Палітзняволены блогер Павел Вінаградаў, які адбывае пяцігадовы тэрмін у калоніі, прабыў шэсць месяцаў у штрафным ізалятары (ШІЗА), а цяпер яшчэ на два адпраўлены ў памяшканне камернага тыпу. Пра гэта ў Facebook напісала яго жонка Святлана Вінаградава.
Святлана Вінаградава пераказала словы Паўла пра знаходжанне ў ШІЗА аршанскай калоніі, дзе ён знаходзіцца ў зняволенні:
— Апошнія амаль шэсць месяцаў з сямі правёў у ШІЗА з кароткімі перапынкамі. Цяпер атрымаў два месяцы ПКТ (памяшканне камернага тыпу. — Заўв. рэд.). Свядомасць ясная, малады, прыгожы, разумны — гэта мне павукі ў ШІЗА нашапталі. Гэта — строгі рэжым, тут не смажаць бульбу, тут смажаць людзей.
Нагадаем, блогера Паўла Вінаградава затрымалі ў 2021 годзе. У сакавіку гэтага года суд прызнаў яго вінаватым паводле арт.130 КК (Распальванне сацыяльнай варожасці), ч. 2 арт. 367 КК (Паклёп) і арт. 342 КК (Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх) і асудзіў на пяць гадоў калоніі агульнага рэжыму. Павел адбывае тэрмін у аршанскай папраўчай калоніі № 12.
Праваабаронцы прызналі яго палітвязнем, а КДБ уключыў у «тэрарыстычны спіс».
Летась ужо ў калоніі ў Вінаградава дыягнаставалі туберкулёз.