Камітэт па правах чалавека ААН прыняў рашэнне па скарзе палітзняволенага прэтэндэнта ў кандыдаты ў прэзідэнты Беларусі на выбарах 2020 года Віктара Бабарыкі, прызнаўшы парушэнне яго права на свабоду, піша праваабарончы цэнтр «Вясна».
У заключэнні камітэта гаворыцца, што КПЧ звярнуўся да Беларусі з просьбай прыняць тэрміновыя меры для забяспечання таго, каб жыццё, фізічны і маральны стан Віктара Бабарыкі не падвяргаліся небяспецы, а таксама гарантаваць яму зносіны з адвакатамі, сям’ёй і медыцынскімі работнікамі.
Нагадаем, Віктар Бабарыка звярнуўся ў Камітэт па правах чалавека ААН у сувязі з парушэннем яго правоў паводле Міжнароднага пакта пра грамадзянскія і палітычныя правы. Скаргу ад імені асуджанага экс-банкіра падалі яго прадстаўнікі.
Экс-кіраўнік «Белгазпрамбанка» Віктар Бабарыка быў затрыманы 18 чэрвеня 2020 года і адпраўлены ў СІЗА ў разгар прэзідэнцкай выбарчай кампаніі, у якой ён збіраўся удзельнічаць. Прысуд яму быў вынесены 6 ліпеня 2021 года. Палітыка асудзілі на 14 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму па артыкулах пра легалізацыю злачынных даходаў (ч. 2 арт. 235 КК) і атрыманні хабару ў асабліва буйным памеры (ч. 3 арт. 430 КК). Ён не прызнаў віну і адмовіўся даваць паказанні. У апошнім слове Бабарыка сказаў, што не можа прызнацца ў злачынствах, якіх не здзяйсняў.