Дзве суседнія еўрапейскія краіны з 1 студзеня гэтага года паднялі пенсійны ўзрост. У Беларусі апошні раз яго павышалі тры гады таму — у пачатку 2022-га. Расказваем, як цяпер адрозніваецца пенсійны ўзрост у Літве, Латвіі, Польшчы і нашай краіне.
Пенсійная рэформа ў балтыйскіх краінах
Літва і Латвія з 1 студзеня гэтага года паднялі пенсійны ўзрост.
Літоўцы сёлета выходзяць на заслужаны адпачынак у 64 гады і 10 месяцаў, а літоўкі — у 64 гады і 8 месяцаў. У гэтай краіне таксама вырас патрабаваны стаж працы — да 34 гадоў.
У Літве пенсійны ўзрост паступова павышаюць з 2012 года. Працэс завершыцца ў 2026-м: і для мужчын, і для жанчын ён будзе складаць 65 гадоў.
У Латвіі аналагічная рэформа, якая пачалася ў 2014-м, заканчваецца сёлета. У гэтай краіне з 1 студзеня ўзрост выхаду на заслужаны адпачынак паднялі да 65 гадоў (за год да таго — 64 гады і 9 месяцаў). А мінімальны стаж для атрымання пенсіі — да 20 гадоў (у 2024-м было 15 гадоў).
У Польшчы раней абмяркоўвалі чарговыя змены
У Польшчы сёлета не падымалі ўзрост выхаду на заслужаны адпачынак. Для мужчын ён па-ранейшаму складае 65 гадоў, а для жанчын — 60.
Тым не менш у Варшаве абмяркоўваюць неабходнасць павышэння пенсійнага ўзросту для жанчын. Паводле ацэнак мясцовых экспертаў, гэтае пытанне можа быць вырашанае ўжо ў 2025 годзе. У гэтым выпадку яго рэалізацыя пачнецца ў 2026-м.
У 2013 годзе ўрад Дональда Туска ўнёс змяненні, якія мусілі паступова павысіць і зраўнаваць пенсійны ўзрост для абодвух полаў да 67 гадоў. Аднак у 2017-м, калі да ўлады прыйшла партыя «Права і справядлівасць» (ПіС), пенсійны ўзрост быў зніжаны.
У выніку ў Польшчы цяпер для жанчын самы нізкі пенсійны ўзрост з усіх краін Еўрасаюза (але ён усё роўна вышэйшы, чым у Беларусі).
Што ў Беларуси?
У нашай краіне апошні раз падымалі пенсійны ўзрост з 1 студзеня 2022 года: для мужчын — да 63 гадоў, а для жанчын — да 58. У 2025-м ён будзе на такім самым узроўні.
Для працоўнай пенсіі мужчынам патрэбныя 25 гадоў агульнага стажу, а жанчынам — 20.
У нашай краіне таксама перыядычна падымаецца пытанне ўраўнавання пенсійнага ўзросту. Гэта звязана з тым, што беларускі жывуць даўжэй, чым беларусы (паводле звестак за 2019 год, у мужчын гэта каля 64 гадоў, у жанчын — 78 гадоў). Яшчэ адна прычына — агульная дэмаграфічная сітуацыя: колькасць пенсіянераў расце, а працаздольнага насельніцтва — наадварот, скарачаецца.
У Мінпрацы восенню мінулага года заяўлялі, што гэтае пытанне «не прапрацоўваецца і не разглядаецца».
Як чыноўнікі ўжо абяцалі перад выбарамі не падымаць пенсійны ўзрост, але нешта пайшло не па плане
У ліпені 2015 года Аляксандр Лукашэнка заяўляў, што пенсійны ўзрост у Беларусі павышацца не будзе. «І гаворка сёння не ідзе пра гэта, і падымаць гэтае пытанне няма чаго», — заявіў тады палітык.
У жніўні таго ж года Аляксандр Лукашэнка паўтарыў, што ў Беларусі не разглядаюць пытанне павышэння пенсійнага ўзросту. «Мы наогул да гэтага пытання не падыходзілі. Я вам шчыра сказаў, што нам пенсійны ўзрост даўно трэба было павялічыць», — сказаў пазней палітык.
11 кастрычніка 2015 года ў Беларусі прайшлі прэзідэнцкія выбары.
А ў красавіку 2016 года Аляксандр Лукашэнка падпісаў указ пра павышэнне пенсійнага ўзросту.
Нагадаем, чарговыя прэзідэнцкія выбары ў Беларусі прызначаныя на 26 студзеня 2025 года.
Чытайце таксама


