7 лютага грамадскае аб’яднанне «Белая Русь» правяло ў Мінску паседжанне аргкамітэта па стварэнні палітычнай партыі. Створанае ў 2007 годзе, гэтае грамадскае аб’яднанне ўжо шмат гадоў імкнулася трансфармавацца ў партыю. Аднак кожны раз адказам Аляксандра Лукашэнкі было катэгарычнае «не». Юрый Дракахруст разважае пра тое, чаму цяпер здарылася «так».
Прычынай гэтых адмоваў была палітычная філасофія Лукашэнкі, у межах якой ёсць ён — лідар, правадыр, «бацька» — і яго народ, яго «дзеці». У гэтай немудрагелістай схеме проста не было месца якім-небудзь пасярэднікам, іншым субʼектам палітыкі, хай і колькі заўгодна лаяльным. Як сказаў Лукашэнка ў пачатку свайго прэзідэнцтва — палітык у краіне толькі адзін.
Што ж змянілася цяпер? Час.
Расійскі палітолаг Аляксандр Баўнаў у сваёй кнізе «Канец рэжыму. Як скончыліся тры еўрапейскія дыктатуры», што нядаўна выйшла ў друк, прыводзіць дыялог паміж іспанскім дыктатарам Франсіска Франка і прызначаным ім пераемнікам прынцам Хуанам Карласам. Прынц спытаў каўдыльё, што трэба рабіць у нейкай палітычнай сітуацыі. Франка адказаў, што яго адказы для суразмоўцы бескарысныя: «Вы не зможаце кіраваць як я. Да таго ж, калі вы будзеце кіраваць, Іспанія стане зусім іншай».
Немалады Лукашэнка таксама гэта разумее. І ўзнікае праблема: як забяспечыць пераемнасць, як зрабіць так, каб сістэма, рэжым, створаныя ім, не склаліся як картачны дамок.
А як гэта можа адбыцца — паказаў 2020 год. Ён, дарэчы, шмат чаго паказаў. Паказаў, што бюракратычная, чынавенская «вертыкаль» — штука эфектыўная, але ў сітуацыі вострага палітычнага супрацьстаяння працуе толькі пры наяўнасці моцнага валявога імпульсу зверху. Самастойная палітычная матывацыя абараняць сябе ў «вертыкалі» не надта моцная.
Адсюль выснова: як ні шкада мяняць незямной прыгажосці схему з «бацькам» і «дзецьмі», палітыкаў мусіць стаць больш чым адзін, каб у будучыні захаваць рэжым. І пошук ідзе ў сферы інстытуцыйнага будаўніцтва.
Дэкрэт пра перадачу ўлады Савету бяспекі ў выпадку гвалтоўнай смерці кіраўніка дзяржавы, надзяленне шырокімі ўладнымі паўнамоцтвамі Усебеларускі народны сход, цяперашні дазвол «Белай Русі» трансфармавацца ў партыю — усё гэта элементы стварэння такой «страховачнай сеткі» інстытутаў, якія забяспечаць выжыванне сістэмы пасля адыходу яе архітэктара.
Варта адзначыць памылковасць шматлікіх ацэнак, якія прыпадабняюць будучую партыю «Белая Русь» да КПСС. Каб аблаяць Лукашэнку разам з «Белай Руссю», гэта нядрэннае параўнанне. Але па сутнасці — не. КПСС была рэальным механізмам кіравання ў СССР, яна фактычна і была дзяржавай.
«Единая Россия» ў РФ, прапрэзідэнцкія партыі, скажам, у Азербайджане і Казахстане механізмамі кіравання не з’яўляюцца. Не будзе ім і партыя «Белая Русь». Акрамя ўсяго іншага — і таму, што ў «Белай Русі» няма і блізка нічога падобнага да камуністычнай ідэалогіі, якая ў свае найлепшыя часы натхняла людзей ва ўсім свеце — ад брытанскіх лордаў да дзікіх плямёнаў.
Але гэта не значыць, што рэжымы з важнай роляй даміноўнай партыі — гэта толькі аналагі савецкага, нацысцкага або фашысцкага. Досвед згаданых постсавецкіх краін, досвед Мексікі, дзе Інстытуцыйна-рэвалюцыйная партыя кіравала ў ХХ ст. дзесяцігоддзі, — гэта ўсё ў прынцыпе не КПСС. Гэта механізмы рэкрутацыі кіроўнай эліты, палітычнай мабілізацыі, перадачы ўлады, той самай «страховачнай сеткі», якая захоўвае рэжым і пасля адыходу «бацькі народа». Такая функцыя гэтых партыяў, прынамсі ў ідэале.
Гледзячы па ўсім, прыкладна такая жа роля падрыхтаваная і для партыі «Белая Русь». Зноў жа — у ідэале.
І нават у ідэале Лукашэнка наўрад ці хацеў бы (і змог бы) трансфармаваць сваю персаналісцкую дыктатуру ў партыйную. Партыя «Белая Русь» як яшчэ адна інстытуцыйная «страховачная сетка» — так, КПСС — не.
Ці зможа «Белая Русь» выканаць падрыхтаваную ёй ролю — пытанне складанае. У згаданым Азербайджане перадача ўлады ад Гейдара Аліева да Ільхама прайшла даволі гладка, у Казахстане транзіт улады адбыўся даволі бурна і нечакана. Аднак ні там, ні там прапрэзідэнцкія партыі ў гэтых працэсах ніякай асаблівай ролі не адыгрывалі.
У той жа Іспаніі пасля Франка пераемнік дыктатара — кароль Хуан Карлас — і функцыянер франкісцкай партыі «Фаланга» Адольфа Суарэс дружна і вельмі эфектыўна ажыццявілі дэмантаж франкісцкага рэжыму і мірны пераход краіны да дэмакратыі. Гэта не тое каб правіла, але бывае і так.
Эксперыменты Лукашэнкі з Саветам бяспекі, Усебеларускім народным сходам і партыяй «Белая Русь» — гэта вынік разумення, што пераемнікі не змогуць кіраваць так, як ён. А як змогуць — дакладна не ведаюць ні ён, ні яны. Гарантый няма, але пошук палітычнага «эліксіру неўміручасці» будзе працягвацца.
Меркаванне аўтара можа не супадаць з пазіцыяй рэдакцыі.