На думку Аляксандра Лукашэнкі каля 80% беларусаў «адназначна сёння падтрымліваюць» той курс, які ён вызначыў. Такія звесткі без спасылкі на якія-кольвек крыніцы агучыў палітык на сустрэчы з кіраўніком ЦВК Ігарам Карпенкам, перадае БЕЛТА.
Разважаючы пра блізкую электаральную кампанію 2024 года, Лукашэнка заявіў, што выбары мусяць прайсці не як у Амерыцы:
— Суб'екты, якія запрашаюць назіральнікаў, вызначаныя законамі. Нам хаваць няма чаго. У патрэбны час, калі падыдзе тэрмін, калі мы палічым патрэбным, мы запросім назіральнікаў. Каб яны бачылі, як будуць праходзіць выбары. Каб нас не папракалі, што мы праводзім выбары, як у Амерыцы там. І страляюць у людзей пасля выбараў, і па пошце выбары праводзяць, і гэтак далей. І фальсіфікацый куча. Гэта ўжо сёння відаць. Мы павінныя сумленна правесці гэтыя выбары, — сказаў Лукашэнка.
Ён падкрэсліў, што яму баяцца няма чаго. Бо, паводле ягоных падлікаў, большасць беларусаў «адназначна падтрымлівае» вызначаны курс.
— Каля 80% адназначна сёння падтрымліваюць той курс, які мы вызначылі. Нам чаго баяцца? Ну, за 20%, якія вагаюцца і якія супраць, мы яшчэ пазмагаемся. Гэта я кажу як прэзідэнт, — адзначыў Лукашэнка.
Парламенцкія выбары ў Беларусі пройдуць 25 лютага 2024 года. Цягам 60 дзён пасля парламенцкіх выбараў пройдуць выбары ва Усебеларускі народны сход.
Лукашэнка заявіў, што ў будучым складзе УНС «будуць розныя пункты гледжання, але не будзе ворагаў».
— Там будуць розныя людзі. Там, я ўпэўнены, будуць розныя пункты гледжання. Адзінае што ворагаў там не будзе. Але нам не патрэбныя ворагі. І нашаму грамадству ў тым ліку. А пункты гледжання павінныя быць рознымі, каб мы правільна прымалі рашэнне, — сказаў Лукашэнка.
Нагадаем, на прэзідэнцкіх выбарах 2020 года, на думку праваабаронцаў і міжнароднай супольнасці, выбарчы працэс прайшоў з множнымі парушэннямі і быў цалкам непразрыстым. Паводле афіцыйных вынікаў Лукашэнка набраў 80,1% галасоў, а Святлана Ціханоўская — 10,12%.
Між тым эксперты незалежнай платформы «Голас» прааналізавалі дадзеныя пратаколаў выбарчых участкаў і звесткі, дасланыя карыстальнікамі платформы, і прыйшлі да высновы, што за Ціханоўскую прагаласавала не менш за тры мільёны чалавек, або 56% выбаршчыкаў з улікам рэальнай яўкі.
10 верасня 2020 года Сейм Літвы прыняў рэзалюцыю, у якой прызнаў Святлану Ціханоўскую абраным прэзідэнтам Беларусі, а яе і Каардынацыйную раду — адзінымі законнымі прадстаўнікамі краіны.
Тым не менш на ўзроўні Еўрасаюза палітык не была прызнаная абраным прэзідэнтам: афіцыйны прадстаўнік знешнепалітычнай службы ЕС Петэр Стана патлумачыў гэта тым, што выбары не былі сумленнымі і не адпавядалі міжнародным стандартам.
Чытайце таксама