Падтрымаць каманду Люстэрка
Беларусы на вайне
  1. Вы красите яйца на Пасху? Объясняем, откуда взялась эта традиция, где яйца красят ржавыми гвоздями и чем писанка отличается от капанки
  2. В Купаловском уже пять лет мало кто хочет работать. Что придумали в этот раз
  3. Путин объявил «пасхальное перемирие» на фронте
  4. «Не думаю, что что-то страшное». Попытались устроиться в госорганизации с подписью на последних выборах не за Лукашенко — что вышло
  5. В МВД Польши ответили, при каких условиях возможно открытие пунктов пропуска
  6. Аналитики заявили, что Россия использует перемирие, чтобы дискредитировать Украину. Объясняем, почему
  7. Какой будет погода на следующей неделе? «Лето» закончится, придет похолодание
  8. Переписали историю, а потом безвольно проиграли. Хоккейное «Динамо» закончило сезон в КХЛ
  9. Полезнее сахара и не накапливает радиацию? О свойствах меда ходят легенды, хотя на деле этого продукта лучше сторониться — объясняем
  10. Все продолжалось меньше 10 минут. Рассказываем о самом кровавом торнадо в мировой истории
  11. Этот триллер от Hulu переворачивает представление о сериалах про постапокалипсис. Объясняем, стоит ли смотреть (да)
Читать по-русски


У 2020-м Уладзімір Трэйгіс з Ваўкавыска паступіў у Yale NUS College у Сінгапуры. Цяпер ён на трэцім курсе. Наперадзе год навучання і мінімум два — адпрацоўкі. Пра выбар незвычайнага месца для навучання, паступленне і асаблівасці мясцовай адукацыі ён расказаў «Люстэрку».

Фото предоставлено собеседником
Уладзімір Трэйгіс. Фота ад суразмоўцы

Гэтым тэкстам мы пачынаем праект «Я вучуся». У нашай краіне ў 2022-м сур’ёзна змяняецца сістэма адукацыі: у школах становіцца больш ідэалогіі, для абітурыентаў уводзяцца новыя правілы. Для таго каб паказаць беларусам, што можа быць інакш, мы гаворым з вучнямі старэйшых класаў і студэнтамі ўніверсітэтаў, якія вучацца за мяжой.

У Сінгапуры дзень пачынаецца на пяць гадзін раней, чым у Беларусі. Атрымліваецца, Уладзіміру мы тэлефануем у будучыню, але на экране з’яўляецца суровая студэнцкая сучаснасць: хлопец рыхтуецца да заняткаў у бібліятэцы, за спінай на дошцы — недаробленая дамашка па алгебры.

— Заўтра на вучобу мне да 9-й, таму ўстану ў 7 або 8 раніцы, каб да пары ўсё вырашыць, — кажа ён, намякаючы на тое, што далей у планах на сёння ў яго толькі размова пра вучобу і ніякіх задач.

Уладзіміру 21, ён з Ваўкавыска — «горада глазураваных сыркоў і пельменяў». Да 9 класа хлопец вучыўся ў мясцовай польскай школе і збіраўся паступаць у Варшаву. Яго бабулі — выкладчыцы геаграфіі са шматгадовым стажам — такі расклад і магчымая эміграцыя ўнука не вельмі падабаліся. З 7 класа наш суразмоўца ўдзельнічаў у алімпіядах па геаграфіі і пасля 9-га атрымаў ліст-запрашэнне з Мінскага абласнога ліцэя. Яны адкрывалі незвычайны профіль — матэматыка-геаграфія — і клікалі яго да сябе. Хлопец вырашыў паглядзець, «што значыць сталічнае жыццё», — і паехаў. Гэта, кажа, былі два класныя гады, якія прывялі яго да двух сярэбраных медалёў на міжнародных алімпіядах па геаграфіі. Адзін ён заваяваў у Латвіі, другі — у Канадзе. Але гэта яшчэ не ўсё.

— Калі пасля 10 класа летам адпачываў у лагеры, адна з дзяўчат расказала мне пра UWC (United World Colleges. — Заўв. рэд.). Гэта праграма вышэйшай школы — 11−12 клас, якая аб’ядноўвае 18 каледжаў па ўсім свеце. У нашай краіне такіх навучальных установаў няма, але паступаць туды беларусы могуць, — апісвае сітуацыю Уладзімір. — Прыяцелька скінула мне іх сайт. Падавацца можна было пасля 10 ці 11-га класа. У другім выпадку проста паўтараеш год.

Фото предоставлено собеседником
Сінгапур. Фота ад суразмоўцы

Уладзімір разважаў так: калі паступаць у ВНУ Польшчы ці Беларусі, то з першага курса трэба вызначацца з будучай прафесіяй, а ён пакуль не разумеў, чым хацеў бы займацца. Вырашыў выйграць час і адправіць заяўку ў UWC.

— Адбор праходзіў у два этапы — цяпер іх тры. Першы — анлайн. Ён уключаў у сябе эсэ, адказы на некалькі пытанняў, а таксама школьныя адзнакі і дыпломы кандыдата, — пералічвае Уладзімір. — Другі — вочна ў Мінску. Спачатку сумоўе, потым гульня, падчас якой камісія назірае, як ты сябе паводзіш з іншымі, ці ёсць у цябе лідарскія якасці. У той час у Беларусі значную ролю пры адборы граў Коласаўскі ліцэй. Цяпер гэтым займаюцца выпускнікі UWC з нашай краіны. Нас ужо больш за 80 чалавек. Пры гэтым частка з афлайну пераехала ў анлайн. Спачатку праз небяспеку ў сувязі з каранавірусам, цяпер — проста праз небяспеку.

Праз пару гадзін пасля гульні Уладзіміру напісалі: «Вы прайшлі». Прапанавалі стыпендыю і месца ў Арменіі. У горадзе Дыліжан.

— Яшчэ да залічэння чалавек складае спіс, у якой з краін, дзе ёсць UWC, ён бы хацеў вучыцца. На першым месцы ў мяне была Італія, за ёю — Арменія. Чаму мяне накіравалі менавіта туды, не ведаю, але я не пярэчыў. Навучанне каштавала каля 30−35 тысяч даляраў за год. Грант пакрываў амаль усю суму. Самому трэба было даплачваць тысячу даляраў за год, бацькі пагадзіліся дапамагчы. У прынцыпе, гэта значна танней, чым вучыцца ў Беларусі на платным.

У бабулі зноў «прыхапіла сэрца». Яна толькі змірылася з тым, што ўнук збіраўся вучыцца ў Польшчы, і раптам на гарызонце з’явілася Арменія. «А там хоць у памяшканнях топяць?», «А кормяць нармальна?» — перажывала яна.

— Але дастаткова было нагугліць ёй, як выглядае каледж у Дыліжане, каб усе пытанні адпалі. Па выглядзе будынка зразумела, колькі грошай у адукацыю там укладаюць, — тлумачыць Уладзімір і каротка апісвае, як праходзіць навучанне. — Выкладанне ідзе на англійскай. Кожны вучань выбірае шэсць прадметаў, па адным з групы. Груп, адпаведна, таксама шэсць, напрыклад, замежныя мовы, родныя мовы (у маім выпадку гэта была англійская), сацыяльныя навукі. Тры прадметы вучыш на паглыбленым узроўні, тыя, што засталіся, — на сярэднім. Узмоцнена я займаўся геаграфіяй, матэматыкай і візуальным мастацтвам. На сярэднім — іспанскай, экалогіяй і англійскай літаратурай. Два гады ты займаешся толькі імі. Вучышся, даведаешся новае і разам з тым рыхтуешся паступаць ва ўніверсітэт.

Здание UWC в Дилижане, Армения. Фото: ru.wikipedia.org
Будынак UWC у Дыліжане, Арменія. Фота: ru.wikipedia.org

«Такія рэчы даказваюць: свет настолькі маленькі, што змяшчаецца ў цябе ў кішэні»

Многія нечаканыя падзеі ў жыцці прыводзяць да іншых, яшчэ больш неверагодных, сітуацыяй. Так здарылася і ва Уладзіміра з UWC. Звычайна хлопцы з каледжа паступаюць у ВНУ Еўропы ці ЗША, але сябры беларуса, якія былі на год старэйшыя, вырашылі падаць дакументы ў Сінгапур. У Yale NUS College. Ён з’явіўся ў 2011 годзе, калі Ельскі ўніверсітэт і Нацыянальны ўніверсітэт Сінгапура дамовіліся пра супрацоўніцтва.

— Яшчэ калі я паехаў вучыцца ў Арменію, гэта здавалася незвычайным. А тут перспектывы паступіць у Сінгапур. Такія рэчы даказваюць: свет настолькі маленькі, што змяшчаецца ў цябе ў кішэні. А значыць, перад чалавекам адкрытыя ўсе дзверы. Да таго ж я разумеў: у Азіі я буду як абсалютная меншасць, што дапаможа мне захаваць сваю ідэнтычнасць. Прыяцелі, якія вучыліся ў Штатах, вярталіся адтуль амерыканцамі. Адносіны з людзьмі ў іх, напрыклад, рабіліся больш павярхоўнымі. А мне вельмі хацелася застацца сабой.

Залічэнне ў Yale NUS College ідзе па амерыканскай сістэме.

— Навучанне ў ВНУ таксама пабудаванае на аснове амерыканскай сістэмы, і многія выкладчыкі тут з ЗША, — тлумачыць Уладзімір. — Наогул, гэта першы ўніверсітэт Сінгапура з праграмай ліберальных мастацтваў. Гэта не значыць, што тут вучаць мастацтву і існуюць ліберальныя норавы. За гэтым паняццем страіць тое, што, хоць ты і атрымаеш дыплом у адным кірунку, падчас вучобы закранеш адразу некалькі сфер. Напрыклад, будучаму эканамісту нічога не перашкаджае вывучаць літаратуру.

Сам Уладзімір вырашыў спыніцца на тэхнічных навуках. Пасля выпуску ў яго дыпломе будзе напісана «матэматык і праграміст», у той жа час ён зможа працаваць з базамі дадзеных. Але не будзем забягаць наперад.

«Я, як і ўсе знаёмыя мне беларусы, і ў выпадку Сінгапура, і ў выпадку ЗША, трапляў у катэгорыю бедных»

Для пачатку пагаворым пра паступленне.

— Заяўку ў Yale NUS College распрацоўвалі па ўзоры амерыканскай, таму пакідаць яе трэба на Common Application. Сюды ты загружаеш эсэ, выпіскі сваіх ацэнак, рэкамендацыі ад педагогаў, дадзеныя пра заробкі бацькоў і вынікі SAT — гэта як амерыканскае ЦТ.

Гэта ўсё першы этап.

Фото предоставлено собеседником
Від з акна Уладзіміра на кампус. Фота ад суразмоўцы

А цяпер падрабязней. SAT Уладзімір здаваў у 2020-м. Пісаў яго па двух прадметах: англійскай мове і матэматыцы. Да тэстаў рыхтаваўся без рэпетытара. Англійскую ацэньвае як складаную. Пра матэматыку гаворыць так: тым, хто вучыўся ў беларускай школе, можна моцна не напружвацца.

— Цэнтры, дзе здаюць SAT, ёсць па ўсім свеце. У Арменіі іх два. Адзін знаходзіцца побач з United World Colleges у Дыліжане. Матэматыку і англійскую я пісаў у адзін дзень. Тэставанне доўжылася тры ці чатыры гадзіны, але з перапынкам. Рыхтаваўся да яго каля месяца. Усе патрэбныя матэрыялы ёсць у інтэрнэце. Нешта разбіраў сам, у чымсьці кансультаваўся з педагогамі каледжа. У выніку набраў 1420 з 1600. Гэта не вышка, але мне хапіла. Тыя, каго вынік не задавальняе, могуць перапісваць SAT некалькі разоў.

З сачыненнем таксама моцна не замарочваўся.

— Эсэ ў амерыканскія ўніверсітэты мусіць налічваць 650 словаў. У цябе ёсць 13−14 тэмаў на выбар. Усе яны такія агульныя, што людзі пішуць пра ўсё на свеце. Я расказваў пра давер да людзей і адно са сваіх падарожжаў: апісаў, як некалькі тыдняў дабіраўся аўтастопам з дома ў Ваўкавыску да каледжа ў Арменіі. Паказаў яго тром сябрам, якія раней для паступлення пісалі такія ж эсэ. Яны паправілі граматычныя памылкі, і я ўсё адправіў.

Яшчэ важны момант — фінансавае становішча кандыдата. Гэты пункт асабліва важны для тых, каму патрэбная стыпендыя.

— Для яго неабходна было напісаць, што ёсць у цябе з маёмасці і з кім жывеш, каб паведаміць пра іх даходы. У маім выпадку гэта былі даведкі з заробкам бацькоў за год. Я, як і ўсе знаёмыя мне беларусы, і ў выпадку Сінгапура, і ў выпадку ЗША, трапляў у катэгорыю бедных. То-бок тых, каму патрэбная фінансавая падтрымка. Вядома, у тых, у каго ёсць чым плаціць за навучанне, шанцаў паступіць больш.

Нягледзячы на тое, што грошай ва Уладзіміра не было, заяўкі ён без сарамлівасці падаў у дзевяць універсітэтаў: сінгапурскі і восем амерыканскіх. Так сказаць, для падстрахоўкі.

— Дакументы рэкамендуюць адпраўляць у дзевяць ВНУ. Тры з іх — гэта тыя, дзе ты марыш вучыцца, але верагодна не пройдзеш. Яшчэ тры — куды хутчэй за ўсё атрымаецца прайсці, і апошняя «тройка» — універсітэты, для якіх ты занадта добры, але хай будуць на ўсялякі выпадак, — расказвае Уладзімір. — Я так і зрабіў. У выніку адразу некалькі навучальных установаў паклікалі мяне на наступны этап. Гэта было сумоўе.

Фото предоставлено собеседником
У сталовай. Фота ад суразмоўцы

Адзін з іх — сінгапурскі. Цікава, што гутарку з Уладзімірам праводзіла студэнтка. У Yale NUS College, кажа беларус, некаторыя з мясцовых хлопцаў і дзяўчат афіцыйна працуюць на прыёмную камісію. Ведаюць усе пратаколы і нароўні з выкладчыкамі могуць праводзіць сумоўе. Да размовы Уладзімір спецыяльна не рыхтаваўся. Вырашыў быць сабой і надзеў шчаслівыя шкарпэткі.

— Дзяўчына пытала пра тое, што я хачу бачыць у іх універсітэце, чаму абраў менавіта яго. Былі і правакацыйныя тэмы. Напрыклад, вы даведаліся, што ў ВНУ адзін чалавек ужывае гвалт да іншага, што будзеце рабіць? — апісвае тую гутарку малады чалавек. — Усё прайшло добра.

У выніку на электронную пошту прыйшоў станоўчы адказ. Наогул, «вы нам падыходзіце» Уладзіміру сказалі яшчэ і ў чатырох амерыканскіх ВНУ. Месяц хлопец думаў, што выбраць, у выніку спыніўся на азіяцкім варыянце. Ён, не хавае суразмоўца, быў круцейшы за ўсе.

— Кошт навучання — каля 55 тысяч даляраў за год. Гэта ўключае пражыванне і харчаванне. Грант пакрываў увесь кошт, але ў Yale NUS College ёсць правіла: студэнт павінен несці адказнасць за тое, што яму даецца, а значыць, рабіць хоць бы невялікі ўнёсак. У мяне гэта 1300 даляраў за год. Ад 55 тысяч, лічы, бясплатна, — кажа Уладзімір. — У мяне ёсць некалькі падзаробкаў ва ўніверсітэце, таму патрэбную суму магу сабраць за месяц-паўтара.

«Працэнтаў 50−55 маіх аднагрупнікаў — з Сінгапура, астатнія — з іншых краін»

Заняткі ў Yale NUS College ва Уладзіміра стартавалі ў 2020-м. Пары пачаліся ў жніўні. Цяпер хлопец ужо на трэцім курсе.

Фото предоставлено собеседником
Уладзімір і яго суседзі. Фота ад суразмоўцы

— Адукацыя тут будуецца так: у семестры ты вучыш чатыры прадметы (асабліва адважныя бяруць пяць). На кожны адводзіцца 12,5 гадзіны на тыдзень. 60 працэнтаў часу — гэта самастойная праца, 40 — заняткі, — расказвае Уладзімір. — Нешта з курсаў абавязкова па праграме, нешта выбіраеш сам. У мінулым семестры я, напрыклад, вывучаў паводзіны жывёлаў. Гэта пары па эвалюцыі і псіхалогіі. Узяў іх, таму што мне вельмі спадабаўся выкладчык.

З прафесарамі, працягвае суразмоўца, у навучэнцаў складваюцца досыць цесныя ўзаемаадносіны. Уся справа ў тым, што на парах займаюцца невялікімі групамі па 8−25 чалавек. На лекцыях людзей значна больш — да 200 студэнтаў.

— Працэнтаў 50−55 маіх аднагрупнікаў — з Сінгапура, астатнія — з іншых краін. Мясцовыя хлопцы пасля школы павінныя абавязкова адслужыць у войску два гады, таму на патоку яны старэйшыя за ўсіх. Неяк я тут сустрэў дзяўчыну з Гродна. Яна ўжо выпусцілася і цяпер працуе ў Сігнапуры аналітыкам дадзеных. У адрозненне ад мяне, яна паступіла сюды з другой спробы, але са звычайнай беларускай школы.

Фото предоставлено собеседником
Агульны пакой у блоку, дзе жыве Уладзімір. Фота ад суразмоўцы

Жыве Уладзімір у інтэрнаце побач з універсітэтам. Тут блокавая сістэма. У яго блоку чатыры чалавекі — сінгапурац, француз і ўкраінец. У кожнага свой пакой. Душ, прыбіральня і зала — агульныя на ўсіх.

— Проста пад намі ў будынку знаходзіцца сталоўка. Там шведскі стол са страваў розных краін свету. Кожны дзень студэнты прыходзяць сюды бясплатна на сняданак, абед і вячэру, — апісвае ўніверсітэцкі побыт Уладзімір. — Сам я гатаваў толькі калі заставаўся тут на вакацыях.

Вольнага часу ў студэнта няшмат. Частка сыходзіць на заняткі ў клубах па інтарэсах — іх у ВНУ больш за сто. Рэшту займаюць падпрацоўкі. Іх у беларуса чатыры — дзве звязаныя з праграмаваннем, а яшчэ ён кухар і натуршчык.

Фото предоставлено собеседником
Работы студэнтаў, для якіх пазіраваў Уладзімір. Фота ад суразмоўцы

— Натуршчыкам я працую ў студэнцкім клубе, дзе хлопцы і дзяўчаты збіраюцца памаляваць. Усё пачалося з майго суседа — хлопца з ЗША. Ён жыў насупраць і год быў у іх мадэллю. Цяпер ён узяў акадэмічны і падарожнічае па свеце. Я пайшоў замест яго. Праца звычайна доўжыцца дзве гадзіны. За гадзіну плацяць 18 еўра. Калі шчыра, мне заўсёды хацелася быць побач з творчымі людзьмі. Часам я і сам прыходжу туды памаляваць, — расказвае Уладзімір. — Наогул, калі прыехаў у Сінгапур, у мяне было ўсяго 200 даляраў, таму давялося хутка шукаць падпрацоўку. Што я мог рабіць? Вучыць дзяцей геаграфіі: размясціў на некалькіх сайтах аб’явы, у якіх вельмі сябе расхваліў. Адзін з татаў са мной звязаўся. На тым этапе мне гэта вельмі дапамагло.

Цяпер з фінансамі прасцей. На білет дадому хлопец таксама зарабляе сам. Калі купляць загадзя, палёт туды-назад абыдзецца прыкладна ў 1000 даляраў.

— За час навучання ў Сінгапуры з сям’ёй я сустракаўся два разы: мінулай зімой і гэтым летам. У Ваўкавыску тата быў незалежным назіральнікам, пасля выбараў яго некалькі разоў затрымлівалі, таму ў 2021-м родныя пераехалі ў Беласток. Лётаю да іх у Польшчу.

Фото предоставлено собеседником
Уладзімір на пары па матэматыцы. Фота ад суразмоўцы

Планы пасля заканчэння ВНУ ў беларуса такія:

— Дыплом, які я атрымаю, міжнародны. З ім я магу ўладкавацца ў розных краінах, але спачатку мінімум два гады павінен адпрацаваць у Сінгапуры. Рэч у тым, што частку маёй стыпендыі пакрывае дзяржава. Яна зацікаўленая ў таленавітых людзях, таму вяртаць гэтую суму мне давядзецца не грашыма, а навыкамі. Працу шукаеш сам. Калі не атрымаецца, з кантактамі дапаможа ўніверсітэт. Я пакуль не вызначыўся, чым займуся. Мяне вабіць акадэмічны кірунак. Магчыма, я застануся ва ўніверсітэце і буду даследчыкам, а можа, пайду ў вялікую кампанію.

А потым, хутчэй за ўсё, беларус, «як чалавек, які не любіць сядзець на адным месцы», паедзе «куды-небудзь яшчэ».

— У мяне ёсць мара вярнуцца ў Беларусь і зрабіць нешта важнае для краіны, — кажа малады чалавек. — Атрымаецца ці не, пакуль не ведаю.