Па тэлеграм-каналах Гомеля з раніцы разляцеліся відэа аб’ектамі ў небе, ахопленымі агнём. Рэгіён мяжуе з Расіяй і Украінай, якія ваююць адна з адной, і па чатах і групах панеслася абмеркаванне, што гэта было. Адны казалі пра гучнае «баханне» ці гукі, падобныя да выбухаў, некаторыя наогул прынялі іх за навальнічны гром, іншыя адразу былі ўпэўненыя: нешта ўзарвалася. Да раніцы ўсе разабраліся, што над горадам збілі расійскія беспілотнікі (улады пацвердзілі працу СПА па цэлях, але не сказалі, адкуль яны прыляцелі ў Беларусь). «Люстэрка» паразмаўляла з жыхарамі Гомеля пра тое, што здарылася.
Імёны суразмоўцаў змененыя з меркаванняў іх бяспекі.
«Думаў, пакуль нас гэта не датычыць, а яно вунь як аказалася»
— Я чуў два выразныя выбухі, спачатку падумаў: навальніца. Гэтыя гукі напалохалі, было неяк не па сабе, але потым спакойна лёг далей спаць. Ужо раніцай даведаўся ад вас у навінах, што гэта збілі беспілотнік, — кажа Аляксей. Жыхар Гомельскага мікрараёна Хутар падзяліўся, што не заўважыў наступстваў выбуховай хвалі — дрыжання вокнаў ці дзвярэй, пасля ў акрузе было ціха.
Два выбухі чула і Аксана — жыхарка мікрараёна Сяльмаш. Праўда, хоць ён знаходзіцца ў іншай частцы горада і аддалены ад Навабеліцы, у двары дома жанчыны спрацавала сігналізацыя ў машын.
— Каля дзвюх гадзін ночы ў мяне прачнулася дзіця, акурат было адчыненае акно ў кватэры. Чую — гук, нібыта выбух, — апісвае жанчына. — І досыць моцны, бо засігналіла нечая машына. Я падумала, што недзе недалёка пачынаецца навальніца, грыміць гром. Адкрыла праграму надвор’я — там нідзе вакол ні хмар, ні дажджоў. Праз хвіліну — яшчэ адзін выбух, толькі ўжо гучнейшы, на некалькіх машынах «сігналка» спрацавала. Заходжу ў навіны — нічога, цішыня. Ну, думаю, добра. А што гэта яшчэ можа быць? Я пайшла класці дзіця і сама легла далей спаць.
Аксана расказвае, што пра беспілотнікі даведалася толькі раніцай і здзівілася. Хоць тое, што ў небе над Беларуссю ўжо не раз лёталі расійскія БПЛА, для жанчыны не навіна.
А вось Уладзімір з раёна Волатава, які таксама знаходзіцца ў іншай частцы Гомеля, пра гэта не чуў і даведаўся толькі ў гэты чацвер.
— Я ішоў ноччу дадому, пісаў паведамленне ў тэлефоне — краем вока заўважыў нешта жоўтае ў небе. Падумаў: зорка падае. Прыгледзеўся: не, не зорка — гэта канкрэтна агністы след, полымя. Як выбухнула, я не бачыў, але потым нешта нібыта развалілася на дзве часткі, адна з іх гарэла. Праз хвіліну нешта яшчэ ўзарвалася, быў гук выбуху і ўспышкі удалечыні, а потым яшчэ гэты «агеньчык» упаў, ну і потым ад гэтага падзення гук даляцеў.
Малады чалавек расказвае, што адразу зразумеў, што быў менавіта выбух. Але падумаў, што збілі самалёт:
— Было страшна, шчыра скажу. Трохі нават панікаваў: ведаеце, убачыць, як падае ці збіваюць самалёт, — «дух займае» ў кепскім сэнсе. Падумаў: бедны пілот, як ён там, жывы, мёртвы, выскачыў ці не. Раніцай мне знаёмыя расказалі, што збілі дроны і што гэта наогул для Беларусі з’ява адносна нармальная — што пралятаюць гэтыя «Шахеды».
Суразмоўца тлумачыць, што павярхоўна сочыць за навінамі, бо «не любіць палітычных спрэчак, бо ў іх амаль заўсёды ніхто не мае рацыі». Але адразу зразумеў, што збіты дрон — расійскі. Праўда, хлопец здзівіўся, што беларускія вайскоўцы яго збілі:
— Там і з кірунку было зразумела, чый «Шахед», але я не зразумеў, чаму яго збілі: Саюзная дзяржава ж, — кажа Уладзімір. — Ну і тут, я б сказаў, ужо канкрэтна напружыўся. Калі шчыра, наогул не чакаў, што такое ў Гомелі можа быць. Думаў, пакуль нас гэта не датычыць ніякім чынам, а яно вунь як аказалася. Не хочацца, каб усё гэта перарасло ў баявыя дзеянні яшчэ і на нашай тэрыторыі. Усё ж мы адносна блізка жывём да мяжы.
«Гэта мусіла здарыцца рана ці позна. Абурэнне — ад самога факту вайны»
Лізавета з гэтага ж мікрараёна Волатава тады толькі збіралася спаць. Дзяўчына адразу зразумела, што гэта за гукі, і расперажывалася.
— Выбухі былі даволі гучнымі, хоць і былі глухімі, падобнымі да грымотаў. Святла ад выбуху я не бачыла, выбуховай хвалі не было. Праўда, усё ж было чуваць, нібыта нешта накшталт яе распаўсюджваецца, — кажа яна. — Але я вырашыла сябе супакоіць, што занадта далёка знаходжуся і ў мяне, хутчэй за ўсё, ужо параноя, — кажа яна. — Стала трывожна, але я заснула як звычайна, бо прывыкла да такога стану ў першыя паўгода вайны, калі ўздрыгвала ад кожнага гуку. І цяпер вырашыла, што мне проста мроіцца гэта праз апошнія навіны.
Калі Лізавета ў навінах прачытала, што ў Гомелі ноччу збілі беспілотнікі, то пачала хвалявацца мацней. Але дзяўчына прызнаецца, што самі па сабе выбухі ў горадзе для яе не сталі нечаканасцю, хутчэй здзівіла рэакцыя беларускіх вайскоўцаў.
— Я баялася і чакала гэтага з самага пачатку вайны. Мне здаецца, гэта мусіла здарыцца рана ці позна. А з часам, думаю, будзе адбывацца ўсё часцей. Але гэта вайна, і мы ў яе ўцягнутыя. Зразумела, што будуць наступствы. Мне ўсё яшчэ трывожна, але расійскія беспілотнікі я б збівала [над Беларуссю] проста хаця б для таго, каб яны ва Украіне нікому шкоды не нанеслі, калі паляцяць туды, — кажа гамяльчанка. — Ніякай інфармацыі ад уладаў я не чакала: яны надта любяць усё хаваць.
Дзяўчыну турбуе тое, што ў насельніцтва няма інфармацыі пра бамбасховішчы, як і іх саміх. Яе сям’я жыве ў новабудоўлі, дзе нават няма падвала, і Лізавета перажывае, што ў выпадку небяспекі не будзе дзе хавацца.
— Я б хацела, каб нам [улады] далі больш бамбасховішчаў. Іх мала, а ў маім раёне, наколькі мне вядома, наогул няма. Мы з сям’ёй самі гуглілі, дзе можна будзе схавацца ў выпадку чаго, — кажа суразмоўніца. — У выніку спецыялізаваных месцаў паблізу не знайшлі. Потым пачалі думаць, дзе ёсць памяшканні, ніжэйшыя за нулявы паверх. Выбар бедны: у адной школе распранальня знаходзіцца пад зямлёй, можна было б пабегчы туды, але ад нас гэта 15 хвілін хады. Пакуль мы прыбяжым, яе ўжо запоўняць людзі, што жывуць бліжэй. А астатнія падземныя месцы, якія мы ўспомнілі, не змесцяць больш за дзесяць чалавек.
Лізавета дадае, што абурэння тое, што адбылося ўначы, у яе не выклікала. Гамяльчанка лічыць, што беспілотнікі трэба збіваць і беларускія чыноўнікі і вайскоўцы не мусяць пра гэта маўчаць.
— Адзінае абурэнне, якое ў мяне ёсць, — ад самога факту вайны, — працягвае яна. — Тое, што Расія зрабіла, — недаравальна. Як і тое, што нашая ўлада дазволіла зайсці з тэрыторыі Беларусі.
Чытайце таксама


