Офіс Святланы Ціханоўскай прадставіў на грамадскае абмеркаванне Канцэпцыю кампенсацыі шкоды асобам, рэпрэсаваным у перыяд рэжыму Лукашэнкі, і
недапушчэння новых сур’ёзных парушэнняў правоў чалавека. Праца над дакументам вялася некалькі месяцаў, былі праведзеныя дзевяць экспертных сустрэч. Цяпер аўтары просяць выказацца і чакаюць прапановаў ад усіх зацікаўленых.
Дарадца Святланы Ціханоўскай па юрыдычных пытаннях Крысціна Рыхтэр расказала «Люстэрку», з якой мэтай распрацоўваўся дакумент, хто трапляе ў катэгорыю рэпрэсаваных і што ўключана ў паняцце кампенсацыі шкоды, а таксама хто зможа разлічваць на кампенсацыю і якім будзе памер выплат.
Заўвагі і меркаванні што да Канцэпцыі можна адправіць праз электронную пошту, запоўніўшы анкету ці скарыстаўшыся тэлеграм-ботам.
«Дзяржава мусіць прынесці прабачэнні»
— Канцэпцыя займае 72 старонкі, гэта даволі шмат для непадрыхтаванага чалавека. Можаце растлумачыць, у чым сутнасць дакумента?
— Калі ў дзяржаве адбываюцца маштабныя парушэнні правоў чалавека, такія як у Беларусі, немагчыма проста перагарнуць старонку. Выпраўленне сітуацыі ў міжнароднай практыцы называецца пераходнай справядлівасцю. Гэта працэс, калі адбываецца прыцягненне да адказнасці вінаватых, аднаўленне ў правах пацярпелых, рэформы судовых, праваахоўных органаў, люстрацыя і іншыя меры па высвятленні ісціны і стварэнні ўмоваў для таго, каб рэпрэсіі не паўтарыліся.
Пераходны перыяд не бывае простым, і менавіта належная падрыхтоўка дазволіць у будучыні як мага хутчэй вярнуць краіну і грамадства ў рэчышча дэмакратычнага развіцця і не дапусціць вяртання да аўтарытарных практык.
Распрацаваная канцэпцыя кампенсацыі шкоды рэпрэсаваным асобам — гэта складовая частка дакументаў пераходнай справядлівасці, якую я згадала раней. Яна закладвае асноўныя падыходы і прынцыпы ў вызначэнне, хто з’яўляецца ахвярамі рэпрэсій, якім чынам будуць адноўленыя правы гэтых людзей і што дзяржава будзе рабіць у перыяд пераходу ад дыктатуры да дэмакратыі, як будзе выпраўляць тое, што чыніла тры дзясяткі гадоў.
З пункту гледжання зместу дакумент складаецца з двух раздзелаў. Першы прысвечаны неадкладнаму вызваленню ўсіх, хто знаходзіцца ў турмах па палітычных матывах. І гэта не толькі тыя, каго праваабаронцы ўнеслі ў спісы палітычных зняволеных. Мы разумеем, што кола такіх людзей нашмат шырэйшае. Вызваленне гэтых людзей з месцаў несвабоды — гэта надзвычайная мера гуманітарнага характару, якая будзе выкарыстаная ў выпадку, калі ў пераходны перыяд яны будуць заставацца за кратамі.
Складальнікі Канцэпцыі ўлічылі, што «ў кола асобаў, якія падлягаюць неадкладнаму вызваленню, таксама трапяць тыя, хто рэальна здзейсніў злачынствы і, магчыма, правамерна знаходзіцца ў месцах несвабоды». «Неадкладнае вызваленне асобаў — гэта першы крок у працэсе аднаўлення справядлівасці, пасля якога крымінальныя справы будуць перагледжаныя ва ўстаноўленым парадку з захаваннем законнасці і вынясеннем апраўдальнага ці абвінаваўчага прысуду. Абноўленыя праваахоўныя органы, сістэма юстыцыі і пенітэнцыярная сістэма дазволяць належным чынам рэалізаваць правасуддзе, і, асобы, памылкова вызваленыя, аўтаматычна не будуць вызваленыя ад крымінальнай адказнасці», — гаворыцца ў дакуменце.
Другі раздзел Канцэпцыі датычыць кампенсацыі шкоды. Для гэтага дэмакратычна абраны парламент мусіць прыняць адпаведны закон. І наш дакумент якраз расказвае, што мусіць быць у гэтым законе. Парламент таксама фармуе Камісію па аднаўленні справядлівасці, менавіта яна адказвае за кампенсацыю шкоды.
«Камісія па аднаўленні справядлівасці — часовы пазасудовы калегіяльны орган, які складаецца з ліку службовых асобаў Рэспублікі Беларусь, прадстаўнікоў грамадскасці, праваабаронцаў, юрыстаў, эканамістаў і іншых асобаў, створаны для аднаўлення правоў рэпрэсаваных асобаў і іх сем’яў, а таксама для высвятлення ісціны, забяспечання адказнасці, аднаўлення даверу да дзяржаўных інстытутаў, перадухілення новых парушэнняў правоў чалавека ў будучыні і захавання памяці пра дзеянні ўлады ў перыяд рэжыму Лукашэнкі А.Р.».
— Атрыманне кампенсацыі стане рэальным пасля змены ўлады ў Беларусі ці вы плануеце пачаць рабіць гэта раней? Гэта дакумент для Новай Беларусі ці беларусы могуць разлічваць на кампенсацыі ўжо ў хуткім часе?
— У першую чаргу ў дакуменце гаворка ідзе пра аднаўленне беларусаў у правах, якія ўсе гэтыя гады парушаў рэжым Лукашэнкі. Гэта азначае прызнанне самой дзяржавай здзяйснення рэпрэсій у дачыненні да насельніцтва, наяўнасці палітычных зняволеных, а таксама злачынстваў у дачыненні да палітычных апанентаў. Дзяржава мусіць прынесці прабачэнні за гэта. З практычнага пункту гледжання ўсё тое, што цяпер зафіксавана ў шматлікіх справаздачах праваабарончых і міжнародных арганізацый, мусіць быць прызнанае на дзяржаўным узроўні і ўлічанае, каб у будучыні з’яўленне палітычных рэпрэсій было немагчымым.
Безумоўна, у поўным аб’ёме кампенсацыя шкоды магчымая толькі пасля дэмантажу рэжыму Лукашэнкі. Аднак ужо цяпер шматлікія праекты, якія займаюцца рэабілітацыяй палітычных зняволеных, што выйшлі з турмаў, могуць паглядзець прынцыпы кампенсацыі шкоды і пачаць дзейнічаць згодна з Канцэпцыяй. Да таго ж пакрыццё шкоды не абмяжоўваецца толькі кампенсацыямі.
«Кампенсацыя шкоды — меры, скіраваныя на максімальна магчымае пакрыццё матэрыяльнай шкоды і/або матэрыяльнага пакрыцця маральнай шкоды рэпрэсаваным асобам і членам іх сем’яў, якое ажыццяўляецца ў формах рэстытуцыі, кампенсацыі і сатысфакцыі асобна ці ў іх спалучэнні. Таксама для мэтаў гэтага Акта да формаў кампенсацыі шкоды адносяцца рэабілітацыя (уключаючы медыцынскую і юрыдычную дапамогу, а таксама іншыя меры, скіраваныя на рэінтэграцыю ў грамадства), і гарантыі непаўтарэння».
«Гэта не пра грошы, а пра аднаўленне справядлівасці»
— На якія сумы могуць разлічваць беларусы, што пацярпелі ад палітычных рэпрэсій, і якімі яшчэ будуць формы кампенсацыі шкоды?
— Канцэпцыя прадугледжвае, што за кожны месяц зняволення палітвязні мусяць атрымаць не менш за 500 даляраў ЗША. Суму таксама можна прывязваць да вызначанай колькасці заробкаў альбо базавых велічынь. Акрамя таго, падаецца справядлівым кампенсаваць таксама страты ў выглядзе рэальнай шкоды або ўпушчанай выгады (напрыклад, сума страчанага заробку за перыяд знаходжання ў месцах несвабоды, з улікам кар’ерных і прафесійных магчымасцяў).
Канцэпцыя аперуе лічбамі як арыенцірамі, а не як канстантамі. Гэта прапановы. Наогул аднаўленне справядлівасці ў дачыненні да рэпрэсаваных — гэта ў меншай ступені пра льготы і выплаты. Гэта пра аднаўленне ў правах.
Кампенсацыя шкоды можа ажыццяўляцца ў розных формах.
- Юрыдычная рэабілітацыя. У большай ступені гаворка ідзе пра рэстытуцыю — вяртанне да першапачатковага стану рэчаў. Напрыклад, шляхам адмены неабгрунтаванага прысуду і зняцця абвінавачанняў, аднаўлення добрага імені і іншага аднаўлення ў правах.
- Кампенсацыя. Гэта пакрыццё шкоды, якое паддаецца эканамічнай ацэнцы, ахвярам парушэнняў правоў чалавека.
- Сатысфакцыя. Працэс публічнага і афіцыйнага прызнання дзяржавай сваёй адказнасці: наданне агалосцы інфармацыі пра ўчыненыя злачынствы, прынясенне публічных выбачэнняў і правядзенне цырымоній, прыняцця дзяржавай мераў па прыцягненні да адказнасці вінаватых.
- Сам працэс рэабілітацыі. Ён уключае аказанне медыцынскай і псіхалагічнай дапамогі, а таксама сацыяльныя, юрыдычныя і іншыя меры, скіраваныя на рэінтэграцыю ў грамадства.
- Гарантыі непаўтарэння. То-бок забяспечанне ў дзяржаве належнага грамадскага кантролю за сілавымі ведамствамі, забяспечанне незалежнасці судовай улады, забяспечанне асаблівай абароны для адвакатаў, медыкаў, журналістаў і праваабаронцаў, забяспечанне адукацыі супрацоўнікаў сілавых ведамстваў у сферы правоў чалавека.
— Як будзе праходзіць верыфікацыя тых, хто звярнуўся па кампенсацыю шкоды, і хто будзе вырашаць, ці падпадае гэты чалавек пад дзеянне дакумента?
— Гэтаму пытанню прысвечаны трэці падраздзел другога раздзела дакумента. Пад дзеянне дакумента падпадаюць усе, хто стаў ахвярамі палітычных рэпрэсій. Рэпрэсаваныя асобы — гэта перш за ўсё, вядома, асуджаныя па палітычных матывах.
Але насамрэч ахвяр рэпрэсій больш. Па кампенсацыю шкоды змогуць звярнуцца тыя, хто па палітычных матывах быў:
- падвергнуты катаванням ці жорсткаму, бесчалавечнаму абыходжанню або пакаранню, якія зневажаюць яго годнасць;
- зняволены;
- прыцягнуты да крымінальнай ці адміністрацыйнай адказнасці;
- падвергнуты карнай псіхіятрыі;
- пазбаўлены маёмасці;
- пазбаўлены права на выезд з Рэспублікі Беларусь альбо ўезд на тэрыторыю Рэспублікі Беларусь;
- пазбаўлены вайсковых, спецыяльных званняў, навуковых ступеняў, дзяржаўных узнагарод;
- пазбаўлены права на прафесію;
- пазбаўлены грамадзянства;
- пазбаўлены ці абмежаваны ў іншых правах і свабодах.
Камісія па аднаўленні справядлівасці будзе праводзіць верыфікацыю. Дадаткова прадугледжаная магчымасць звароту ў Камісію блізкіх сваякоў асобаў, пазбаўленых жыцця, іх адвакатаў, законных прадстаўнікоў і пракурораў.
У Канцэпцыі адзначаецца, што рэабілітацыі перад грамадствам не падлягаюць асобы, якія здзейснілі гвалтоўныя злачынствы супраць асобы, а таксама якія трапілі пад санкцыі ЕС, ЗША ў сувязі з удзелам у палітычных рэпрэсіях.
«Дзеянні асобаў, якія ўдзельнічалі ў рэпрэсіях, а потым адмовіліся ад удзелу і далучыліся да дэмакратычнага руху, можна ацэньваць у гэтай частцы як змякчальныя абставіны, якія будуць аднесеныя на разгляд створанай Камісіі па аднаўленні справядлівасці. Камісія будзе ацэньваць дзеянні, учыненыя да і пасля адмовы асобы супрацоўнічаць з рэжымам і быць яго часткай, будзе ўлічваць шкоду, нанесеную дзеяннямі ва ўгоду рэжыму і карысць ад дзеянняў пасля адмовы ад рэпрэсій».
«Калі падчас ператрусу ў вас зладзілі пагром, то дзяржава ўсё кампенсуе»
— Калі чалавек не быў прызнаны палітычным зняволеным, але па сутнасці з’яўляецца ім (або падпадае пад крытэры, але праваабаронцы пра яго не ведалі), то як ён зможа прэтэндаваць на кампенсацыю нанесенай яму шкоды?
— Існуе праблема няпоўных спісаў палітычных зняволеных. Гэта звязана з рознымі прычынамі. І менавіта таму падчас распрацоўкі Канцэпцыі мы пастараліся акрэсліць як мага больш шырокае кола асобаў, якія могуць атрымаць кампенсацыю, і якім чынам гэта будзе можна даказаць.
Самы просты прыклад — адлічаныя па палітычных матывах студэнты. Часцяком іх адлічваюць за непаспяховасць або ненаведванне, калі студэнт, напрыклад, адбываў суткі адміністрацыйнага арышту. Фармальна загад пра адлічэнне не ўтрымлівае словаў «па палітычных матывах» або «за палітычныя погляды».
Таму ў Канцэпцыю закладзена, што Камісія па аднаўленні справядлівасці будзе разглядаць усе выпадкі палітычнага пераследу і любыя дакументы, якія сведчаць пра тое, што асоба была рэпрэсаваная. Гэта могуць быць і архіўныя дакументы, і звесткі праваабаронцаў, і паказанні сведак.
Яшчэ раз падкрэслю, што Канцэпцыя — гэта не толькі пра выплату кампенсацый тым, хто прызнаны палітычным зняволеным. Кола рэпрэсаваных асобаў і пералік формаў кампенсацыі шкоды нашмат шырэйшыя.
— Калі чалавек не ведае, што мае права на кампенсацыю, то ці ёсць шанец, што яму паведамяць пра гэта і прызначаць кампенсацыю? Ці будзе неабходны асабісты зварот?
— Мы заклалі ў Канцэпцыю праактыўную пазіцыю Камісіі па аднаўленні справядлівасці. То-бок Камісія можа сама прызнаць факт палітычна матываванага пераследу той ці іншай асобы. Таксама будзе важна забяспечыць публічнасць працы Камісіі, наколькі гэта магчыма без рэтраўматызацыі ахвяраў рэпрэсій.
— Хто, акрамя палітычных зняволеных, можа разлічваць на кампенсацыю? Ці ёсць шанец атрымаць яе ў людзей, якія былі вымушаныя пакінуць Беларусь, зазнілі ператрусы, допыты, канфіскацыю маёмасці?
— Канцэпцыя асобна разглядае пытанне кампенсацыі шкоды тым, хто быў вымушаны пакінуць Беларусь праз палітычна матываваны пераслед. Гэтаму прысвечаны асобны раздзел. Таксама разглядаюцца пытанні забранай, канфіскаванай альбо пашкоджанай маёмасці. Іншымі словамі, калі падчас ператрусу сілавікі зладзілі ў вас пагром, то дзяржава абавязаная кампенсаваць нанесеную шкоду.
У Канцэпцыі, у прыватнасці, адзначаецца, што «консульскія ўстановы Рэспублікі Беларусь у цяперашні момант ажыццяўляюць рэпрэсіўныя практыкі ў дачыненні да сваіх грамадзян. Напрыклад, з парушэннем нацыянальнага заканадаўства перашкаджаюць (фактычна — пазбаўляюць магчымасці) атрыманню, замене, прадаўжэнню дзеяння пашпартоў».
«Асобы, адвольна пазбаўленыя грамадзянства Рэспублікі Беларусь, падлягаюць аднаўленню ў грамадзянстве Рэспублікі Беларусь у заяўным (рэгістрацыйным) парадку». «Мусяць быць створаныя ўмовы для рэпатрыяцыі асобаў, адвольна пазбаўленых грамадзянства і/або выправаджаных з краіны. Амбасады Беларусі павінныя актыўна распаўсюджваць інфармацыю сярод дыяспар, каб усе ахвочыя маглі прыняць рашэнне наконт рэпатрыяцыі, а таксама атрымалі ўсе неабходныя дакументы для вяртання, а таксама кансультацыйную падтрымку па гэтым пытанні. Мусіць быць арганізаванае бяспечнае і годнае вяртанне ў Беларусь», — гаворыцца ў дакуменце.
«Любая дзяржава парушае правы чалавека»
— У рэзюмэ Канцэпцыі гаворыцца, што падчас яе падрыхтоўкі было праведзенае дзевяць экспертных сустрэчаў. Чаму вы вырашылі правесці яшчэ і грамадскае абмеркаванне? Экспертных мерапрыемстваў было недастаткова?
— Калі мы гаворым пра парадак прыняцця нейкіх фундаментальных дакументаў у дэмакратычным грамадстве, то ён немагчымы без грамадскіх абмеркаванняў. Мне б вельмі хацелася, каб гэта стала абсалютнай нормай для беларускага грамадства, і менавіта таму мы выкарыстоўваем такую практыку з дакументамі, якія распрацоўваюцца намі.
Нам вельмі важна пачуць голас кожнага і кожнай. Магчыма, мы кагосьці прапусцілі ці нечага не заўважылі. Канцэпцыя скіраваная на тое, каб забяспечыць справядлівасць для вычарпальнага кола асобаў. Мы чакаем каментароў і водгукаў у каналах зваротнай сувязі: аднаўленне справядлівасці — нашая агульная справа.
Калі казаць пра працэс да апублікавання гэтага дакумента, то адзначу, што мы доўга працавалі ў экспертным коле. Былі прааналізаваныя міжнародныя стандарты ў галіне кампенсацыі шкоды ў пераходныя перыяды, а таксама досвед розных краін, у якіх прайшлі гэтыя працэсы.
Пасля правядзення экспертных сустрэчаў і афармлення Канцэпцыі ў самастойны дакумент былі арганізаваныя прэзентацыі і абмеркаванні сярод прадстаўнікоў арганізацый, якія непасрэдна займаюцца дапамогай палітычным зняволеным, а таксама сярод сваякоў палітычных зняволеных і былых палітычных зняволеных.
Яшчэ адно абмеркаванне было больш прадстаўнічым — мы запрашалі шырокае кола арганізацый грамадзянскай супольнасці. І варта прызнаць, што гэта дало вельмі добры вынік. Без уцягвання шырокага кола зацікаўленых немагчыма ўлічыць усе тонкасці. Напрыклад, пытанні сэксуалізаванага гвалту, гендарны аспект працы Камісіі, праца Камісіі з уразлівымі групамі.
— Хто можа ўносіць прапановы ў Канцэпцыю і як яны будуць разглядацца? Вы не баіцеся атрымаць вялікую колькасць некампетэнтных прапановаў?
— Насамрэч не баімся. Абмеркаванні планаваных рэформаў — гэта частка дэмакратычнага працэсу. Мы адкрытыя да прапановаў. Як паказала практыка, нашая каманда магла прапусціць тое, што іншыя людзі лічаць вельмі важным. Таму і заклікаем усіх выказваць сваё меркаванне наконт праведзенай працы і прапаноўваць ідэі.
— Канцэпцыя кажа пра неабходнасць недапушчэння сур’ёзных парушэнняў правоў чалавека. То-бок вы дапускаеце несур’ёзныя парушэнні? Як вызначыць ступень парушэння і хто гэта будзе вызначаць?
— Сам па сабе тэрмін «недапушчэнне сур’ёзных парушэнняў» — устойлівы выраз у міжнародным праве. Адзначу, што ў дачыненні да правоў чалавека дзейнічае прынцып роўнасці, то-бок няма больш важных ці менш важных правоў ці дзеянняў, якія можна не прызнаваць парушэннем, бо гэта нібыта недастаткова сур’ёзна.
Сярод экспертаў у нас нават была дыскусія пра ступень пакутаў ахвяр, і мы аднадушна пагадзіліся з тым, што ад аднаго і таго ж парушэння ступень пакутаў у кожнага чалавека розная. Для кагосьці страта працы па палітычных матывах не стала балючай, а ў кагосьці зламалася ўсё жыццё. Тым не менш парушэнне права ажыццяўлялася ў роўнай ступені.
Любая дзяржава, нават самая дэмакратычная, на жаль, парушае правы чалавека. Адрозненне дэмакратый у тым, што, калі на парушэнне паказваюць, яна імкнецца яго выправіць і перадугледзець такія механізмы, якія не дазволяць паўтарыцца гэтаму парушэнню ў будучыні.
Цягам усяго кіравання Лукашэнкі дзяржава дэманстравала поўную пагарду да правоў чалавека. Гэта вылілася ў тое, што мы ўбачылі ў жніўні 2020 года і назіраем да сёння. Катаванні, гвалтоўныя знікненні, выцісканне апанентаў за межы краіны, адвольныя затрыманні і асуджэнне на працяглыя тэрміны па палітычных матывах — гэта не проста сур’ёзныя парушэнні правоў чалавека. Многія з гэтых дзеянняў можна кваліфікаваць як злачынствы супраць чалавечнасці.
Нашая задача — распрацаваць механізмы аднаўлення ў правах і кампенсацыі шкоды. Аднак вельмі важна зрабіць так, каб такія практыкі ў Новай Беларусі не паўтарыліся. Таму адзін раздзел канцэпцыі якраз прысвечаны гарантыям непаўтарэння.
Чытайце таксама