Аляксандр Лукашэнка назваў «укідам» інфармацыю, што для яго будуюць новую рэзідэнцыю. Пра гэта ён расказаў падчас нарады па пытаннях адукацыі, якая прайшла 21 верасня, піша БЕЛТА.
— На нас пачаўся ўжо ідэалагічны і інфармацыйны ціск. Нядаўна з’явілася інфармацыя: «Лукашэнка пабудаваў сабе новую рэзідэнцыю, там, напэўна, будзе УНС». Я думаю: дзе пабудаваў, хто пабудаваў? Без мяне гэта не маглі пабудаваць. Аказваецца, вялікую чыноўніцкую бальніцу аддалі Кухараву (у падпарадкаванне гарадскіх уладаў Мінска. — Заўв. рэд.) — пабудавалі маленькую за горадам — і там было старое аддзяленне рэабілітацыі. Яго Кіраўніцтва справамі адрамантавала. Зрабілі рэабілітацыю на першым паверсе. На верхнім паверсе даручыў усе дабрачынныя фонды, якія мы закрылі (сабачак лячылі, катоў і гэтак далей), сабраць пад адным дахам, — расказаў Лукашэнка.
Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў:
— Мне хапае месцаў, дзе працаваць. Тут я працую (у Палацы незалежнасці. — Заўв. рэд.) і за горадам — адзін да аднаго кабінеты. Больш нічога не трэба.
Палітык упэўнены, што такую інфармацыю апублікавалі, каб «падмачыць уладу». І папярэдзіў, што «на кожнага, хто так ці інакш патрыёт, ужо рыхтуецца інфармацыйная атака».
Басейн, віп-зона, снегагенератар, а дзе ж памяшканні для лячэння сабачак і коцікаў?
Нагадаем, аб’яднанне былых беларускіх сілавікоў BELPOL раней апублікавала фільм «Душ уражанняў» пра рэканструяваны чатырохпавярховы будынак у цэнтры Мінска. Паводле іх інфармацыі, гэта новая рэзідэнцыя Аляксандра Лукашэнкі. Ініцыятыва паказала дэталёвыя планы памяшканняў і візуалізацыі.
На першым паверсе будынка, аздобленым мармурам, размесцяцца тры перамоўныя пакоі, памяшканне для працоўнай змены і кіроўцаў, рабочыя кабінеты, цэнтральны пост аховы з відэасцяной, зброевы пакой, два пакоі чакання, пункт пропуску са сканарам і металадэтэктарамі.
Ёсць басейн з асобнай віп-зонай і «дарожкай Кнейпа» з чатырма ванначкамі для ног з кантраснымі тэмпературамі і масажам ступняў. Таксама ў плане прысутнічаюць два джакузі, крыясаўна, два «душы ўражанняў» і хамам.
У віп-зоне — спа-басейн, снегагенератар, пяць лежакоў, сауна і парыльня, масажны кабінет, пакой адпачынку і сервіравальны.
Другі паверх адведзены пад працоўную прастору. Там размяшчаюцца кабінеты «начальнікаў структурных падраздзяленняў» з асобнымі прыёмнымі пакоямі, дзве залы для перамоваў, прэс-цэнтр і канферэнц-зала на 49 чалавек.
На трэцім паверсе размешчаныя абедзенная зала з вітражом на столі за больш чым 72 тысячы рублёў, «пакой для запрошаных», сервіравальны, серверны, пакой групы аховы і дзяжурнага ад’ютанта з відэасцяной.
Чацвёрты, і апошні, паверх змяшчае тры кабінеты для персаналу, кабінеты начальніка асабістай аховы і асабістага доктара, працэдурны кабінет.
Пра памяшканні, дзе б размясціліся ўсе дабрачынныя фонды, якія закрылі беларускія ўлады, у публікацыі BELPOL нічога не паведамлялася. Разгледзець дэталёвыя планы ўсіх паверхаў і паспрабаваць адшукаць самастойна пакоі для «лячэння сабачак, коцікаў і гэтак далей» можна па спасылцы.
Чытайце таксама