Уведзеныя Вялікабрытаніяй санкцыі не мусяць прыкметна паўплывваць на працу картак і сэрвісаў беларускага «Альфа-Банка», паведамілі ў прэс-службе арганізацыі.
У «Альфа-Банку» заявілі, што «бачаць хваляванні» кліентаў на фоне навін пра санкцыі, якія ўвяла Вялікабрытанія.
«Нашыя карткі і сэрвісы працягваюць працаваць у стандартным рэжыме. Проста цяпер мы юрыдычна разбіраемся ў дакуменце санкцый: паводле папярэдняй ацэнкі, яны не зробяць прыкметнага ўплыву на нашую працу», — паведамілі ў арганізацыі.
Там паабяцалі трымаць кліентаў у курсе і аператыўна дзяліцца навінамі пра змяненні.
Нагадаем, напярэдадні ўрад Вялікабрытаніі абнавіў санкцыйны спіс па Беларусі. Згодна з паведамленнем Мінфіна краіны, у яго трапіла беларускае ЗАТ «Альфа-Банк».
Як гаворыцца ў абгрунтаванні, санкцыі ў дачыненні да «Альфа-Банка» ўведзеныя праз тое, што ён «удзельнічае або ўдзельнічаў у атрыманні выгады ці падтрымцы ўрада Беларусі, ажыццяўляючы бізнес у сектары, які мае стратэгічнае значэнне для ўрада Беларусі, а менавіта — у беларускім сектары фінансавых паслуг».
«Альфа-Банк» унесены ў спіс з мэтай замарозкі актываў.
Яшчэ ў сакавіку 2022 года «Альфа-Банк» спыніў аперацыі па рахунках давернага кіравання, пасля таго як атрымаў афіцыйныя паведамленні ад брокераў з Вялікабрытаніі і краін ЕС пра замарозку інвестыцыйных рахункаў давернага кіраўніка банка. Гэтыя абмежаванні былі звязаныя з санкцыямі супраць Беларусі, уведзенымі з прычыны суўдзелу Мінска ў вайне супраць Украіны.