Сёлета ў чэрвені як мінімум двум беларусам, затрыманым на армянска-грузінскай мяжы, у Арменіі далі статус палітычных уцекачоў. Іх не выдалі Мінску, што абвясціў гэтых асобаў у міждзяржаўны вышук на тэрыторыі СНД. Такога прэцэдэнту яшчэ не было. Вызвалення беларусаў датычныя асабіста Святлана Ціханоўская, СМІ, юрысты, праваабаронцы і актывісты. Адзін з беларусаў, які атрымаў статус уцекача, пагадзіўся распавесці «Белсату» сваю гісторыю.
Максіму Вайткявічусу 23 гады. У 2022-м ён скончыў універсітэт у Мінску. Але перш чым выдаць дыплом, яму ўручылі позву ў войска.
«Гэта быў снежань 2021 года. Я ведаў пра існаванне адтэрміноўкі для айцішнікаў, да таго ж былі праблемы са здароўем, што, хутчэй за ўсё, далі б магчымасць пазбегнуць службы. Разлічваў на іх. Праз некалькі месяцаў пачалася вайна ва Украіне. І я выйшаў на мітынг, што з гэтай нагоды праводзіўся ў цэнтры Мінску», — успамінае суразмоўца.
Максіма затрымалі амаль адразу пасля пачатку мітынгу. За «ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве» яму прысудзілі 14 содняў арышту.
«Суд праходзіў праз скайп. Што казалі суддзя і два сведкі ў масках, толкам нават не чуў. Але зразумеў, што яны казалі, што я груба парушаў грамадскі парадак», — распавядае Максім.
«Падставілі нож да горла і пагражалі пырнуць»
Адбываць содні яго адвезлі ў жодзінскую турму.
«Умовы жудасныя. Працаўнікі неадэкватныя. У камеры 36 чалавек на 10 ложкаў. Чаргаваліся і спалі на падлозе. Без матрацаў, без прагулак, без перадачаў. Кожны дзень праводзілі ператрус, да таго ж чамусьці з сабакамі», — кажа хлопец.
Адной з самых зневажальных працэдураў, праз якую Максіму давялося прайсці ў Жодзіна, стаў дагляд, якому падлягаюць усе новыя зняволеныя:
«Распранулі дагала, а потым праз незразумелую мне прычыну прымусілі адціскацца, прысядаць, стаяць некалькі хвілінаў у паўпрысядзе, а потым убачылі ў іншага хлопца татуіроўку качаняці і загадалі мне ў гэтым жа паўпрысядзе голым кукарэкаць. Я не змог, пасля чаго мне да горла падставілі нож і сказалі: „Рабі або пырну нажом“. Далей я стаў сведкам бесчалавечнага стаўлення да людзей. Збівалі, здзекаваліся з іх. Бачыў, як на аднаго хлопца падчас эпілептычнага прыпадку, калі ён ужо ляжаў сіні, крычалі: „Уставай, прыпадачны“. Пасля яго збілі нагамі і кудысьці ўцягнулі.
Калі нас завялі ў душ і мы сталі шумець праз тое, што вада там толькі халодная, адзін з працаўнікоў прыадчыніў дзверы і распыліў пярцовы газ, а потым стаяў і глядзеў на нас у акенца».
Пасля вызвалення малады чалавек выразна для сябе зразумеў, што ні ў якім войску ён служыць дакладна не будзе. Тым больш пасля пачатку вайны. Быў і іншы страх. Пасля арышту мабільны тэлефон Максіма забралі. І ён разумеў, што ў ім могуць знайсці фатаграфіі і подпісы, праз якія на яго лёгка могуць сфабрыкаваць новую справу, але гэтым разам крымінальную. Хлопец зрабіў новы пашпарт і ўляцеў у Грузію, дзе пражыў два гады.
«На падставе таго, што ў Беларусі я ў вышуку, спачатку суд палічыў арышт законным»
Паводле грузінскіх законаў, бязвыезна перабываць на тэрыторыі краіны беларусы могуць адзін год, пасля чаго ім трэба «абнуліцца» — перасекчы мяжу, паставіць адпаведны штамп і вярнуцца на год у Грузію.
Да студзеня 2024 года Максім бываў у Арменіі некалькі разоў. Ніякіх праблемаў не было. Пры гэтым ён ведаў, што ў Беларусі за ўхіленне ад службы ў войску ў верасні 2023 года на яго завялі крымінальную справу (ч. 1 артыкулу 435 КК РБ). Але разумення, што яго могуць унесці ў базу міждзяржаўнага вышуку, у Максіма не было. 7 лютага 2024 года Максім паехаў у Арменію і збіраўся перасекчы сухапутную мяжу.
«Аддаў памежніку пашпарт і праз ягоную рэакцыю зразумеў, што нешта не так. Ён адразу ж адышоў да старэйшага, пасля чаго мяне ветліва запрасілі ў кабінет і прапанавалі пасядзець», — аднаўляе ў памяці тыя падзеі Максім.
Праз некалькі гадзінаў хлопцу паведамілі, што ён у міждзяржаўным вышуку, адвезлі ў пастарунак у памежны армянскі горад і на трое содняў на перыяд разгляду змясцілі ў СІЗА. У гэты час сяброўка Максіма, якая была з ім на мяжы, падняла на вушы беларускіх актывістаў і міжнародных праваабаронцаў.
Праз 3 дні пасля затрымання ў Іджэване над Максімам адбыўся суд. Яшчэ перад ім малады чалавек падаў прашэнне на палітычны прытулак. Спачатку яму прысудзілі 40 содняў, потым яшчэ два месяцы, а потым яшчэ два… Але апошні тэрмін хлопец не дасядзеў.
«Калі чалавек у міжнародным або міждзяржаўным вышуку, то адпаведныя органы, у дадзеным выпадку армянскія, затрымліваюць яго і паведамляюць пра гэта ініцыятару вышуку — Беларусі. Далей беларускія органы прадстаўляюць следчыя матэрыялы, што абгрунтоўваюць ягонае затрыманне, і просяць аб экстрадыцыі. З гэтым ужо мусіць разбірацца армянскі суд. Зразумела, што сам затрыманы і ягоны адвакат прэзентуюць суду сваё бачанне сітуацыі. Паралельна з працэдурай экстрадыцыі затрыманы можа папрасіць прытулак у гэтай краіне. Калі ёсць падставы для прытулку, то адпаведна Арменія не мела права яго выдаць Беларусі. Да гэтага абавязвае Канвенцыя пра статус уцекача 1951 года», — каментуе юрыст Раман Кісляк.
Адвакатка хлопца Ані Шыціньян даводзіла, што беларускія праваахоўнікі выкарыстоўваюць распачатую крымінальную справу як падставу для пакарання Максіма за апазіцыйныя погляды, таму армянская пракуратура не мусіць экстрадаваць яго ў Беларусь. А калі прыме такую пастанову, то зробіцца наўпроставым саўдзельнікам парушэння артыкулу Еўрапейскай канвенцыі аб правах чалавека, таму што ўжо ёсць дакладныя абгрунтаванні, што чалавек сапраўды ўцёк ад гвалту.
На 35-ы дзень Беларусь адказала на запыт Арменіі і папрасіла выдаць Максіма
Пасля содняў у Жодзіна ўмовы ў армянскай турме падаліся Максіму добрымі:
«Яны ўсе разумелі, што я не злачынец, і добра да мяне ставіліся. Я быў у камеры з іншымі замежнікамі. Было дрэнна толькі ад таго, што я не на волі. Так, я разумею, што юрыдычна я ўхіліст. Але ў мяне не было разумення, што маё злачынства распаўсюджваецца на ўсе краіны. Гэта насамрэч абсалютная юрыдычная непісьменнасць з майго боку».
На 35-ы дзень Беларусь адказала на запыт Арменіі і папрасіла выдаць Максіма, абяцаючы выканаць усе ягоныя правы.
«Але да таго моманту я ўжо перадаў прашэнне на палітычны прытулак у Арменіі, у якім напісаў, што мае правы ўжо парушаліся ў Беларусі. Дарэчы, парада для тых, хто, не дай бог, але можа сутыкнуцца з падобнай гісторыяй. Наколькі я зразумеў, міграцыйная служба Арменіі разглядае заявы на палітычны прытулак толькі пасля суда. Таму што маю першую заяўку адхілілі. Я напісаў яе да суда і страціў цэлы месяц, пакуль пісаў новую і пакуль яны зноўку разглядалі», — кажа Максім.
На другім судзе ад свайго адваката ён даведаўся, што ў той жа турме сядзіць яшчэ адзін беларус, якога затрымалі на некалькі дзён раней праз аналагічную прычыну. Гаворка ідзе пра Яраслава Новікава. Адвакат Яраслава звязаўся з Кабінетам Святланы Ціханоўскай і папрасіў праясніць сітуацыю. Місія дэмакратычнай Беларусі ў Бруселі раней накіравала ў міграцыйную службу Арменіі ліст у ягонае падтрыманне. Таксама Святлана Ціханоўская асабіста пагаварыла са спікерам парламенту Арменіі Аленам Сіманьянам і прадстаўнікамі армянскай дэлегацыі ў справе Яраслава. Тая сустрэча адбылася ў Еўрапарламенце падчас кангрэса «Еўранэсту».
«Асабіста Святлана Ціханоўская і праваабаронцы стварылі прэцэдэнт»
Праз тры месяцы турмы ў Максіма было сумоўе ў міграцыйнай службе.
«Ведаў, што хлопцу да мяне — Яраславу Новікаву — палітычнае ўцякацтва ўхвалілі. Разумеў, што прэцэдэнт ужо ёсць, ратавалі ўсім светам, таму наўрад ці мне адмовяць.
Я вельмі рады, што ўсё абышлося, і ўдзячны ўсім датычным. Атрымалася, што асабіста Святлана Ціханоўская і праваабаронцы стварылі прэцэдэнт і дапамаглі адразу некалькім людзям. Праўда, не хочацца верыць, што для абароны чалавека недастаткова толькі закону, а патрэбныя менавіта наўпроставы зварот Святланы Ціханоўскай, рэзананс у СМІ і далучэнне праваабаронцаў з розных краінаў».
Цяпер Максім у Арменіі. З турмы яго сустрэў фонд «Перспектыва». Ён жа дапамог з жыллём і садзейнічае ў атрыманні дакументаў на ўцякацтва. Пасля гэтага трэба будзе яшчэ адна доўгая працэдура. У аднабаковым парадку яго мусяць прыбраць з базы вышуку МУС Арменіі. Без гэтага пакінуць краіну Максім не зможа.
«Так, я застаюся ў вышуку ў Беларусі, але Арменія, калі ўсё атрымаецца, будзе гэта ігнараваць. Пакуль што нават не магу ўявіць, колькі часу на гэта спатрэбіцца», — гаворыць Максім.
Ужо не першы выпадак затрымання беларуса на армяна-грузінскай мяжы
Толькі ў 2024 паводле запыту беларускіх сілавікоў затрымалі чатырох мужчынаў, якіх за ўхіленне ад прызыву на вайсковую службу Беларусь абвясціла ў міждзяржаўны вышук. Двое з іх — Яраслаў Новікаў і Максім Вайткявічус.
У 2022−2023 гадах улады Арменіі затрымалі некалькіх беларускіх грамадзянаў, таксама падчас спробы «абнуліць» тэрмін перабывання ў Грузіі.
У студзені 2023 года Генеральная пракуратура Беларусі паведаміла, што Арменія перадала затрыманага на сваёй тэрыторыі грамадзяніна Беларусі, які, паводле версіі следчых, ухіляўся ад службы ў войску, хоць першапачаткова яго абвінавацілі ў растраце вялікіх памераў. Пра іншыя выпадкі перадачы Беларусі затрыманых у Арменіі беларусаў невядома.