Сёння дзень нараджэння ў галоўнай рэдактаркі партала TUT.BY Марыны Золатавай, ёй спаўняецца 46 гадоў. Ужо трэці раз яна сустракае гэтае свята за кратамі. Галоўрэда найбуйнейшага партала Беларусі затрымалі 18 траўня 2021 года, а ў сакавіку 2023-га суддзя Валянціна Зянкевіч асудзіла нашую калегу на 12 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму, разам з ёй на такі ж тэрмін — і дырэктарку ТАА «ТУТ БАЙ МЕДЫЯ» Людмілу Чэкіну. Для супрацоўнікаў «Люстэрка», многія з якіх працавалі з Марынай на TUT.BY, гэта велізарны боль. Мы перакананыя, што жахлівыя прысуды нашым калегам — гэта помста ўладаў за іх сумленную працу і грамадзянскую пазіцыю. Што адбываецца з Золатавай цяпер, мы даведваемся з вестак, якія ёй зрэдку ўдаецца перадаць на волю, і скупой інфармацыі ад праваабаронцаў. Мы адшукалі былых аднамерніц Марыны і папрасілі іх расказаць, як яна трымаецца ў турме.
«Марына была гатовая да турмы»
Іна Крутая, былая палітычная зняволеная:
— Мы спалі побач, [у камеры СІЗА] у нас былі дзве верхнія шконкі, мая — ля акна, у Марыны — побач з маёй. І мы дамовіліся, што калі я раней выйду, то яна зойме маю шконку, але яна не паспела, бо яе перавялі ў іншую камеру. У адміністрацыі СІЗА было сакрэтнае распараджэнне, каб Марыне кожны месяц змянялі камеру. Яна думала, што, можа, хаця б летам такога не будзе, але праз месяц яе проста за гадзіну перасялілі.
Дар’я (імя змененае на просьбу суразмоўніцы), былая палітычная зняволеная:
— Мне здаецца, што Марына была гатовая да таго, што апынецца ў турме. Яна расказвала, што літаральна за два тыдні да затрымання ездзіла разам з мужам выбіраць нейкія прадметы адзення. І сказала яму, якія легінсы, якая кофта і якія красоўкі ёй будуць патрэбныя ў выпадку арышту. То-бок яна рыхтавалася. Нейкія неабходныя рэчы ў яе ўжо былі з сабой.
Вольга Рытус, былая палітычная зняволеная:
— Калі мяне перавялі ў камеру да Марыны, мне трэба было памыць свае рэчы. Рабіць гэта ў турме вельмі складана, бо там нічога не сохне праз вільготнасць. Марына сказала, што яна сядзіць ужо год і за гэты час навучылася выдатна выціскаць рэчы, каб тыя хутчэй сушыліся. Яна навучыла мяне, як гэта рабіць, — усё сохла літаральна за ноч.
«Яна гонар мільёнаў беларусаў! Мільёнаў!»
Іна Крутая:
— Побач з ёй усё трымалі субардынацыю проста таму, што гэта — Марына. Мы ўсе баяліся і стараліся выглядаць лепш, чым мы ёсць насамрэч. Калі яна камусьці аказвала знакі ўвагі, падтрымку нейкую, то гэта было вельмі цёпла. У нас сядзелі ў асноўным палітычныя, але і непалітычныя таксама. І Марына да ўсіх аднолькава ставілася, яна не вылучала кагосьці асабліва.
Адзін час разам з намі сядзела вельмі істэрычная крымінальніца, і яна ўсімі сіламі спрабавала разгайдаць камеру, бо для яе гэта, па-першае, звыкла, а па-другое, яна такім чынам хацела нейкі свой статус заваяваць. І яна не асацыявала Марыну з маштабам яе асобы, казала ёй непрыемныя рэчы.
Мы адзін раз выйшлі на шпацыр без Марыны (у той момант яна была ў адваката), і я сказала гэтай крымінальніцы: «Ты навошта на Марыну гоніш? Яна гонар мільёнаў беларусаў! Мільёнаў! А цябе ніхто слухаць не будзе, тое, што ты кажаш, — гэта абсурд!» І яна так здзівілася. Па-першае, яна не ведала, хто такая Марына, бо ёй раней ніхто пра гэта не казаў. А па-другое, Марына ніколі не дэманстравала свой статус. «Аж мільёнаў?» — спытала тая. Пасля гэтага яна крыху супакоілася. Але, з іншага боку, яна і кляўзу на Марыну напісала, пасля чаго Золатаву перавялі ў іншую камеру.
Дар’я:
— Марына, акрамя яе розуму, — проста добры чалавек, які мяне падтрымліваў. Калі мы трапілі ў адну камеру, я сядзела ўжо год. І яна ўспомніла, што пісала пра маю справу. Мне было вельмі прыемна. Марына расказала апошнія навіны, заўсёды дзялілася нейкімі кнігамі, якія можна пачытаць. Мы ў яе заўсёды пыталі парады, бо за год у турме перачыталі амаль усё, што маглі. Яна заўсёды дзялілася рознымі спосабамі баўлення часу.
«Жыццё мяне да гэтага не рыхтавала!»
Іна Крутая:
— Аднойчы да нас у камеру прывялі дзяўчынку, у якой былі вошы. Мы выклікалі доктара, расказалі, што ў нас такая сітуацыя, але ніякіх прэпаратаў ён нам не даў. Сказаў толькі, што Золатава чарговым разам пантуецца. У Марыны быў набор спасылак на артыкулы законаў пра тое, як нас павінныя ўтрымліваць, яна спецыяльна папрасіла адваката скласці для яе гэты спіс. Заўсёды казала: «Дзяўчаты, трэба ведаць свае правы. Пачытайце, калі вам цікава». А мы ўсе ёй казалі: «Ай, Марына, гэта нічога не зменіць». Але яна паўтарала, што свае правы трэба хаця б ведаць, каб пры неабходнасці прагаварыць іх лішні раз. У выніку ад вошай тую дзяўчынку Марына выратавала сваімі медыцынскімі прэпаратамі, і яшчэ яна завяла традыцыю — усім новапрыбылым асабіста правярала валасы на прадмет паразітаў.
Вольга Рытус:
— У Марыны была каронная фраза. Калі ў камеры з’яўляліся вошы ці прыходзіла новая суседка з «блыхамі», то казала: «О божа, жыццё мяне да гэтага не рыхтавала!» Але яна хутка набывала новыя веды пра тое, як, напрыклад, змагацца з вошамі. Пісала пра гэта Васілю, свайму мужу, і ён ёй дасылаў раздрукоўку, дзе было напісана, як іх перамагчы.
Дар’я:
— Марына — вялікая аптымістка, яна ўсіх падтрымлівала да апошняга. Яна думала, што мяне адпусцяць, казала, што ўсё будзе добра, нават у той дзень, калі мне перад вынясеннем прысуду сказалі пакінуць рэчы ў камеры. Марына ўсё роўна думала, што я не вярнуся і выйду на волю.
«Дзяўчаты, не рабіце з турмы турму»
Іна Крутая:
— Два разы на дзень адміністрацыя СІЗА ладзіла праверкі ў нашай камеры. На маленькім пятачку бетону трэба было выканаць правілы ўборкі. Гэта нерэальна, бо людзей шмат, а месца мала. І калі мы пачыналі фанатычна прыводзіць у парадак ложкі, Марына казала: «Дзяўчаты, не рабіце з турмы турму. Не рабіце больш жорсткімі для сябе і без таго жорсткія правілы». І гэта вельмі расслабляла і быццам адцягвала ад навакольнага становішча. Мы і праўда загналіся на гэтых правілах.
Марыне часцей, чым іншым, прыносілі перадачы, у якіх была свежая зеляніна. Гэта прадукт, які хутка псуецца, таму мы рабілі агульную салату, на ўсіх. Гатавала яе звычайна Марына, і хто-небудзь ёй дапамагаў, бо яе трэба было зрабіць хутка, пакуль лыжкі не забралі. Менавіта дзякуючы ёй з’явілася гэтая традыцыя — рабіць салату для ўсіх, нават для «маргінальных» дзяўчат. Яна заўсёды ўсім накладвала яе. Не прапаноўвала, а адразу давала, каб ні ў кога не ўзнікала пачуцця няёмкасці. Тое самае было і з іншымі прадуктамі. Яна кожнай давала нешта на асобнай сурвэтцы, каб ніводная з нас сарамліва не прасіла пра гэта сама.
«Ганарылася дачкой, перажывала за сына»
Дар’я:
— Муж Марыны амаль кожны дзень перадаваў ёй багеты. Калі перадаў іх упершыню, яна сказала, што мы павінныя іх абавязкова пакаштаваць. Нам вельмі спадабалася — багеты былі такія смачныя! Яна расказала мужу, колькі нас у камеры і што нам вельмі спадабалася. І потым ён увесь час перадаваў і для нас — не толькі багеты, але і вельмі смачныя круасаны.
Вольга Рытус:
— У Марыны вельмі добрыя адносіны з мужам. Ён перадаваў ёй круасаны — смачныя, у крафтавай паперы. Марына іх раскладвала на двух’ярусных шконках, і мы дзялілі гэтыя круасаны на ўсіх. Гэта было глытком свабоды.
Дар’я:
— Марына вельмі шмат расказвала пра свайго мужа. Як яны пазнаёміліся, як жылі разам. Я яму вельмі сімпатызавала, у мяне склалася ўражанне, што ён вельмі добры чалавек і што яны з Марынай добра дапаўняюць адно аднаго. Яшчэ яна хвалявалася за сына, бо ў яго пераходны ўзрост і яму цяжка.
Быў вельмі смешны момант. У Марыны кароткая стрыжка — але за час, пакуль мы былі ў СІЗА, у яе вельмі моцна адраслі валасы, і яна хацела неяк падстрыгчыся. Але ёй не давалі машынку для стрыжкі. Не памятаю чаму — ці то не было чалавека, які выдаваў, ці то проста гэтая машынка была занятая. У нейкі момант Марына не вытрымала, узяла і проста пастрыглася амаль «пад нуль». Даўжыні засталося, напэўна, на два міліметры. Яна напісала пра гэта ў лісце свайму мужу, і ён яе намаляваў. Сама яна намалявала аўтапартрэт. І гэтая два малюнкі — Марыны і яе мужа — былі амаль ідэнтычныя.
Памятаю вельмі яркі момант, калі мы рыхтаваліся да выпускнога дачкі Марыны. У яе была куча розных фатаграфій, яна паказвала, якую прычоску для выпускнога зрабіла яе дачка, які верш яна напісала. А праз нейкі час мы даведаліся, што яе дачка на знак падтрымкі таксама вельмі каротка пастрыгла валасы. Для Марыны гэта было вельмі важна. Яна, вядома, была ў шоку, але вельмі ганарылася дачкой. І мы таксама ганарыліся.
«Заказваць літаратуру мы давяралі менавіта Марыне»
Іна Крутая:
— Марына ўвесь час разгадвала крыжаванкі. І яны, вядома, былі не яе ўзроўню. Яна перыядычна скардзілася: «Я дакацілася да таго, што вымушаная забіваць час бясконцымі крыжаванкамі!» Але ёй гэта было патрэбнае — каб хоць трошачкі заняць мозг дзейнасцю. Бо ў турме рэальна тупееш, для мозгу там вельмі мала заняткаў.
Яшчэ яна чытала кніжкі на англійскай мове, заказвала ў бібліятэцы цэлы спіс. З намі яшчэ сядзела дзяўчына, філолаг па адукацыі. І яны разам рэкамендавалі нам нейкія класныя кнігі, мы іх чыталі, і гэта было вельмі цікава. Рэкамендацыі Марыны заўсёды траплялі ў кропку.
Вольга Рытус:
— Заказваць літаратуру ў нашую камеру мы давяралі менавіта Марыне. Таму кнігі ў нас былі вельмі добрыя. Яшчэ Марына была нашай рэдактаркай. Дзяўчаты пісалі камусьці ліст, і Марына ім пастаянна падказвала, як правільна расстаўляць націскі ў словах. Так яны даведаліся, што правільна казаць не «про́стыня», а «простыня́».
У камеры было складана чытаць. Там пастаянна працаваў тэлевізар, у якім некаторыя суседкі глядзелі дурныя серыялы, і ў такой абстаноўцы не да чытання. Таму ўвечары, калі выключалі святло, Марына працягвала ў цішыні чытаць кнігі пры цьмяным святле дзяжурнай лямпачкі.
Дар’я:
— Увесь час з моманту, як яна да нас паступіла, і да моманту, калі я ўжо з’ехала, Марына займалася спортам. Яна лічыла, што гэта яе абавязак — захаваць сябе. Таму кожны дзень, нягледзячы на ляноту ці стомленасць, яна займалася спортам. Нават калі мы не ішлі на шпацыр, Марына брала паўтаралітровыя бутэлькі з-пад мінералкі, напаўняла іх вадой і займалася з імі як з гантэлямі.
Вольга Рытус:
— Марына на месцы бегала крос — пяць кіламетраў. Яна ўяўляла, што бяжыць разам са сваёй дачкой, якая раней спорт не любіла, але з лістоў высветлілася, што тая таксама пачала займацца «фізухай». Гэта было досыць складана — у турэмным дворыку бегаць на месцы. Але яна засякала час, выводзіла нейкую формулу і разлічвала, колькі трэба прабегчы. Для яе гэта было важна.
«Марыну пасадзіў нехта іншы, а сорамна мне»
Дар’я:
— Неяк я навучыла Марыну гуляць у «Ногі». Ёсць такая цікавая гульня, яе сутнасць складана апісаць, трэба паказваць. У турме ж няма фотаапаратаў, але для таго, каб запомніць гэты момант, Марына дастала з кішэні нябачны тэлефон — проста склала пальцы ў форме апарата — і «пстрыкнула» нас на памяць. Гэта быў вельмі цёплы момант.
Іна Крутая:
— Аднойчы мы вярнуліся з прагулкі, у камеру зайшоў ахоўнік і сказаў: «Золатава, з рэчамі на выхад». Гэта значыла, што ў яе зноў пераезд. Вядома, яна расстроілася, мы ўсе расстроіліся. Мы не ведалі, што рабіць. Гэта быў такі шок! Адна дзяўчынка наогул пачала рыдаць. Я пачала думаць, што можна хутка падарыць Марыне, каб хаця б засталася памяць. Стараліся нікога лішні раз не правакаваць на выказванне пачуццяў, бо гэта магло выклікаць ланцуговую рэакцыю, роспач. І мы вельмі скамечана развіталіся.
Было адчуванне, што ў нас забралі нешта светлае. З таго часу я жыла з чаканнем таго, што калі мяне адправяць на Антошкіна (жаночая папраўчая калонія № 4 у Гомелі на вуліцы Антошкіна. — Заўв. рэд.), то я буду дзесьці побач з Марынай. Я разумела, што ў адной камеры мы больш не сустрэнемся, але мне хацелася быць з ёй хаця б у адной калоніі.
Летась, калі я ўжо выйшла з турмы, мы з Воляй Рытус якраз у лістападзе апынуліся ў Беластоку. Там ёсць вадасховішча Дайліды, дзе мы, прадстаўнікі беларускай дыяспары, займаемся маржаваннем. Вырашылі запісаць для Марыны віншаванне з днём нараджэння. Запісалі і проста скінулі ёй асабістым паведамленнем у Facebook, хоць разумелі, што яна яго няхутка прагледзіць. На гэтым відэа я не ўтрымалася, мне было вельмі сумна за Марыну, і я пусціла слязу. Мы выйшлі, а яна — не. Я ўвесь час адчуваю нейкі іспанскі сорам. Марыну пасадзіў нехта іншы, а сорамна мне. Мне ўвесь час перад ёй сорамна, нібыта я таксама адказная за яе тэрмін.
Напісаць Марыне ліст, каб падтрымаць яе, можна па адрасе: Золатавай Марыне Васільеўне, ПК № 4, вул. Антошкіна, 3, г. Гомель, 246 035.