Як мінімум 224 чалавекі трапілі пад аблаву сілавікоў на сваякоў палітвязняў. Такую лічбу прывёў праваабарончы цэнтр «Вясна».
Большасць затрыманых — жанчыны. Некалькі дзясяткаў чалавек асудзілі па адміністрацыйных справах. Некаторым прызначылі штрафы па ч. 2 арт. 24.15 КаАП (Выкарыстанне замежнай бязвыплатнай дапамогі для ажыццяўлення тэрарыстычнай і іншай экстрэмісцкай дзейнасці або іншых дзеянняў, забароненых заканадаўствам).
Некалькі чалавек затрымалі па крымінальных справах. Папярэдне, людзям інкрымінуюць арт. 361−1 (Удзел у экстрэмісцкім фарміраванні) і арт. 361−4 (Спрыянне экстрэмісцкай дзейнасці).
Нагадаем, масавы рэйд па былых палітычных зняволеных і сваяках цяперашніх пачаўся 23 студзеня. Людзей дапытвалі і затрымлівалі.
Сілавікоў цікавілі тыя, хто атрымаў прадуктовую дапамогу ад ініцыятывы INeedHelpBY. Звесткі пра атрымальнікаў такой дапамогі яны ўзялі з сэрвісу «Е-дастаўка», які належыць «Еўраопту». Аднак затрымлівалі не толькі тых, каму дапамагла INeedHelpBY.
Чытайце таксама