На мінулым тыдні стала вядома пра затрыманне мужчыны, на тэлефоне якога была налепка з надпісам Pray for Belarus («Маліцеся за Беларусь») і выявай у бела-чырвоных колерах. У паведамленні сілавікоў гаварылася, што затрыманы «вёў падпольную дзейнасць па абклейванні грамадскіх месцаў дэструктыўнымі стыкерамі», за што яму пагражалі «пакараннем, звязаным з пазбаўленнем волі на некалькі гадоў». «Кіберпартызаны» разабралі гэты выпадак і расказалі, як сілавікі змаглі атрымаць інфармацыю з яго тэлефона.
«Налепка на смартфоне — падстава для абмежавання волі і больш дэталёвай праверкі»
Паводле інфармацыі «Кіберпартызан», затрыманага завуць Дзмітрыем, ён мінчук. Мяркуючы з паведамлення ў тэлеграм-канале сілавікоў, мужчыну затрымалі праз чахол для мабільнага тэлефона з надпісам Pray for Belarus і выявай нацыянальнай сімволікі.
— Налепку на смартфоне сілавікі расцанілі як дастатковую падставу для абмежавання волі і больш дэталёвай праверкі тэхнікі, — лічаць «Кіберпартызаны».
На думку спецыялістаў аб’яднання, падчас дагляду тэлефона сілавікі ў абавязковым парадку правяраюць захаваныя відэа, фота, мэсэнджары і сацыяльныя сеткі. Так у Дзмітрыя знайшлі відэа з пратэстаў, а таксама атрымалі доступ да яго акаўнта ў Telegram.
Далёка не заўсёды супрацоўнікі МУС абмяжоўваюцца праглядам Telegram толькі на тэлефоне. Пры жаданні яны могуць зрабіць экспарт гісторыі перапісак у Telegram. Для гэтага яны заходзяць у акаўнт затрыманых праз камп’ютар. У версіі мэсэнджара для ПК ёсць дадатковая опцыя, якая дазваляе спампаваць усе перапіскі з акаўнта, а потым у зручны час праглядаць іх на камп’ютары.
«Група недаступная»
Відаць, так вырашылі зрабіць і ў гэтым выпадку, бо сілавікі атрымалі доступ да акаўнта Дзмітрыя і зайшлі ў яго праз версію Telegram для ПК. У ёй сярод спісу дыялогаў быў знойдзены закрыты дваровы чат жыхароў вуліц Цікоцкага і Карбышава ў Мінску. У гэтай групе Дзмітрый прапаноўваў удзельнікам макеты налепак з патрабаваннем правесці сумленныя выбары.
Чат адлюстроўваўся з пазнакай «група недаступная». Дзмітрый даўно выйшаў з яго. Аднак адносна нядаўна ў Telegram частка такіх чатаў, на жаль, зноў пачала паказвацца, калі зайсці ў акаўнт праз версію мэсэнджара для ПК. У іх утрымліваецца інфармацыя пра ўдзельнікаў групы (цяперашнія назвы акаўнтаў і іх id), а таксама ўсе паведамленні да моманту, пакуль чат не стаў супергрупай (адміны сталі ананімнымі).
Асноўная памылка
«Кіберпартызаны» ўпэўненыя, што Дзмітрый не быў гатовы да дэталёвай праверкі тэхнікі: не выдаліў усё відэа з пратэстаў і не схаваў акаўнт, якім карыстаўся для дваровых чатаў.
Спецыялісты кажуць, што з’яўленне старых чатаў — з’ява сама па сабе непрыемная. Аднак, аддаўшы трохі часу ўласнай лічбавай бяспецы, выдаленых чатаў, якія выпадкова «ўсплылі», можна лёгка пазбавіцца. Як гэта зрабіць, «Люстэрка» пісала нядаўна.
Таксама «Кіберпартызаны» раяць выдаліць старыя акаўнты, створаныя да 2021 года. Лепш завесці асобны новы акаўнт для «палітычных» чатаў. Гэты акаўнт спецыялісты раяць не трымаць на вачах (напрыклад, хаваць яго з дапамогай «партызанскага» Telegram), каб падчас праверкі мэсэнджара супрацоўнікі МУС не знайшлі ніякіх слядоў таго, што такі акаўнт наогул існуе. Тады паглядзець дэталёва спіс чатаў, а таксама экспартаваць іх яны не змогуць.
Яшчэ спецыялісты раяць улічваць, што любыя элементы нацыянальнай сімволікі, якія вы носіце пры сабе ў Беларусі, могуць стаць падставай для больш дэталёвай праверкі вашай тэхнікі з боку сілавікоў. А таксама заклікаюць не трымаць у тэлефоне фота і відэа з акцый пратэсту.
Чытайце таксама