Аляксандр Лукашэнка ўстурбаваўся даходамі ўладальнікаў і кіраўнікоў гандлёвых сетак, абурыўшыся, што яны ў «46 або 60 разоў большыя», чым у шараговых работнікаў кампаніі, якія зарабляюць па «500 даляраў». Увечары таго ж дня дзяржаўныя СМІ апублікавалі звесткі пра заробкі супрацоўнікаў прыватных рытэйлераў. Барацьба з багатымі людзьмі ў нашай краіне ідзе не першы год, а пасля падзей лета 2020-га яна толькі ўзмацнілася. Леў Львоўскі разважае, навошта гэта ўладам.
Выпад у адрас уладальнікаў і кіраўнікоў гандлёвых сетак — гэта даволі ўдалы стрэл па некалькіх мішэнях. У 2022 годзе мы перажылі самы хуткі спад эканомікі з 1995 года. Мы бачым, што чыноўнікам эканамічнага блока такое становішча не падабаецца: яны ўвесь час спрабуюць замаўчаць ці размыць праблемы, прыводзіць толькі пазітыўныя лічбы. Прычыны і віну такога эканамічнага становішча хочацца на кагосьці спіхнуць. Часткова ў гэтым вінаватыя санкцыі, але ўсё на іх не спішаш. Трэба шукаць іншых вінаватых.
У 2022 годзе Аляксандр Лукашэнка пачаў паспяхова змагацца з цэнамі. А хто «вінаваты» ў іх росце? Мабыць, рытэйлеры, вытворцы тавараў і прадуктаў харчавання. З гэтага пункту гледжання можна паказваць іх заробак і казаць: «Бачыце, напэўна, заробкі ў іх такія вялікія, таму што яны завышаюць цэны». Адпаведна, нармальна змагацца з цэнамі шляхам пасадак прадстаўнікоў гандлю. Гэта першая мэта.
Пасля 2020 года Лукашэнка відавочна так і не перагарнуў старонку. Па многіх дзеяннях відаць, што ён баіцца за сваю ўладу, не лічыць яе дастаткова стабільнай, а сваю «перамогу» — дастаткова ўпэўненай. Таму мы бачым, як праз турмы праходзяць не толькі яго палітычныя праціўнікі, але і людзі, якія валодаюць вялікімі рэсурсамі. Мабыць, у кожным з іх ён бачыць патэнцыйнага новага суперніка, лідара пратэсту ці таго, хто гэтаму пратэсту спачувае.
Мы бачылі праявы гэтага ў дачыненні да банкіраў. У гэтым выпадку паказальная не заява пра «тлустых катоў», зробленая ў 2017-м, а дзеянні ў дачыненні да банкіраў пасля 2020 года. Гэта і затрыманні, самым вядомым кейсам з якіх стала справа «Белгазпрамбанка», і кейсы, калі прадстаўнікі назіральнай рады або дырэктары банкаў не праходзілі кваліфікацыйнай камісіі. Тут можна ўспомніць і затрыманні буйных бізнесоўцаў, якія, магчыма, ніяк не ўдзельнічалі ў падзеях 2020-га. Атрымліваецца, што любы чалавек, які валодае рэсурсамі, сувязямі і грашыма, патэнцыйна небяспечны для Лукашэнкі, таму ім імкнуцца нагадаць пра іх месца, часам нават цаной кідання на пэўны час за краты.
Трэцяя мэта — спроба знайсці замену адсутнай ідэалогіі. Большая частка аўтарытарных рэжымаў мае ідэалогію. Людзям становіцца не вельмі добра жыць, але ім даносяць, што трэба гэта рабіць дзеля чагосьці, то-бок мы пакутуем не проста так, а дзеля вялікай мэты. У Беларусі аўтарытарны рэжым ёсць, а ідэалогіі няма. Найбліжэйшае, што ёсць пад рукой у Аляксандра Лукашэнкі і чыноўнікаў з кіраўніцтва, — гэта кавалкі савецкай ідэалогіі. Мабыць, менавіта іх яны свядома ці неўсвядомлена і падхопліваюць. Мы ўжо не будуем камунізм, але ўсё яшчэ змагаемся з «буржуямі».
ДзяржСМІ апублікавалі спіс заробкаў кіраўнікоў прыватных гандлёвых сетак з упорам на разрыў у даходах з шараговымі супрацоўнікамі кампаній. Напрыклад, зарплата кіраўніка «Еўраопта» нібыта роўная 193 тысячам рублёў, а прадаўца сеткі — 1 тысячы (за які месяц і што ўключае гэтая сума, работнікі дзяржСМІ не ўдакладнілі). Такі разрыў адбываецца натуральным шляхам ва ўсіх рынкавых капіталістычных грамадствах. Умоўна, супрацоўнікі кампаніі ў Швецыі атрымліваюць значна больш, чым у Беларусі, але даходы шведскіх топ-менеджараў будуць у дзясяткі ці сотні разоў вышэйшыя, чым у шведскіх работнікаў тых жа кампаній.
Такая сітуацыя вынікае з таго, што топ-менеджар — гэта галоўны чалавек, які прымае рашэнні і бярэ на сябе вялікую адказнасць. Ва ўмовах, калі ніхто не ведае, як правільна развіваць завод або гандлёвую сетку, выбар аднаго са шляхоў нясе шмат рызык. Каб у менеджараў была матывацыя браць іх на сябе, кіраўнікоў адпаведным чынам узнагароджваюць, прычым часта робяць гэта прапарцыйна дзейнасці кампаніі. Калі выбар правільнай стратэгіі або праекта прыносіць бізнесу 100 млн, а менеджар з гэтага нічога не мае, то ў яго не будзе ніякай матывацыі старацца. Зусім іншая рэч, калі ён дапаможа кампаніі зарабіць гэтыя 100 млн, ведаючы, што яго прэмія складзе 1 млн.
Тут праблема якраз з беларускімі дзяржаўнымі прадпрыемствамі, менеджары якіх не матываваныя браць на сябе рызыкі. Бо пры выбары паспяховага праекта яны нічога не атрымліваюць, а калі ён акажацца правальным, іх могуць пакараць, звольніць і нават завесці крымінальную справу. Менавіта таму мы часта бачым застой, крыніца якога — бяздзейнасць найвышэйшага кіраўніцтва дзяржкампаній.
У прыватных кампаніях топ-менеджары атрымліваюць прэміі і матывуюцца для дасягнення лепшых паказчыкаў. Для паспяховых кіраўнікоў гэта выліваецца ў вялікія зарплаты і прэміі, а для няўдалых — у звальненні або паніжэнні.
Ці будзе барацьба са звышвысокімі даходамі топ-менеджараў у Беларусі паспяховай, пакажа час. Досвед Савецкага Саюза падказвае, што гэта магчыма. Яна можа ісці праз спецыяльныя падаткі, пад выглядам супрацьстаяння карупцыі. Вынікам стане зніжэнне поспехаў бізнесу і набыццё ім рысаў дзяржаўнага: менш росту даходаў, працоўных месцаў, затое больш застою.
У любой прававой сістэме бізнес умее абыходзіць многія новаўведзеныя абмежаванні. З нядаўніх прыкладаў: чыноўнікі забаранілі павышаць цэны на курыцу — і кампаніі пачалі яе разразаць на дзве часткі і прадаваць новы прадукт даражэй. Але ў Беларусі ў адказ на любы разумны ці хітры, хай і прававы, спосаб абыходу дзяржаўных забаронаў на вас могуць завесці крымінальную справу ці проста пасадзіць. Якраз гэта і адбылося ў выпадку разразання курыцы.
Страх апынуцца за кратамі дапамог перамагчы рост цэн. Уведзеная ў кастрычніку сістэма кантролю шмат у чым працуе не таму, што Аляксандр Лукашэнка хітра прыдумаў, як перамагчы рынкавыя законы, яна працуе менавіта дзякуючы некалькім дзясяткам людзей, на якіх завялі крымінальныя справы. То-бок яна існуе менавіта за кошт страху. Яго могуць выкарыстоўваць у новай барацьбе ўладаў, у тым ліку супраць багатых кіраўнікоў.
Меркаванне аўтара можа не супадаць з пазіцыяй рэдакцыі.