Міністэрства ўнутраных справаў Беларусі гатовае забяспечыць бяспеку падчас палітычных кампаній 2024-га і 2025 гадоў. Пра гэта кіраўнік МУС Іван Кубракоў заявіў у інтэрв'ю ў эфіры дзяржтэлеканала СТБ.
«Вядома, мы зрабілі велізарныя высновы з той сітуацыі, якая адбылася ў 2020 годзе. На сёння органы ўнутраных справаў гатовыя забяспечыць бяспеку нашых грамадзян, у тым ліку і падчас палітычных кампаній. Гэта працэс бесперапынны. Мы працуем па ўсёй краіне, працуем на прафілактыку», — заявіў Кубракоў.
Паводле яго, усталёўваецца відэаназіранне, вядзецца маніторынг грамадскай бяспекі.
«Працуюць не толькі супрацоўнікі органаў унутраных справаў фізічна на вуліцы, але і мы яшчэ з дапамогай відэаназірання адсочваем абстаноўку і аператыўна стараемся ўплываць на сітуацыю на вуліцы», — дадаў ён.
Кубракоў зноў успомніў 2020 год.
«Быў вельмі велізарны ціск на сем'і, на дзяцей супрацоўнікаў. Успомніце, на настаўнікаў, журналістаў. Мы зрабілі пэўныя высновы, мы сёння гатовыя абараніць нашыя сем'і, гатовыя абараніць кіраўнікоў тых дзяржструктур, якія будуць выконваць пэўныя задачы. Таму сёння супрацоўнікі органаў унутраных справаў гатовыя забяспечыць бяспеку нашых грамадзян падчас любых, у тым ліку і палітычных, мерапрыемстваў, якія будуць праходзіць у нашай краіне», — сказаў кіраўнік МУС.
Нагадаем, у 2024 годзе ў Беларусі пройдуць выбары ў парламент і мясцовыя саветы. У 2025-м — прэзідэнцкія выбары.