Ні ў адной школе Беларусі няма праблем з харчаваннем настаўнікаў. Пра гэта далажыў міністр адукацыі Андрэй Іванец 15 лютага прэм’ер-міністру Раману Галоўчанку. Прэс-служба ўрада апублікавала відэа іх размовы на гэтую тэму.
Раман Галоўчанка пацікавіўся ў Іванца, ці вырашанае пытанне з харчаваннем педагогаў.
— Гэтае пытанне ўрэгуляванае, — запэўніў міністр адукацыі.
— Якім чынам? — удакладніў Галоўчанка.
— Сумесным лістом Міністэрства адукацыі і Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю. З тым, каб да прыняцця і ўступлення ў сілу законаў можна было карыстацца гэтым дакументам (мяркуючы па ўсім, гаворка ідзе пра ўнясенне дапаўненняў у Кодэкс аб адукацыі Рэспублікі Беларусь, якія дазволяць у далейшым аднаразовае харчаванне работнікаў установаў адукацыі ў сталоўках школ і дзіцячых садкоў па натуральных нормах, акрэсленых для харчавання навучэнцаў. — Заўв. рэд.).
— То-бок пытанне з арганізацыяй харчавання педагагічных работнікаў ва ўстановах адукацыі вырашанае? Няхай і часова — я маю на ўвазе часова нарматыўна ўрэгуляванае, — але фізічна гэтай праблемы не існуе.
— У цяперашні час праблемы з харчаваннем настаўнікаў няма ні ў адной школе нашай краіны, — запэўніў Іванец.
Далей міністр адукацыі расказаў, як арганізаванае харчаванне ў Мінску.
— Там, дзе арганізоўвае харчаванне Камбінат школьнага харчавання (КШП), гэтай праблемы і не было.
— Гэта толькі горад Мінск?
— Не, гэта буйныя абласныя цэнтры. Прыкладна адна траціна школ харчуецца праз камбінаты школьнага харчавання. Дзве траціны школ краіны арганізуюць [харчаванне] самастойна. У тым ліку і ў гэтых школах пытанне цяпер вырашанае. Прычым варыятыўна. Безумоўна, гэта арганізацыя пакояў прыёму ежы, ну і магчымасць гарачага харчавання ў школьных сталоўках.
Удзельнікі сустрэчы чарговым разам падкрэслілі, што ў Мінску праблем з харчаваннем настаўнікаў «не было ніколі». Адзначым, што сталічныя настаўнікі на гэтае пытанне ўвагі СМІ і не звярталі. Скардзіліся пераважна педагогі ў рэгіёнах, дзе харчаванне арганізаванае ў тым ліку і ў згаданых Іванцом «пакоях прыёму ежы». Так, напрыклад, адна з настаўніц расказала ў пачатку лютага выданню «Точка», што ў іх школе выкладчыкі вымушаныя есці ў настаўніцкай або зачыняць для гэтага навучальныя класы. Больш за тое, калегі жанчыны расказалі, што абедаць даводзіцца нават у гардэробе.
Аднак Іванец запэўніў, што і ў рэгіёнах праблема з харчаваннем педагогаў ужо вырашаная.
— Чаму я задаю пытанне. Паднялі бучу, што вось усё прапала, няшчасных настаўнікаў пазбаўляюць харчавання. Таму, вядома, з гэтым разбіраліся. Я не выключаю, што дзесьці ў нейкай установе асобнай нехта мог нешта не дадумаць, але з гэтага паспрабавалі раздзьмуць канфліктную сітуацыю па ўсёй краіне, — сказаў Галоўчанка.
— Такой праблемы няма. Калі будуць паступаць сігналы, мы будзем рэагаваць імгненна, — запэўніў Галоўчанку Іванец.
Што вядома пра сітуацыю з харчаваннем настаўнікаў у школьных сталоўках
Нагадаем, раней педагогі некалькіх навучальных установаў паведамілі, што ім не дазваляюць купляць у сталоўках абеды, якія гатуюць для школьнікаў, па «цэнах для дзяцей».
Спачатку пра праблему расказала педагог з Баранавічаў. Тады Мінадукацыі патлумачыла, што настаўнікі могуць атрымаць гарачае харчаванне ў школьных буфетах за грошы, але абмовілася, што ва ўсіх установах адукацыі мусяць быць «абсталяваныя спецыяльныя месцы для прыёму ежы работнікамі ўстановаў».
Потым на сітуацыю пачалі скардзіцца і іншыя педагогі. Так, адна настаўніца расказала, што ў яе школе буфета наогул няма, як і абяцанага абсталяванага месца для прыёму ежы. Настаўнікі могуць перакусіць хіба што ўрыўкамі на перапынку, ды і тое вымушаныя шукаць для гэтага свабодны кут.
У адказ у Міністэрстве адукацыі толькі паўтарылі сваю заяву пра тое, што настаўнікі могуць купляць ежу ў буфетах, а ў школах створаныя ўмовы для харчавання работнікаў, у тым ліку для разагрэву і захоўвання ежы.
— У мэтах выканання даручэнняў Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь Міністэрствам адукацыі арганізаваная работа па ўнясенні дапаўненняў у Кодэкс аб адукацыі Рэспублікі Беларусь, якія дазволяць у будучыні аднаразовае харчаванне работнікаў установаў адукацыі ў сталоўках школ і дзіцячых садкоў па натуральных нормах, устаноўленых для харчавання навучэнцаў, — апавясцілі ў Мінадукацыі.
У пачатку лютага Андрэй Іванец прызнаў праблему, адзначыўшы, што гэтае пытанне «практычна вырашанае»: у Кодэксе аб адукацыі з’явіцца норма пра тое, што купляць у школьных сталоўках абеды настаўнікам дазваляецца, але з даплатай.