Міністр абароны Расеі Сяргей Шайгу 10 красавіка сустракаецца з Аляксандрам Лукашэнкам. Пра гэта паведаміла прэс-служба палітыка.
Галоўнымі тэмамі размовы сталі забяспечанне бяспекі і гарантыі для Беларусі ад Расіі «ў выпадку агрэсіі супраць Беларусі», а таксама баявая падрыхтоўка і зладжванне сумеснай групоўкі.
— Натуральна, вы ведаеце, што заходнія дзяржавы растапталі ўсе гэтыя дамовы, пагадненні і заявы і ніякай бяспекі няма. Мелася на ўвазе эканамічная бяспека ў тым ліку. Ну якая эканамічная бяспека, калі яны ўводзяць супраць нас, Расіі санкцыі?! Таму я гэтае пытанне падняў у перамовах з прэзідэнтам Расіі. Ён абсалютна мяне падтрымаў па ўсіх напрамках. І, кажа, нам трэба прарэвізаваць усе нашыя дамовы і пагадненні — Беларусі і Расіі, — паглядзець, які нарматыўны прававы акт міждзяржаўнага характару трэба прыняць цяпер, каб гарантаваць поўную бяспеку Беларусі. <…> Увогуле гэта гучала на перамовах так, што ў выпадку агрэсіі супраць Беларусі Расійская Федэрацыя абараняе Беларусь як уласную тэрыторыю. Вось такія нам патрэбныя [гарантыі] бяспекі, — заявіў Лукашэнка.
Шайгу падзякаваў Лукашэнку за ўмовы падрыхтоўкі расійскіх вайскоўцаў у Беларусі.
— Асобныя словы падзякі хацеў бы выказаць вашаму Міністэрству абароны, вам асабіста. Прадстаўленыя пяць палігонаў на тэрыторыі Беларусі. Яны абсталяваныя, аснашчаныя. Больш за тое, прыцягваецца дастатковая колькасць інструктараў — афіцэраў беларускіх Узброеных сіл для падрыхтоўкі ў тым ліку і нашага папаўнення. Сапраўды, тут досыць вялікая групоўка. І мы, вядома, сёння разгледзім усе пытанні яе далейшага і знаходжання, і падрыхтоўкі, і, напэўна, пашырэння рамак, якія вы абмяркоўвалі разам з Уладзімірам Уладзіміравічам, — адзначыў расійскі міністр.
Раней у Беларусь прылятаў дырэктар Службы знешняй разведкі Расіі Сяргей Нарышкін. На той сустрэчы прысутнічаў кіраўнік КДБ Беларусі Іван Церцель. Лукашэнка паскардзіўся, што спецслужбы часам не могуць за ўсім угнацца з улікам імклівага развіцця розных тэхнічных сродкаў, і падзякаваў расійскаму боку за дапамогу ў перааснашчэнні беларускага. У прыватнасці, ён адзначыў, што паміж Мінскам і Масквой узрасла інтэнсіўнасць абмену разведданымі, а якасць інфармацыі «палепшылася».