На 48-м годзе жыцця «нечакана памёр» начальнік Ленінскага РАУС Брэста Дзмітрый Каравякоўскі, паведамляецца ў свежым выпуску ведамаснай газеты МУС «На страже».
Выданне не ўдакладняе, што стала прычынай смерці. У некралогу толькі згадваецца працоўны шлях палкоўніка міліцыі.
«Асабовы склад і ветэраны органаў унутраных справаў глыбока смуткуюць з нагоды смерці таварыша і выказваюць шчырае спачуванне яго родным і блізкім», — піша «На страже».
Пра смерць Каравякоўскага яшчэ 15 красавіка паведаміў тэлеканал «Белсат». Да сённяшняга дня афіцыйныя крыніцы гэтай інфармацыі не пацвярджалі. Паводле звестак «Белсата», начальніка Ленінскага РАУС пахавалі 15 красавіка. Развітанне з ім прайшло ў Палацы культуры прафсаюзаў.
Нагадаем, начальнікам РАУС Ленінскага раёна Брэста Каравякоўскага прызначылі ў жніўні 2021 года. Да гэтага ён працаваў начальнікам міліцыі ў Пінску і асабіста кіраваў разгонамі падчас пратэстаў у горадзе. Запомніўся ён таксама каментаром дзяржтэлеканалу «Беларусь 1» пра тое, што гумавая дубінка «не наносіць сур’ёзных траўмаў».
— Яна (дубінка. — Заўв. рэд.) даволі эластычная, мяккая, і падчас ужывання яе па целе не наносіць сур’ёзных траўмаў. Гэта сінякі, удары, але не больш за тое, — сказаў Каравякоўскі.
Дзмітрый Каравякоўскі нарадзіўся ў Пінску. У 1994 годзе паступіў у Акадэмію ўнутраных справаў Рэспублікі Беларусь. З 1997-га працаваў супрацоўнікам крымінальнага вышуку ў Маскоўскім РАУС Брэста. Праз два гады перайшоў ва ўпраўленне крымінальнага вышуку УУС Брэсцкага аблвыканкама. Пасля заканчэння ў 2017-м магістратуры Акадэміі кіравання пры прэзідэнце Рэспублікі Беларусь ён быў прызначаны першым намеснікам начальніка АУС адміністрацыі Ленінскага раёна Брэста. З красавіка 2019-га — на пасадзе начальніка аддзела ўнутраных справаў Пінскага гарвыканкама. Вядома, што бацька і брат Каравякоўскага таксама працавалі ў міліцыі.