Чыноўнікі падрыхтавалі змены для таварыстваў уласнікаў, якія ўжо выклікалі пытанні ў насельніцтва. Да прыкладу, грошы, якія жыхары такіх аб’яднанняў збіраюць на капрамонт, хочуць накіроўваць у агульны кацёл. А для старшыняў ТУ плануюць зрабіць больш жорсткімі патрабаванні для працы. Для гэтага збіраюцца ўкараніць новаўвядзенні па кіраванні і эксплуатацыі жыллёвым фондам, а заадно — праўкі па ЖКГ і ў Жыллёвы кодэкс. Адпаведны законапраект ужо зацвердзілі ў першым чытанні ў парламенце, але разам з тым яго вынеслі на грамадскае абмеркаванне. Ён ужо сабраў каля 70 каментароў, і гэта нетыповая сітуацыя.
Што хочуць змяніць
Законапраект вынеслі на грамадскае абмеркаванне на Нацыянальным прававым форуме. Гэта зрабілі ўжо пасля таго, як 19 верасня парламент прыняў дакумент у першым чытанні. Пакінуць сваё меркаванне можна да 2 кастрычніка.
Адзін з ключавых момантаў законапраекта — чыноўнікі хочуць зрабіць больш жорсткімі падставы, на якіх старшыні таварыстваў могуць пазбавіцца сваёй працы. Гаворка ў тым ліку пра прадстаўленне ЖКП, утрыманне агульнай маёмасці і прыдомавай тэрыторыі. Узмацніць адказнасць таксама хочуць за невыкананне патрабаванняў мясцовых уладаў. Пры гэтым чыноўнікі хочуць увесці патрабаванне, што калі жыхары не знаходзяць за пэўны перыяд новага старшыню праўлення, то новы прызначаецца мясцовымі ўладамі.
Пры гэтым мяркуецца, што старшыня праўлення зможа працаваць толькі ў адным таварыстве ўласнікаў.
Яшчэ адно магчымае змяненне — па-новаму збіраць грошы на капрамонт з таварыстваў уласнікаў. Прапануецца пералічваць гэтыя сродкі на спецыяльныя рахункі ў банках, якія адкрыюць мясцовыя ўлады. Прычым гэтыя сродкі ў будучыні будуць накіроўваць на капітальны рамонт жылых дамоў. З законапраекта счытваецца, што грошы пойдуць у агульны кацёл, то-бок іх будуць браць на рамонт не толькі дамоў канкрэтнага таварыства ўласнікаў, жыхары якога іх пералічвалі.
Цяпер у ТУ можа быць свой рахунак у банку, на якім захоўваюцца сродкі, сабраныя на капрамонт. Гэтыя сродкі могуць размяшчаць як уклад.
І гэта толькі частка прапанаваных змяненняў, іх прыкметна больш.
Якія заўвагі робяць беларусы па законапраекце
На нацыянальным прававым форуме пад абмеркаваннем законапраекта ўжо пакінулі каля 70 каментароў. Гэта нетыповая сітуацыя. Як правіла, такія абмеркаванні не выклікаюць цікавасці ў беларусаў.
Так, адна з заўвагаў датычыць намеру чыноўнікаў увесці патрабаванне, каб старшыня праўлення кіраваў толькі адным таварыствам уласнікаў.
«Лічу, гэта прымаць можна толькі калі дадзены грамадзянін мае асноўную працу. Старшыня праўлення, які прафесійна займаецца толькі кіраваннем нерухомай маёмасцю і гэта яго асноўная праца, ён можа працаваць у некалькіх арганізацыях уласнікаў», — лічыць адзін з тых, хто пакінуў каментар. Яшчэ адзін карыстальнік мяркуе, што не трэба ўводзіць гэтае патрабаванне.
Адразу некалькі каментароў датычыць таго, што не кожнае таварыства ўласнікаў можа забяспечыць заробкам старшыню праўлення.
«У выпадку ўвядзення нормы, што адзін старшыня праўлення можа кіраваць адным ТУ, мы як уласнікі, якія маюць кватэры ў невялікім доме, не зможам канкураваць па зарплаце старшыні з дамамі, у якіх 300 і больш кватэраў, — напісаў жыхар дома на 100 кватэраў, у якіх многія — шматдзетныя сем'і. — Гэта ў выніку прывядзе да ліквідацыі ТУ, і нашай агульнай маёмасцю насуперак нашаму жаданню будзе кіраваць ЖКГ. Гэта азначае, што кошт кватэр праз неналежную якасць абслугоўвання знізіцца, парушыцца наш камфорт пражывання ў доме».
На думку гэтага карыстальніка, прапанаваныя змены пагаршаюць сітуацыю па ўтрыманні агульнай маёмасці і «фактычна пазбаўляюць права выбару спосабу кіравання агульнай маёмасцю і магчымасці выбраць старшыню».
«Катэгарычна супраць адзін дом — адзін старшыня. Калі нешта добра і наладжана працуе, навошта гэта псаваць?» — далучыўся яшчэ адзін каментатар законапраекта.
У беларусаў таксама ўзнікаюць пытанні і наконт адлічэнняў на капрамонт. «Няма ўпэўненасці ва ўласнікаў, што праз гады нешта застанецца на капрамонт іх дома. Прапаную альтэрнатыву: кожнае ТУ грошы капрамонту пералічвае на спецрахунак, які адкрываецца кожнаму ТУ, напрыклад, у „Беларусбанку“. Гэта дэпазітны спецрахунак. Выкарыстанне грошай з дадзенага спецрахунку магчымае толькі пасля дазволу адміністрацыі раёна», — прапануе яшчэ адзін каментатар.
«Мяне хвалюе пытанне грошай на капрамонт. Яны будуць на спецрахунку, і ўзяць іх можна будзе толькі калі дойдзе чарга, то-бок ніколі. Падобная схема цяпер у ЖЭСах, але як паказала практыка, схема нерабочая для жыхароў, — піша яшчэ адзін каментатар. — Калі ў доме працёк дах і патрэбны быў тэрміновы рамонт, у ЖЭСе развялі рукамі і тры месяцы замазвалі дзіркі ў даху нейкай масцікай, хоць грошай людзі на капрамонт здалі за 30 гадоў звышдастаткова. У выніку жыхары будуць без грошай і без рамонту. І без старшыні, якому можна было б выставіць прэтэнзіі ў выпадку паломкі ці аварыі, а з ЖЭСа ўзяткі гладкія».
Пытанні паўсталі таксама да жадання чыноўнікаў зрабіць больш жорсткімі патрабаванні да старшыняў таварыстваў уласнікаў. «У дзейнай рэдакцыі Жыллёвага кодэкса да старшыні праўлення арганізацыі ўласнікаў ёсць вялікая колькасць патрабаванняў. Адным з апошніх дапаўненняў была ўведзеная абавязковая прафесійная атэстацыя, якую пры гэтым неабходна праходзіць паўторна кожныя тры гады», — удакладніў яшчэ адзін з карыстальнікаў нацыянальнага прававога форуму.
Для чаго могуць унесці цяперашнія змены
Першая магчымая прычына патэнцыйных новаўвядзенняў — хоць і з затрымкай, але яшчэ больш пакараць жыхароў пратэсных дамоў, якія былі актыўныя падчас прэзідэнцкай кампаніі 2020 года і наступных падзей у краіне.
Таварыствы ўласнікаў часцяком ствараюцца ў новабудоўлях. Так склалася, што як мінімум у Мінску ў некаторых такіх дамах праходзілі актыўнасці ў 2020 годзе. Гэта напружвала чыноўнікаў, а Аляксандр Лукашэнка прыгадваў таварыствам уласнікаў пратэсныя актыўнасці яшчэ ў 2022 годзе, пагражаў іх кіраўнікам узмацненнем жорсткасці ўмоваў працы.
Другая патэнцыйная прычына падрыхтаваных змяненняў — закрыць недахоп сродкаў у ЖКГ. Сёлета ў рэспубліканскім бюджэце на ЖКГ і жыллёвае будаўніцтва запланавалі вылучыць сродкі ў памеры 6,7 млн рублёў. Гэта амаль у 14 разоў менш, чым летась, — 96,3 млн рублёў. З іх на «іншыя пытанні ў галіне жыллёва-камунальных паслуг» вылучылі крыху менш за 3 млн рублёў, у той час як летась — 92,9 млн. Хоць скарачэнне гэтых выдаткаў было і летась — з 385,7 млн рублёў у 2021-м да амаль 93 млн.
У 2022 годзе выдаткі на ЖКГ таксама пайшлі пад нож сярод першых.
У сітуацыі, калі таварыствы ўласнікаў ствараюцца часцяком у новабудоўлях, у якіх капрамонт спатрэбіцца відавочна не цяпер, а праз нейкі час, можна карыстацца грашыма, што паступілі на такія працы.
Што папярэднічала цяперашнім новаўвядзенням
Пытанне працы таварыстваў уласнікаў падымалася 13 студзеня 2022 года на нарадзе Аляксандра Лукашэнкі і ўрада. Тады палітык заявіў пра неабходнасць узмацніць адказнасць старшыняў ТУЖ за незабяспечанне захаванасці, належнай эксплуатацыі і ўтрымання агульнай маёмасці і тое, што да гэтага «падвяло само жыццё».
«Усе мы бачылі, якая шкода была нанесеная будынкам, збудаванням і грамадскай маёмасці ў выніку так званых пратэсных акцый. Дзякуй богу, што яшчэ не спалілі сталіцу, як гэта зрабілі з фінансавай сталіцай Казахстана (гаворка пра пратэсты ў гэтай краіне ў першай дэкадзе студзеня 2022 года. — Заўв. рэд.), — заяўляў тады Аляксандр Лукашэнка. — У пераважнай большасці выпадкаў гэта адбывалася пры папушчальніцтве, а часам і з ініцыятывы кіраўнікоў арганізацый уласнікаў жылля. На ліквідацыю наступстваў і навядзенне парадку траціліся велізарныя грошы».
Тады Аляксандр Лукашэнка яшчэ дадаў: «Ну, а якую пазіцыю яны займалі, я ўжо не кажу, але мы ўсе гэта выдатна памятаем».
5 красавіка 2022 года на нарадзе па актуальных пытаннях функцыянавання жыллёва-камунальнай гаспадаркі Аляксандр Лукашэнка зноў падняў пытанне працы таварыстваў уласнікаў. Палітык тады заявіў, што на іх паступае «традыцыйна шмат скаргаў». «Людзі часам не разумеюць, за што яны плацяць. Хачу папярэдзіць мінчан перш за ўсё і іншых: не дай бог я ткну пальцам яшчэ ў адно таварыства, — сказаў тады Аляксандр Лукашэнка. — Гэта датычыць усіх населеных пунктаў. Дысцыпліна і яшчэ раз дысцыпліна».
Ужо 9 красавіка тагачасны кіраўнік міністэрства ЖКГ Андрэй Хмель гаварыў пра пераразмеркаванне сіл у сферы.
— З усяго валу зваротаў грамадзян, якія ёсць у галіне ЖКГ, 5% — пытанні, якія датычаць таварыстваў уласнікаў, — заявіў Андрэй Хмель. Гэта неабгрунтаваныя паборы, няправільна ў частцы заканадаўства прынятыя рашэнні, нямэтавае выкарыстанне сродкаў, якія плацяць грамадзяне, непрыняцце кіраўніком ТУ нейкіх канкрэтных рашэнняў і нерэагаванне на просьбы грамадзян. <…> І сёння наспела неабходнасць прыняцця пэўных рашэнняў, каб гэтую праблему нівеляваць.
Тады Андрэй Хмель заявіў, што «дзяржава не можа пакінуць сітуацыю такой, якая яна ёсць». «Бачыцца, што кіраванне жыллёвым фондам і яго эксплуатацыя ў перспектыве будзе ажыццяўляцца толькі спецыялізаванымі арганізацыямі. У большасці сваёй я бачу, гэта будуць арганізацыі жыллёва-камунальнай гаспадаркі, — казаў Андрэй Хмель.
Што далей будзе з законапраектам
Наперадзе — другое чытанне ў парламенце. Перад гэтым могуць улічыць пэўныя прапановы, якія паступяць падчас грамадскага абмеркавання.
Калі дэпутаты зацвердзяць законапраект, то яго накіруюць у Савет Рэспублікі, а потым — Аляксандру Лукашэнку.
Чытайце таксама