабіў сам Лукашэнка.
«Адказваю адразу на пытанне, каб у вас не было шалёных думак. Я ніколі ніадкуль не бег і не збягу», — адрэагаваў ён.
Алена Богдан, старшыня камітэта па ахове здароўя Мінскага гарвыканкама

Стала вядомая шырокай публіцы з пачаткам пандэміі COVID-19: менавіта Богдан рэгулярна праводзіла брыфінгі Міністэрства аховы здароўя ў якасці намесніка міністра і выказвала стаўленне ўладаў да пагрозы распаўсюджвання віруса. У прыватнасці, Богдан сцвярджала, што Беларусь забяспечаная апаратамі ШВЛ лепш, чым ЗША (што хлусня). Богдан, як і іншыя чыноўнікі Мінздароўя, нясе адказнасць за велізарную збыткоўную смяротнасць у Беларусі, выкліканую пасіўнай рэакцыяй уладаў на пандэмію (паводле разлікаў навукоўцаў на аснове матэматычнага мадэлявання, у нашай краіне ад каранавіруса магло памерці ад 81 600 да 93 400 чалавек) і вельмі імаверную фальсіфікацыю статыстыкі (вось некалькі доказаў: раз, два, тры, чатыры).
Аляксандр Багдановіч, старшыня федэрацыі хакея Беларусі
Багдановіч аказаўся на сваёй цяперашняй пасадзе пасля забароны, накладзенай на Дзмітрыя Баскава. Ён алімпійскі чэмпіён — праўда, не ў хакеі, а ў веславанні (заваяваў золата разам з братам Андрэем у Пекіне ў 2008 годзе).
Пасля нядоўгага знаходжання ў парламенце Багдановіч ператварыўся ў аднаго з адданых прыхільнікаў Лукашэнкі.
«У сувязі з тым становішчам, якое адбываецца ў нас у краіне, што спрабуе меншасць так актывізавацца, каб навязаць меркаванне большасці. І робяць так, што людзі ўжо баяцца гаварыць на карысць дзяржавы, так нагнятаюць гэтую абстаноўку. Я адназначна пайду і прагаласую. Выбар мой, вядома, відавочны. Я ў гэтай дзяржаве вырас. Яна зрабіла ўсё для таго, каб я стаў такім, які я ёсць, — сказаў Багдановіч у каментары СТБ напярэдадні выбараў. — Я хацеў дадаць, што ўсе вось гэтыя шэсці, якія былі ўздоўж праспекта, „ланцужкі“, дыскрымінавалі сябе, калі здарылася бяда з вадой і стаялі вялікія чэргі па ваду да цыстэрнаў, якія падвозіліся. І ніводнага не было акту пратэсту».
Пазней Багдановіч раскрытыкаваў спартоўцаў, якія падпісалі адкрыты ліст з патрабаваннямі спынення гвалту і сумленных выбараў. У верасні 2020-га ён удзельнічаў у таемнай інаўгурацыі Лукашэнкі, а пасля з’яўлення праўладнага ліста спартоўцаў пад ім неўзабаве аказаліся подпісы абодвух братоў Багдановічаў.
Юрый Васкрасенскі, прапагандыст, дырэктар інфармацыйна-аналітычнай установы «Круглы стол дэмакратычных сіл» (КСДС)

Васкрасенскі ўваходзіў у ініцыятыўную групу Віктара Бабарыкі на выбарах 2020 года, але пасля затрымання сілавікамі рэзка змяніўся і пачаў падтрымліваць уладу.
«Усе верылі [у збіцці на Акрэсціна]. Тады быў той момант, што там і пра крэматорыі гаварылі, якія працуюць бесперастанку. У той момант усе верылі ва ўсё» — заяўляў ён у эфиры СТБ. Таксама ён дадаваў, што «любы чалавек, які думае, разумее, што лепш тысяча гематомаў — так, гэта балюча, так, гэта жудасна глядзіцца, так, гэта непрыемна, чым тысяча забітых у грамадзянскай вайне».
Пазней Аляксандр Лукашэнка ў інтэрв'ю BBC прызнаў, што затрыманыя падчас акцый пратэсту людзі «атрымлівалі» на Акрэсціна.
Цікава, што Васкрасенскі ўжо быў актывістам своеасаблівай беларускай лібералізацыі. Улетку 2021 года палітычным зняволеным пачалі масава прыходзіць лісты ад імя КСДС, у якіх ім прапаноўвалі папрасіць памілавання ў Лукашэнкі, пасля чаго іх могуць вызваліць (ці не вызваліць — гарантый ніхто не даваў). На аснове гэтых заяваў быў сфармаваны спіс людзей, які Васкрасенскі перадаў Лукашэнку, прапаноўваючы іх памілаваць. Апошні заявіў, што «Васкрасенскі павінен закласці галаву за тых, хто просіць пра памілаванне. Мы дамовіліся пра гэта ў СІЗА. У спісе каля 100 чалавек: „заблукалыя“, банкіры і былы дырэктар Магілёўскай філармоніі». Пазней Васкрасенскі сфармаваў іншы спіс і прыступіў да фармавання «трэцяй сотні суайчыннікаў, раскаяліся, што паддаліся эмоцыям і даверыліся папулісцкім лозунгам збеглых авантурыстаў». Але ў выніку на волю па памілаванні выйшла ўсяго 13 чалавек.
Вадзім Гігін, прапагандыст, старшыня праўлення рэспубліканскага дзяржаўна-грамадскага аб’яднання «Белорусское общество «Знание»
У кастрычніку 2022 года працаваў назіральнікам на «рэферэндуме» ў самаабвешчанай ЛНР — гэта мерапрыемства, якое праводзілася ва ўмовах расійскай акупацыі, не было прызнанае сусветнай супольнасцю. Там Гігін не знайшоў «сур'ёзных парушэнняў».
Аляксандра Ганчарова, старшыня Цэнтральнага савета грамадскага аб’яднання «Беларуская рэспубліканская піянерская арганізацыя»
Пасада Ганчаровай даволі фармальная, і публічна яна выступае рэдка, таму пра яе мала што вядома. Была адказная за пул валанцёраў, якія працавалі на рэферэндуме 2022 года па ўнясенні зменаў у Канстытуцыю (прайшоў ва ўмовах масавых рэпрэсій). Заяўляла, што «Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі — гэта стыль жыцця».
Дзмітрый Гара, старшыня Следчага камітэта

У жніўні 2021 года ведамства Гары адмовіла ў завядзенні крымінальных справаў па заявах пра гвалт з боку сілавікоў на пратэстах. «Устаноўлены кіраваны характар падачы зваротаў ад асобаў, якія атрымалі цялесныя пашкоджанні падчас спынення праваахоўнікамі масавых беспарадкаў», — гаварылася ў заяве ведамства.
Таксама адзначалася, што «распаўсюджаныя асобнымі, затым прызнанымі экстрэмісцкімі, тэлеграм-каналамі заявы пра нібыта перавышэнні службовых паўнамоцтваў, якія выявіліся ў катаваннях, сэксуальных здзеках, свайго аб’ектыўнага пацверджання не знайшлі, у тым ліку гэта вынікае і з тлумачэнняў саміх заяўнікаў».
Васіль Гурскі, галоўны вучоны сакратар Акадэміі навук Беларусі
«Тая эканамічная палітыка, якая ў нас рэалізоўвалася апошнія 25 гадоў, вельмі дальнабачная. Перш за ўсё мы развівалі рэальны сектар эканомікі. У адрозненне ад Злучаных Штатаў, у нас на сферу паслуг прыпадае трохі менш за 50%. Усё астатняе — гэта рэальны сектар (прамысловасць і сельская гаспадарка), які з’яўляецца асноўным спажыўцом, фармуе попыт на высокія тэхналогіі. І тое, што ў нас развітае цяжкае машынабудаванне, сур’ёзнае прыборабудаванне, — гэта ўсё спажыўцы, якія фармуюць попыт на высокія тэхналогіі. Таму практычна ўсе распрацоўкі, якія цяпер распрацоўвае і НАН. Дарэчы, захаванне і развіццё ўласнай Акадэміі навук у краіне — гэта таксама ініцыятыва прэзідэнта», — заявіў Гурскі ў траўні 2022 года ў эфіры СТБ.
Але ўжо ў снежні таго ж года ён жа абвінаваціў краіны Захаду ў рэкорднай за 10 гадоў інфляцыі. На яго думку, гэта разбурыла многія «сфармаваныя, складзеныя, шмат у чым аптымальныя лагістычныя ланцужкі паставак сыравіны, камплектавальнікаў, паслужыла прычынай істотнага росту выдаткаў і вытворчасці, і лагістыкі».
Алег Дзьячэнка, чалец Савета Рэспублікі, рэктар Акадэміі паслядыпломнай адукацыі

23 лютага 2022 года Дзьячэнка прыйшоў у студыю СТБ, каб агітаваць у падтрымку рэферэндуму пра змены ў Канстытуцыю: «Гаворка ідзе пра змену нашага статусу, які датычыць нейтральнага статусу нашай дзяржавы. Бо ў нас у цяпер дзейнай Канстытуцыі закладзены прынцып імкнення да нейтралітэту. <…> Пасыл для знешніх сіл і для нашага грамадства наступны — нашая краіна ніколі не будзе крыніцай ваеннай агрэсіі для іншых дзяржаваў. Але ў той самы час, калі з’явіцца знешняя сіла, якая будзе сваёй задачай ставіць паўплываць на нашую ўнутраную палітыку, падвергнуць сумневу наш суверэнітэт, незалежнасць, тым больш паквапіцца на тэрытарыяльную цэласнасць, я ўпэўнены, мы дамо годны адпор усім гэтым палітычным фантазёрам».
На момант гэтай заявы ў Беларусі стаялі расійскія войскі. На наступны дзень з тэрыторыі нашай краіны пачалося ўварванне ва Украіну, якое прывяло да шматтысячных ахвяраў.
Наталля Карчэўская, рэктар Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў
«Перш за ўсё мы павінныя разумець, што нам трэба нарэшце навучыцца шанаваць сваё і шанаваць тое, што робіцца для культуры ў тым ліку», — заявіла яна пасля прэзідэнцкіх выбараў 2020 года. Паводле афіцыйнай інфармацыі, у 2022-м сярэдняя заработная плата ў сферы культуры Беларусі склала 967 рублёў (гаворка пра суму да выплаты падаткаў). Да 2025 года яе спадзяюцца зрабіць не менш чым 80% ад сярэдняй па краіне.
Іван Кубракоў, міністр унутраных справаў

Узначаліў ведамства ў кастрычніку 2020 года. Менавіта за ім асноўным ініцыятарам і маторам масавых рэпрэсій стала Галоўнае ўпраўленне па барацьбе з арганізаванай злачыннасцю і карупцыяй МУС (ГУБАЗіК). Супрацоўнікі гэтага падраздзялення займаюцца самымі гучнымі працэсамі супраць палітычных апанетаў Аляксандра Лукашэнкі, затрымліваюць удзельнікаў пратэстаў, публікуюць з імі відэа (іх здымаюць у велізарнай колькасці), якія суправаджаюцца выбачэннямі або пакаяннямі. Напрыклад, менавіта яны змусілі гаспадыню салона друку ў Барысаве зрываць са сцен бел-чырвона-белыя шпалеры, затрыманага за пратэсты — здзіраць зубачысткай бел-чырвона-белы сцяг з карціны.
Міліцыянты з ГУБАЗіК, якія ўдзельнічалі ў здушэнні пратэстаў, былі без форменнага абмундзіравання або знакаў адрознення, у цывільнай (часцей за ўсё спартыўнай) вопратцы, аднак насілі балаклавы і мелі пры сабе зброю і спецсродкі, праз што супрацоўнікі ўпраўлення па барацьбе з арганізаванай злачыннасцю вонкава нагадвалі ўдзельнікаў гэтай самай арганізаванай злачыннасці.
Анатоль Лапо, старшыня Дзяржаўнага памежнага камітэта
Як кіраўнік ДПК адказны за міграцыйны крызіс на мяжы Беларусі і ЕС. Заяўляў, што мігранты бягуць ад вайны ў Германію, «куды іх паклікалі», а іх «выдвараюць з тэрыторыі Еўрасаюза ў Беларусь, некаторых — па 2−3 разы». У лістападзе 2021-га ён у эфіры дзяржаўнага тэлеканала папракаў польскіх памежнікаў у бессардэчнасці: «Вядома, нам, памежнікам, балюча глядзець, калі дзеці, жанчыны начуюць на зямлі. <…> Я не бачыў ніводнага польскага памежніка, які б перадаў гэтаму дзіцяці праз калючку бутэльку вады». Хоць міграцыйны крызіс, паводле шматлікіх прыкметаў, быў задуманы менавіта афіцыйным Мінскам.
За два дні да пачатку вайны найвышэйшыя службовыя асобы, у тым ліку міністр абароны Беларусі Віктар Хрэнін, а таксама Анатоль Лапо, запэўнівалі сваіх украінскіх калегаў, што тэрыторыя Беларусі не будзе выкарыстаная для нападу на Украіну. Неўзабаве менавіта такі напад і адбыўся.
Марына Лянчэўская, дэпутат Палаты прадстаўнікоў

Менавіта яна ўнесла на разгляд ПП рэзанансны законапраект пра змены ў Крымінальны кодэкс, якія прадугледжвалі, сярод іншага, найвышэйшую меру пакарання за «замах на тэрарызм» (пры гэтым раней у КК наўпрост гаварылася, што расстрэл за падрыхтоўку да злачынства прызначаць нельга). Праект аператыўна прынялі ў Палаце прадстаўнікоў, затым — у Савеце Рэспублікі, а ўжо 18 траўня яго падпісаў Лукашэнка. З 29 траўня 2022 года гэтая папраўка дзейнічае.
Таксама дэпутат прэзентавала ў Палаце прадстаўнікоў законапраект «Аб змене Крымінальна-працэсуальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь», які прынялі 12 траўня 2022 года. «Прапануецца ўвесці ў Крымінальна-працэсуальны кодэкс так званую спецыяльную вытворчасць. Гэта, па сутнасці, правядзенне ўсіх працэсуальных дзеянняў пры адсутнасці абвінавачанага», — тлумачыла яна. Пасля гэтага ўлады змаглі судзіць беларусаў, якія знаходзяцца за мяжой, без іх рэальнага знаходжання на судзе.
Аляксандр Маркевіч, намеснік старшыні Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па нацыянальнай бяспецы
Дэпутат Маркевіч — былы памежнік, які ў свой час скончыў расійскія Маскоўскую дзяржаўную юрыдычную акадэмію і Памежную акадэмію ФСБ. У сваіх публічных заявах апраўдвае незаконную і не згодную з Канстытуцыяй ідэю пазбаўлення беларускага грамадзянства грамадзян, якія, на яго думку, страцілі «палітычна-прававую сувязь з дзяржавай».
Марат Маркаў, прапагандыст, старшыня праўлення тэлеканала АНТ

На сваёй пасадзе яшчэ да падзей 2020 года выступаў з абгрунтаваннем неабходнасці ўвядзення цэнзуры ў электронных СМІ, называючы гэта «лічбавай гігіенай». Калі пасля гвалтоўнага здушэння мірных пратэстаў у жніўні-кастрычніку 2020 года з АНТ звольнілася каля чвэрці супрацоўнікаў, Маркаў пагражаў журналістам, рэдактарам і тэхнічным спецыялістам завядзеннем крымінальных справаў, і, паводле сведчанняў відавочцаў, гвалтоўнымі знікненнямі.
Ігар Маршалаў, намеснік старшыні Камітэта дзяржаўнага кантролю — дырэктар Дэпартамента фінансавых расследаванняў
Першы ў гісторыі Беларусі генерал-маёр фінансавай міліцыі. У 2018 годзе ведамства Маршалава абвінавачвала ў «нявыплаце падаткаў» кіраўнікоў недзяржаўнага прафсаюза РЭП (асуджаныя на чатыры гады «хатняй хіміі») і стваральніка першага ў Беларусі недзяржаўнага інфармацыйнага агенцтва БелаПАН Алеся Ліпая (памёр падчас следства). У снежні 2020 года падначаленыя Маршалава ўдзельнічалі ў затрыманні кіраўнікоў і супрацоўнікаў Press Club Belarus, ператрусах у офісе арганізацыі і кватэрах супрацоўнікаў. У студзені 2021 года ў рамках «зачысткі» недзяржаўных грамадскіх арганізацый Дэпартамент фінансавых расследаванняў узяў удзел у разгроме і ліквідацыі «Офіса па правах людзей з інваліднасцю».
Маршалаў нясе прамую адказнасць і за завядзенне палітычна матываванай справы аб ухіленні ад выплаты падаткаў у дачыненні да ТАА «ТУТ БАЙ МЕДЫЯ» вясной 2021 года.
Андрэй Мукавозчык, прапагандыст «СБ. Беларусь сегодня»

Адзін з галоўных рупараў друкаванай прапаганды, які вяшчае са старонак газеты Адміністрацыі Лукашэнкі «СБ. Беларусь сегодня». У 2020 годзе былы вядоўца беларускага «КВН» узяў актыўны ўдзел у стварэнні новых стандартаў дзяржаўнай «журналістыкі». Калумніст узбагаціў лексіку афіцыйнага дзяржаўнага выдання такімі выразамі, што выкарыстоўваюцца ў дачыненні да грамадскіх дзеячаў, навукоўцаў, журналістаў і грамадзян іншых дзяржаваў, як «петюни-петушки», «врушки-тутбаевки», «обезумевшие крысы», «свободные нехты» з «мотольками головного мозга», «белоцепкальные», «свора интеллектуальных бомжей», «клоуны новоявленной рады», «польские покровители нехт и мотолек».
У 2020−2022 гадах Мукавозчык неаднаразова пагражаў фізічнай расправай беларусам, якія эмігравалі, абяцаючы знайсці іх і павесіць, а таксама сваякам грамадскіх дзеячаў-эмігрантаў, што засталіся ў Беларусі. Апроч таго, ён ухваляў знішчэнне ўладамі грамадзянскай супольнасці і абгрунтоўваў у сваіх артыкулах гэтую практыку, называючы яе «генеральнай уборкай».
Яўген Пуставы, прапагандыст СТВ
Магчыма, самы рэзанансны тэзіс гэтага прапагандыста — заява пра богаабранасць Лукашэнкі. Пуставы папярэдзіў сваё выказванне параўнаннем палітыка з прарокам Майсеем, у якім незнарок абмовіўся пра ўзровень рэальнай падтрымкі Лукашэнкі сярод беларусаў: «Чаму я параўнаў з Майсеем? Таму што я не ведаю іншага такога нацыянальнага лідара, які трываў усе нараканні няўдзячнага народа, але не пакідаў яго і вёў у Зямлю абяцаную».
Іван Церцель, старшыня Камітэта дзяржаўнай бяспекі

У чэрвені 2020 года Камітэт дзяржкантролю, які тады ўзначальваў Церцель, завёў крымінальную справу ў дачыненні да прэтэндэнта на пасаду прэзідэнта Віктара Бабарыкі. Пазней той быў затрыманы і разам з сынам Эдуардам дастаўлены ў СІЗА КДБ. Такім чынам быў ліквідаваны адзін з самых небяспечных для Лукашэнкі канкурэнтаў на прэзідэнцкіх выбарах 2020 года. У ліпені 2021 чалавек, які сабраў больш за 400 тысяч подпісаў выбаршчыкаў у сваю падтрымку, атрымаў 14 гадоў пазбаўлення волі.
У пачатку верасня 2020 года Церцель быў пераведзены на пасаду старшыні КДБ, на якой стаў адным з арганізатараў гвалтоўнага здушэння мірных пратэстаў беларусаў і рэпрэсій (якія ўключалі катаванні).
Ганна Харута, намесніца старшыні рэспубліканскага грамадскага аб’яднання «Патрыёты Беларусі»
Аб’яднанне на чале з Харутай узнікла ў снежні 2020 года і з’яўляецца адной са структур, звязаных з дзяржавай і створаных для імітацыі дзейнасці знішчанай грамадзянскай супольнасці. «Патрыёты Беларусі» займаюцца арганізацыяй праўладных аўтапрабегаў і прапагандай афіцыйнай версіі гісторыі краіны.
Аляксей Швакаў, старшыня Беларускай рэспубліканскай калегіі адвакатаў
Швакаў стаў старшынёй калегіі адвакатаў у лютым 2022 года. У сакавіку 2021-га праваабарончы цэнтр «Вясна» апублікаваў расшыфроўку аўдыёзапісу, у якім, як сцвярджаюць праваабаронцы, гучыць яго голас. На канферэнцыі ў Мінскай гарадской калегіі адвакатаў, якой Швакаў кіраваў у гэты час, ён крытыкаваў сваіх калегаў, якія абаранялі абвінавачаных па адміністрацыйных справах у перыяд выбараў 2020 года і пасля іх. Ён заклікаў адвакатаў менш выступаць у прэсе і сацсетках, аргументуючы гэта тым, што «часам чым цішэй, тым лепш», і заяўляў, што адно з ключавых правоў чалавека, свабода слова, — гэта проста «модная тэма».
Вольга Шпілеўская, старшыня грамадскага аб’яднання «Беларускі саюз жанчын»

Выбары 2020 года Шпілеўская сустрэла на пасадзе начальніка галоўнага ідэалагічнага ўпраўлення адміністрацыі Лукашэнкі. Яна ж стала адным з галоўных рупараў праўладнай прапаганды ў той перыяд, а таксама відавочна фармавала інфармацыйную палітыку ў дзяржСМІ.
«А 80% упэўненыя, што яны [галасы на выбарах] палічаныя правільна. Што нам рабіць з гэтай большасцю тады? Дарэчы, кіраўнік дзяржавы расказваў жа сітуацыі, сам прыводзіў прыклады, калі было прапанавана пералічыць на некаторых участках галасы, але гэта аказалася непатрэбным», — расказвала яна ў студзені 2021-га.
Іван Эйсмант, прапагандыст, старшыня Нацыянальнай дзяржаўнай тэлерадыёкампаніі
У пачатку мінулага года муж прэс-сакратара Лукашэнкі Наталлі Эйсмант заяўляў, што на Захадзе падтрымліваюць тэрарызм, і звязваў гэта з беларусамі, якія з’ехалі.
«Еўропа, Еўрапейскі саюз у цяперашні час падтрымліваюць тэрарызм і экстрэмізм. І людзі [якія з’ехалі з Беларусі], якія не хаваюць, што арганізоўвалі забойства, цалкам сабе жывуць, і ніхто іх не чапае», — казаў Эйсмант.