Прэм’ер-міністр Даніі Мэтэ Фрэдэрыксэн у адказ на словы абранага прэзідэнта ЗША Дональда Трампа пра Грэнландыю заявіла, што Вашынгтон — «найважнейшы і найбліжэйшы саюзнік Даніі». Пра гэта яна сказала TV 2.
Паводле Фрэдэрыксэн, яна не лічыць, што Злучаныя Штаты выкарыстоўваюць вайсковую ці эканамічную моц, каб дабіцца кантролю над Грэнландыяй. «Я не магу ўявіць сабе, што мы акажамся ў такой сітуацыі», — сказала прэм’ер.
Кіраўніца ўрада падкрэсліла, што не хоча гандлёвай вайны з ЗША. «Я думаю, што мы павінныя далей камунікаваць адно з адным і рабіць гэта належным чынам», — адзначыла яна.
Паводле яе, тое, што ў ЗША расце цікавасць да Грэнландыі, добра, але гэта мусіць адбывацца з павагай да жыхароў вострава.
Трамп прапанаваў Даніі саступіць Грэнландыю.
«Людзі нават не ведаюць, ці ёсць у Даніі законныя правы на Грэнландыю, але калі яны ёсць, то Данія мусіць адмовіцца ад іх, бо Грэнландыя патрэбная нам для забяспечання нацыянальнай бяспекі, для абароны вольнага свету», — заявіў ён журналістам у сваёй рэзідэнцыі ў Мар-а-Лага.
Са словаў Трампа, вакол вострава рэгулярна курсуюць кітайскія і расійскія караблі, і для таго, каб іх убачыць з берага, «нават бінокль не патрэбны».
Раней абраны прэзідэнт ужо агучваў намеры зрабіць Грэнландыю часткай ЗША. Дональд Трамп-малодшы і прадстаўнікі яго бацькі прыбылі на востраў. Пазней Трамп-старэйшы пацвердзіў паездку ў публікацыі на сваёй платформе Truth Social. Ён дадаў: «Грэнландыя — неверагоднае месца, і яе народ выйграе велізарным чынам, калі яна стане часткай нашай нацыі. Мы будзем абараняць яе і шанаваць яе ў гэтым жорсткім свеце. Зробім Грэнландыю зноў вялікай!»
Ён таксама прыгразіў увесці мыты ў дачыненні да Даніі, калі тая будзе перашкаджаць незалежнасці Грэнландыі ці далучэнню яе да ЗША.