Падтрымаць каманду Люстэрка
Беларусы на вайне
  1. Полезнее сахара и не накапливает радиацию? О свойствах меда ходят легенды, хотя на деле этого продукта лучше сторониться — объясняем
  2. Все продолжалось меньше 10 минут. Рассказываем о самом кровавом торнадо в мировой истории
  3. «Не думаю, что что-то страшное». Попытались устроиться в госорганизации с подписью на последних выборах не за Лукашенко — что вышло
  4. Путин объявил «пасхальное перемирие» на фронте
  5. Какой будет погода на следующей неделе? «Лето» закончится, придет похолодание
  6. Аналитики заявили, что Россия использует перемирие, чтобы дискредитировать Украину. Объясняем, почему
  7. Правозащитники: В Дзержинске проводят задержания и обыски, повод — послевыборные протесты
  8. Этот триллер от Hulu переворачивает представление о сериалах про постапокалипсис. Объясняем, стоит ли смотреть (да)
  9. Вы красите яйца на Пасху? Объясняем, откуда взялась эта традиция, где яйца красят ржавыми гвоздями и чем писанка отличается от капанки
  10. В Купаловском уже пять лет мало кто хочет работать. Что придумали в этот раз
  11. В МВД Польши ответили, при каких условиях возможно открытие пунктов пропуска
Читать по-русски


Яна з’ехала з Беларусі ў 1944-м, калі мела ўсяго восем гадоў. Разам з бацькамі нейкі час жыла ў Даніі, потым сям’я перабралася ў Францыю. Пасля шлюбу пераехала ў Іспанію, якой у той час кіраваў дыктатар Франсіска Франка, а пазней лёс скіраваў яе ў Канаду. У сталым узросце Беларусь яна наведала ўсяго аднойчы, але ўвесь час яе жыццёвы шлях быў звязаны з Бацькаўшчынай. Ужо 27 гадоў Івонка Сурвіла — восьмая старшыня Рады Беларускай Народнай Рэспублікі. «Люстэрка» паразмаўляла з ёю пра адрозненні «старой» і «новай» хваляў беларускай эміграцыі, дыктатараў Франка і Лукашэнку, смерць дачкі і адносіны са Святланай Ціханоўскай і Зянонам Пазняком.

Івонка Сурвіла ў часы студэнцтва ў Сарбоне. Парыж, 1950-я гады. Фота прадастаўленае суразмоўцай
Івонка Сурвіла ў часы студэнцтва ў Сарбоне. Парыж, 1950-я гады. Фота: архіў суразмоўцы

«У хаце гаварылі толькі па-беларуску»

— Вы нарадзіліся ў 1936 годзе ў Стоўбцах, разам з бацькамі з’ехалі з Беларусі ў 1944-м. Чаму яны наважыліся на гэты крок?

— Калі бальшавікі ў 1939 годзе першы раз прыйшлі ў Заходнюю Беларусь, дык арыштавалі майго бацьку і асудзілі на пяць гадоў ссылкі ў Сібір, але адправіць не паспелі. У турме ён сядзеў дзевяць месяцаў, і калі бальшавікі ўцякалі перад нямецкім фронтам, вязні выламалі мур турмы і разбегліся. Таму бацькі мае ведалі, што іх чакае пасля прыходу савецкага войска. З ініцыятывы мамы выбраліся ў бежанства з трыма малымі дзеткамі — мной, малодшым брацікам Лёнікам і васьмімесячнай сястрычкай Прадславай.

— Якія ўспаміны пра радзіму захаваліся ў вас з дзяцінства?

— Найлепшыя ўспаміны — з Засулля (вёска ў Стаўбцоўскім раёне. — Заўв. рэд.), дзе я бавіла шмат часу ў маіх дзеда і бабулі, пакуль сям’я не выехала ў Баранавічы, калі мне было шэсць. Выехалі, бо маму шукалі партызаны, каб расстраляць — яна вучыла дзяцей у беларускай школе.

У Баранавічах я хадзіла ў беларускую школу, навучылася пісаць лацінкай і кірыліцай, шмат малявала, і за гэта мяне хвалілі. Жыццё ў Баранавічах, аднак, было вельмі цяжкое, запомніліся страшныя бамбардаванні 1944-га, калі мы чулі свіст бомбаў і дрыжэлі ў акопчыку, выкапаным татам ля хаты.

Івонка Сурвіла (у цэнтры) з бацькамі ў Стоўцах, зіма 1936-1937 гадоў. Фота прадастаўленае суразмоўніцай
Івонка Сурвіла з бацькамі ў Стоўбцах, зіма 1936−1937 гг. Фота: архіў суразмоўцы

— Потым вы жылі ў Даніі, а з 1948-га — у Францыі. У якім узросце да вас прыйшло разуменне, што вы — беларуска? Гэта быў натуральны працэс праз беларушчыну ў сям'і ці нешта сталася штуршком да з’яўлення нацыянальнай свядомасці?

— Я заўсёды ведала, што я беларуска. Ніколі і ў галаву не прыходзіла, што магу быць кімсьці іншым. У хаце гаварылі толькі па-беларуску.

У Даніі, у лагеры ўцекачоў, тата ўзяўся вучыць мяне і брата — разам з матэматыкай расказваў беларускую гісторыю, дыктуючы па-беларуску тэксты пра Рагнеду і Рагвалода, ілюструючы іх малюнкамі, якімі мы захапляліся.

Пазней мы з братам чыталі коласаўскага «Сымона-музыку» ўголас, перадаючы кніжку адно аднаму, калі ад слёз далей не маглі чытаць (кнігу прывёз нам у Данію Мікола Абрамчык, прэзідэнт Рады БНР).

Івонка Сурвіла з бацькамі і братам у Даніі, 1946 год. Фота прадастаўленае суразмоўцай
Івонка Сурвіла з бацькамі і братам у Даніі, 1946 год. Фота: архіў суразмоўцы

«Дыктатар Франка ініцыяваў крокі да грамадзянскага замірэння. Нічога падобнага няма ў Лукашэнкі»

— Калі вы пераехалі ў Іспанію, гэтай краінай кіраваў дыктатар Франсіска Франка. Што гэта была за дыктатура? Якой вы запомнілі яе?

— У Іспанію я пераехала, выйшаўшы замуж за Янку Сурвілу, які там скончыў факультэт эканомікі, і рыхтавала разам з ім беларускія радыёперадачы з Мадрыда. Гэта было ў 1959 годзе, больш як праз два дзесяцігодздзі пасля грамадзянскай вайны.

Франка стараўся клапаціцца, каб жыццё было спакойным, бо краіна ў вялікай ступені жыла з даходаў ад турызму. Іспанцы любілі крытыкаваць рэжым, але калі мы звярталі іх увагу, што Франка стары і хутка адыдзе, яны звычайна выказвалі надзею, што будзе жыць сто гадоў.

Франка быў, вядома, дыктатар, але ў старасці ён ініцыяваў пэўныя крокі да грамадзянскага замірэння. Нічога падобнага не відаць у Лукашэнкі, які, наадварот, паглыбляе раскол у грамадстве і робіць рэпрэсіі ўсё больш жорсткімі.

— Вашыя дочкі Ганна і Паўліна нарадзіліся ў Іспаніі. Якая мова для іх родная? Вы мэтаскіравана выхоўвалі іх у беларускім духу ці ўсведамленне беларушчыны прыйшло да іх у больш сталым узросце?

— Мы з Янкам выхоўвалі Ганю і Паўлінку беларускамі, як у свой час нашыя бацькі выхоўвалі мяне і брата Лёніка. Родная мова ў іх, зразумела, беларуская. Хаця абедзве валодалі з дзяцінства таксама іспанскай, французскай і англійскай.

Ганна, Івонка, Паўлінка і Янка Сурвілы за калядным сталом. Мадрыд, 1964 год. Фота прадастаўленае суразмоўніцай
Ганна, Івонка, Паўлінка і Янка Сурвілы за калядным сталом. Мадрыд, 1964 год. Фота: архіў суразмоўцы

— Як жывуць вашыя дочкі цяпер? Чым яны займаюцца і ці заангажаваныя ў беларускае жыццё?

— Старэйшая дачка Ганя жыве ў Францыі. З адукацыі яна матэматык, працуе ў сферы кансалтынгу.

Малодшая, Паўлінка, жыла ў ЗША. Была прафесаркай кафедры гуманітарных навук Вартбургскага каледжа (штат Аёва), спецыялізавалася ў галіне этнамузыкалогіі і музыказнаўства. Напісала, сярод іншага, некалькі навуковых даследаванняў пра беларускіх рок-музыкаў (гэта былі першыя такія працы ў Амерыцы). Разам з першым амбасадарам ЗША ў Беларусі Дэвідам Суорцам стварыла Цэнтр беларускіх даследаванняў у Паўднёва-Заходнім каледжы ў Канзасе і была яго выканаўчай дырэктаркай. Цэнтр гэты даў магчымасць стажыровак у Амерыцы маладым навукоўцам з Беларусі.

Жыццё Паўлінкі абарвалася чатыры гады таму ў выніку раптоўнай і цяжкай хваробы, ад якой пакуль няма лекаў. Гэта была вялізная страта для мяне, для ўсёй нашай сям'і. Праз пандэмію і каранцін я не змагла развітацца з ёю.

Івонка Сурвіла, Таледа, Іспанія, 1960 год. Фота прадастаўленае суразмоўніцай
Івонка Сурвіла, Таледа, Іспанія, 1960 год. Фота: архіў суразмоўцы

«Даводзілася ледзь не штодня даказваць, што мы — беларусы»

— У 1969 годзе вы разам з сям’ёй пераехалі ў Канаду. Чаму прынялі такое рашэнне?

— Найперш з матэрыяльнай прычыны. Была магчымасць працы, звязанай з маімі ведамі і здольнасцямі.

— Як успрымалі беларусаў у Канадзе ў той час? Ці было ў канадцаў разуменне, што гэта асобны народ, а не частка шэрага безаблічнага савецкага народа?

— Калі я прыехала ў Канаду, менавіта гэтак, як вы кажаце — часткай савецкага народа — беларусаў і ўспрымалі. Ва ўсякім разе, большасць людзей.

Нам даводзілася ледзь не штодня даказваць, што мы — беларусы. Хаця мушу сказаць, што з боку канадскага ўрада мы заўсёды сустракалі прыхільнасць, у Канадзе ўважліва ставяцца да патрэбаў нацыянальных меншасцяў. А на звычайным, побытавым, узроўні было па-рознаму.

— У вашай афіцыйнай біяграфіі на сайце Рады БНР напісана, што вы займаліся жывапісам і ўдзельнічалі ў 30 мастацкіх выставах у Канадзе і ЗША. Ці шкадуеце, што не сталі прафесійнай мастачкай?

— Тым, што вы назвалі «прафесійным мастацтвам», на Захадзе можа зарабіць вельмі мала людзей, звычайна яны маюць яшчэ нейкую працу. Калі пашанцуе — выкладаюць ва ўніверсітэтах, а большасць вымушаная карміцца з таго, што ніякага дачынення да мастацтва не мае.

У мяне ж яшчэ ўсё жыццё была і дзейнасць, звязаная з беларускай справай. Дык на маляванне я мела не так і багата часу.

Спадзявалася, што, пайшоўшы на пенсію (я працавала ва ўрадавай установе, звязанай з перакладамі афіцыйных дакументаў), нарэшце займуся мастацтвам. Але ў 1997 годзе мяне абралі старшынёй Рады БНР, і гэтыя спадзяванні не спраўдзіліся, бо справы Рады займаюць літаральна ўвесь час.

Івонка Сурвіла з групай беларускіх дзяцей з чарнобыльскіх раёнаў. Квэбек, Канада, 1992 год. Фота прадастаўленае суразмоўніцай
Івонка Сурвіла з групай беларускіх дзяцей з чарнобыльскіх раёнаў. Квебек, Канада, 1992 год. Фота: архіў суразмоўцы

Хачу сказаць, што ні я, ні хтосьці з родных не атрымлівае ні цэнта за працу ў Радзе. Рада БНР не мае ніякага фінансавання ад дзяржаваў ці міжнародных арганізацый, ад фондаў, і ўсё, што мы маем — гэта сяброўскія складкі родных і «Дар Сакавіка» (фонд падтрымкі Рады БНР. — Заўв. рэд.), які збіраецца дыяспарай.

Гэта вельмі сціплыя сродкі. Яны ідуць на кампенсацыю нейкіх канцылярскіх выдаткаў, нячастых паездак, ну і мы яшчэ імкнёмся дапамагаць культурным ініцыятывам. Ведаю па сабе і па сваіх найбліжэйшых калегах, што дзейнасць у Радзе ў фінансавым сэнсе, наадварот, стратная — людзі выдаткоўваюць частку прыватнага, сямейнага бюджэту.

Але мы не шкадуем, бо дзейнічаем для Беларусі. І я, калі вярнуцца да вашага пытання, хаця і магу часам пашкадаваць, што лёс не цалкам звязаў мяне з мастацтвам, але ж ён звязаў мяне з Беларуссю. Мае бацькі жылі Беларуссю, мяне гэтак выхавалі, іншай долі для сябе не ўяўляю.

— Як і калі пачалося вашае супрацоўніцтва з Радай БНР?

— Я выйшла замуж за Янку, калі ён ужо быў у Радзе БНР, а сама афіцыйна далучылася да яе ў 1970-я гады. Але гэта афіцыйна, рэальна ж удзельнічала ў беларускіх імпрэзах, якія ладзіла Рада, яшчэ ў юнацтве.

Янка і Івонка Сурвілы падчас вяселля. Сартрувіль, Францыя, 1959 год. Фота прадастаўленнае суразмоўцай
Янка і Івонка Сурвілы падчас вяселля. Сартрувіль, Францыя, 1959 год. Фота: архіў суразмоўцы

— Летась вас пераабралі старшынёй Рады БНР на чарговы шасцігадовы тэрмін. Вы кіруеце арганізацыяй ужо 27 гадоў. Чаму не знайшлося пераемніка ці пераемніцы?

— Было б дзіўна, калі б, як вы кажаце, іх не знайшлося. Але Сесія Рады БНР папрасіла мяне далей выконваць абавязкі старшыні.

«Вельмі спачуваю „новым“ эмігрантам»

— Цяпер беларусы, якія выехалі са сваёй краіны, сутыкаюцца з праблемамі падчас атрымання дакументаў, замены пашпартоў. А як у другой палове ХХ стагоддзя вырашаліся пытанні з легалізацыяй беларусаў у замежжы? Ці проста было атрымаць дазвол на жыхарства ці грамадзянства?

— Ведаю, што пытанне дакументаў няпростае, вельмі спачуваю «новым» эмігрантам. Але так было заўсёды. Трэба было прайсці шмат бюракратычных працэдур.

Хіба што асабіста мяне гэта не вельмі закранула, бо я была малая, гэтым займаліся бацькі. І была яшчэ адна праблема: Беларусі як суверэннай краіны не існавала (яна ўваходзіла ў ААН, але гэта лічылася фармальнасцю), пра яе мала хто ведаў.

У некаторых краінах для чыноўнікаў нават існавалі інструкцыі запісваць беларусаў рускімі, пра што мы дазналіся значна пазней. Цяпер такой праблемы перад уцекачамі з Беларусі не стаіць.

— Як вы ацэньваеце стан беларускіх дыяспараў на сённяшні дзень? Ці моцна сучасныя беларускія эмігранты адрозніваюцца ад тых, якія атачалі вас у маладосці?

— Я магу казаць пра пакаленне маіх бацькоў, то-бок пра пасляваенную эміграцыю. Як і цяпер, тады тысячы беларусаў былі раскіданыя па ўсім свеце. Агульнае таксама ў тым, што паваенныя эмігранты (вядома, я кажу пра большасць тых, каго ведала асабіста) верылі ў хуткае вяртанне на Бацькаўшчыну, успрымалі сваё становішча як часовае. Тое самае яны думалі і пра сваіх дзяцей. Можа, толькі недзе ў сярэдзіне 50-х пачалі будаваць уласную нерухомасць.

Але калі імкнуліся даць сваім дзецям добрую адукацыю, думалі таксама пра Беларусь, пра тое, як моладзь выкарыстае свае веды і ўменні не на чужыне, а на Бацькаўшчыне.

Сёння, як мне здаецца, асноўная частка тых, хто пасля падзеяў 2020 года быў вымушаны ратавацца ад рэпрэсій на чужыне, таксама верыць, што цёмныя часы ненадоўга.

Што адрознівала паваенных эмігрантаў і іх дзяцей ад цяперашняй хвалі — дык гэта ўсведамленне нацыянальных каштоўнасцяў практычна ва ўсіх. Мы з маленства разумелі значнасць Акта 25 сакавіка, абвяшчэння незалежнасці Беларускай Народнай Рэспублікі. Пра беларускую мову і казаць няма чаго, немагчыма ўявіць, каб мае бацькі, ці я, ці мае дочкі казалі: «Якая розніца, на якой мове гаварыць?»

Івонка Сурвіла з аўтаркай гімна «Магутнага Божа» паэткай Наталляй Арсеньевай, ЗША, 1990 год. Фота прадастаўленае суразмоўніцай
Івонка Сурвіла з аўтаркай гімна «Магутны Божа» паэткай Наталляй Арсенневай, ЗША, 1990 год. Фота: архіў суразмоўцы

— Як вы лічыце, чаму Лукашэнка ўвогуле стаў магчымы ў Беларусі?

— Прычынаў можна назваць шмат, але галоўная — нізкі ўзровень нацыянальнай свядомасці вялікай часткі насельніцтва. А яна, у сваю чаргу, была вынікам больш як двухсотгадовай прымусовай русіфікацыі спачатку царскім, а потым камуністычным рэжымамі Масквы.

Беларусам убівалі ў галовы, што яны не могуць мець сваю дзяржаву і самастойна будаваць уласны лёс. Тое самае робіць і Лукашэнка.

— Ці чакалі вы, што ў 2020 годзе беларусы выйдуць на такія вялікія пратэсты? Што вы адчувалі, калі даведваліся пра тыя падзеі? І ці ёсць у вас тлумачэнне, чаму сотні тысяч беларусаў выйшлі пратэставаць пад нацыянальнымі сцягамі?

— Адчула вялікую радасць ад таго, што беларусы захацелі ажыццявіць сваё законнае права выбіраць сабе ўладу. І што зрабілі гэта пад бел-чырвона-белымі сцягамі і пад «Пагоняй».

У самы крытычны момант беларусы звярнуліся да свайго спрадвечнага, нацыянальнага. Таксама многія (хай і не ў тыя дні, а пазней) пераасэнсавалі сваё стаўленне да беларускай мовы, перасталі ўспрымаць яе як нешта другаснае ці нават непатрэбнае. Гэта вельмі добры знак. І гэта дае надзею на будучыню.

Івонка Сурвіла з Зянонам Пазняком, Васілём Быкавым і Сяргеем Навумчыкам на святкаванні Дня Волі. 25 сакавіка 2000 года, Прага, Чэхія. Фота прадастаўленае суразмоўніцай
Івонка Сурвіла з Зянонам Пазняком, Васілём Быкавым і Сяргеем Навумчыкам на святкаванні Дня Волі. 25 сакавіка 2000 года, Прага, Чэхія. Фота: архіў суразмоўцы

—  Колькі разоў вы прыязджалі на радзіму пасля вымушанага ад’езду з бацькамі?

— На жаль, я наведала Беларусь за 80 гадоў толькі аднойчы, калі ездзіла на арганізаваную Генадзем Грушавым (заснавальнік і кіраўнік фонду «Дзецям Чарнобыля», дэпутат Вярхоўнага Савета Беларусі 12-га склікання. — Заўв. рэд.) канферэнцыю «Свет пасля Чарнобыля» ў 1992 годзе.

Разам з маёй сяброўкай Зінай Гімпелевіч (яна філолаг, сярод іншых яе працаў — кніга пра Васіля Быкава) мы ўтварылі ў Канадзе фонд дапамогі ахвярам Чарнобыля, удалося сабраць даволі шмат грошай для закупу лекаў і медычнага абсталявання, арганізоўвалі лекаванне беларускіх дзяцей у Канадзе.

Вось у гэтай якасці я і была запрошаная ў Мінск. Тады краінай яшчэ кіраваў Станіслаў Шушкевіч.

Найбольшае шчасце ў жыцці адчула, калі самалёт прызямліўся ў Мінску. Прабыла тады ў Беларусі 12 дзён і яшчэ жыву ўспамінамі. Адзінае, што не падабалася, — што трэба было слухаць даклады на канферэнцыі ў англійскім перакладзе з рускай мовы, бо па-руску не разумела.

— Па чым у Беларусі вы найбольш сумуеце?

— Сумую па ўсім. Па зямлі маіх продкаў, па цудоўных людзях, якіх тады сустракала, па гістарычнай спадчыне, якую паспела ўбачыць — яшчэ не адрэстаўраваным Мірскім замку і царкве ў Стоўбцах, дзе мяне хрысцілі, па Жодзішках, дзе пабачыла хату, у якой рос мой муж Янка і якую так часта ўспамінаў, па Засуллі, хаця наш сямейны дом належаў нейкаму калгасу і нічога ўжо не засталося з дзедавай гаспадаркі і прыгажосці краявідаў, якія я памятала з дзяцінства.

«Святлана Ціханоўская цудоўна спраўляецца з працай, якую робіць»

— Якія ў вас стасункі са Святланай Ціханоўскай? Ці часта вы камунікуеце? Што вы абмяркоўваеце, пра што размаўляеце?

— Я неаднойчы казала, што Святлана Ціханоўская цудоўна спраўляецца з працай, якую робіць. Інфармуе свет пра Беларусь, пра долю нашага народа пад кіраўніцтвам прамаскоўскага дыктатара, пра нашае жаданне жыць спакойна на нашай вольнай зямлі, без войнаў і без здзеку.

Безумоўна, я падтрымоўваю яе дзейнасць. Нядаўняя нашая сустрэча ў Канадзе была асабліва прыемнай, мы сам-насам абмеркавалі з ёй у тым ліку і як захаваць беларускасць у беларусах у цяперашняй вельмі неспрыяльнай сітуацыі.

Івонка Сурвіла і Святлана Ціханоўская. Канада, 15 сакавіка 2024 года. Фота: прэс-служба Святланы Ціханоўскай
Івонка Сурвіла і Святлана Ціханоўская. Канада, 15 сакавіка 2024 года. Фота: прэс-служба Святланы Ціханоўскай

— А ці кантактуеце вы з Зянонам Пазняком? Што вы думаеце пра яго крытыку Святланы Ціханоўскай?

— Зянону я вельмі ўдзячная за нядаўні выступ, які ён прысвяціў БНР і ў якім называе БНР цудам у жыцці нашага народа. Раю кожнаму беларусу яго прачытаць. Сустракаемся, калі бываю ў Нью-Ёрку. Мы не заўсёды згаджаемся, але абое жадаем толькі светлай будучыні нашаму народу.

— Ці можаце вы зрабіць прагноз наконт таго, калі і чым скончыцца цяперашняя сітуацыя? Калі сотні тысячаў беларусаў, якія выехалі з краіны ў 2020 годзе, змогуць вярнуцца дамоў?

— Я не люблю рабіць прагнозы, бо ніколі не ведаеш, якія чыннікі могуць нечакана ўзнікнуць і як паўплываюць на сітуацыю.

Але з іншага боку, гісторыя чалавецтва вучыць, што тыраніі не вечныя. А ў наш час працэсы ў палітыцы і грамадстве значна хутчэйшыя, чым паўстагоддзя таму.

У чым я перакананая, дык гэта ў тым, што беларусы «новай» эміграцыйнай хвалі, пра якіх вы кажаце, мусяць назапашваць веды і досвед і быць гатовымі выкарыстаць іх на Бацькаўшчыне.

«Люстэрка» рэгулярна публікуе інтэрв'ю з вядомымі палітыкамі, дзеячамі мастацтва і экспертамі. Калі вы лічыце важным захаваць прафесійную і якасную журналістыку для беларусаў і пра Беларусь, станьце патронам нашага праекта.

Падтрымайце «Люстэрка», каб мы маглі публікаваць больш такіх матэрыялаў 🙌

Станьце патронам «Люстэрка» — журналісцкага праекта, якому вы дапамагаеце заставацца незалежным. Ахвяраваць любую суму можна хутка і бяспечна праз сэрвіс Donorbox.

Усё пра бяспеку і адказы на іншыя пытанні вы можаце даведацца па спасылцы.