Сёлета ўступная кампанія праходзіць па новых правілах. Для паступлення абітурыентам цяпер спатрэбіцца не толькі атэстат, сертыфікаты ЦЭ і ЦТ, але і характарыстыка. У ёй, як выявілася, прапісалі не толькі якасці і ўменні чалавека, але і яго стаўленне да палітыкі дзяржавы. Прыводзім вытрымкі з такіх дакументаў.
З 12 выпускнікоў, якіх мы апыталі для падрыхтоўкі матэрыялу, адзін адказаў, што характарыстыкі ім пакуль не выдавалі. Паводле суразмоўцы, у яго школе сказалі, што дакумент падрыхтуюць на запыт.
Другая выпускніца з Віцебскай вобласці адзначыла:
— У нас, наколькі я ведаю, пра стаўленне да палітыкі пісалі не ўсім. Затое ва ўсіх адзначылі сфармаваны на высокім узроўні навык здаровага ладу жыцця.
У характарыстыках астатніх суразмоўцаў стаўленне выпускніка да палітыкі пазначылі. Усюды яно, лічы, аднолькавае. Вось некалькі прыкладаў фармулёвак (фота дакументаў ёсць у рэдакцыі):
— «З павагай ставіцца да дзяржаўных сімвалаў Рэспублікі Беларусь, да дзяржаўных і грамадскіх інстытутаў, канстытуцыйнага ладу Рэспублікі Беларусь», — гаворыцца ў графе «маральныя якасці» выпускніка з Гомельскай вобласці;
— «Мае такія якасці, як шчырасць, прыстойнасць, добразычлівасць. Выказвае тактоўнасць і талерантнасць да іншых <…>. Паважліва ставіцца да дзяржаўных і грамадскіх інстытутаў, канстытуцыйнага ладу, займае актыўную грамадзянскую пазіцыю», — вынікае з характарыстыкі выпускніцы адной са школ Мінска;
— «Адказная, добразычлівая, спагадлівая, прыстойная, негатыўнага і адмоўнага стаўлення да дзяржаўных інстытутаў і канстытуцыйнага ладу не праяўляе», — гаворыцца ў пункце «маральныя якасці» пра адну з выпускніц з Мінска.
— Ці паўплывае характарыстыка на паступленне, я не ведаю. Магчыма, яе ўлічаць пры роўнай колькасці балаў, — адзначыла мама адной з мінскіх абітурыентак.
Нагадаем, у кастрычніку з’явілася інфармацыя, што за характарыстыку школьнікам будуць выстаўляць балы. Максімум 50. Аднак пазней стала вядома, што дакумент ацэньваць не збіраюцца. Паводле словаў міністра адукацыі Андрэя Іванца, характарыстыка патрэбная, каб ва ўніверсітэтах бачылі, ці займаўся ў школе абітурыент творчасцю, спортам, ці ўдзельнічаў у працы грамадскіх арганізацый і аб’яднанняў.
— У любым выпадку кожны першакурснік, які прыходзіць ва ўніверсітэт, так ці інакш праходзіць адпаведную дыягностыку, тэставанне. А ў гэтым выпадку мы зробім так, каб ужо да 1 верасня ВНУ ведала і бачыла свайго студэнта-першакурсніка, — сказаў міністр.
Чытайце таксама