Расія планавала разграміць Украіну за 10 дзён, а найвышэйшае ўкраінскае кіраўніцтва збіраліся ліквідаваць — але гэтая стратэгія пацярпела крах з шэрагу прычын. Найстарэйшы think tank («фабрыка думкі») свету, брытанскі Каралеўскі аб’яднаны інстытут абаронных даследаванняў (RUSI) падрыхтаваў даклад, прысвечаны стратэгічнаму планаванню Расіі і Украіны перад 24 лютага 2022 года, а таксама першым месяцам вайны. Вывучылі яго і расказваем галоўнае.
Хто падрыхтаваў даклад і што легла ў яго аснову
Каралеўскі аб’яднаны інстытут абаронных даследаванняў — брытанскі think tank у галіне ваеннай і ваенна-марской навукі. Ён быў заснаваны ў 1831 годзе з ініцыятывы герцага Артура Уэлслі Велінгтана (пераможцы Напалеона пры Ватэрлоа). У падрыхтоўцы справаздачы бралі ўдзел аналітыкі інстытута Нік Рэйнальдс і Джэк Уэтлінг і эксперты з Украіны — былы дарадца міністра абароны краіны Аляксандр Данілюк і былы камандуючы дэсантна-штурмавымі войскамі УСУ Міхаіл Забродскі.
Большая частка інфармацыі ўзятая з аператыўных звестак, сабраных Генштабам УСУ за час вайны і перададзеных аўтарам. З гэтай прычыны ў справаздачы могуць адсутнічаць канкрэтныя лічбы, якія не падлягаюць публікацыі, аднак выкарыстоўваюцца для высноваў, што робяцца аналітыкамі. Напрыклад, лічбы стратаў УСУ, якія наўпрост не названыя, аднак выкарыстоўваюцца для ацэнкі эфектыўнасці дзеянняў расійскай арміі.
Даклад закранае перыяд ад падрыхтоўкі абодвух бакоў да вайны да ліпеня 2022 года.
Як Расія планавала перамагчы
Паводле сцверджанняў аўтараў дакладу, стратэгічны план Расіі прадугледжваў поўнае падпарадкаванне ўкраінскай дзяржавы ў выніку хуткаплыннай аперацыі. Ён складаўся, мяркуючы з усяго, спецслужбамі і часткай Адміністрацыі прэзідэнта Уладзіміра Пуціна пры падтрымцы Міністэрства абароны.
Канцэнтравацца расійскія войскі паблізу ўкраінскіх межаў пачалі яшчэ вясной 2021 года (то-бок амаль за год да ўварвання) — прычым нарошчванне вайсковых сіл мела тры мэты: змусіць Захад і Кіеў быць больш падатлівымі ў перамоўным працэсе, натрэніравацца ў перакідванні сіл і ацаніць рэакцыю заходніх партнёраў Украіны на магчымую эскалацыю канфлікту. Тады краіны NATO не палічылі адпраўку войскаў РФ да ўкраінскіх межаў чымсьці небяспечным і мелі рацыю.
У ліпені 2021 года аднаму з аддзелаў ФСБ даручылі спланаваць не толькі ўварванне, але і будучую акупацыю Украіны, папярэдне даследаваўшы грамадскую думку ў краіне. Мяркуючы з усяго, для расійскага кіраўніцтва была намаляваная спрыяльная карціна, дзе палітычна пасіўнае ўкраінскае насельніцтва, якое не давярае сваім лідарам, зусім не супраць уз’яднацца з расіянамі — а перашкаджае яму нібыта толькі ўрад Украіны.
Расійская ўлада зрабіла стаўку на вокамгненны ўдар — хутка ўвайсці з розных бакоў ва Украіну, ліквідаваць яе лідараў, адначасова скаваць баямі асноўныя сілы УСУ на Данбасе і разграміць іх (адначасна патапіўшы флот і ліквідаваўшы ВПС і СПА).
Пасля паразы ўкраінскай арміі і знішчэння палітычнага і ваеннага кіраўніцтва Украіны краіна мусіла страціць волю да перамогі і здацца. Крытычную інфраструктуру планавалася захапіць цалкам — як і парламент, Цэнтрабанк і аб’екты атамнай энергетыкі (прычым украінская разведка лічыць, што Ровенскую і Хмяльніцкую АЭС меркавалася браць пад кантроль сіламі спецаперацый Беларусі).
Множнасць задач, якія стаялі перад войскамі Расіі, змусіла камандаванне раскідаць іх па некалькіх напрамках. «Палітычную» мэту — акружэнне і ўзяцце Кіева — мусілі выконваць дзве групоўкі (адна стаяла ў Гомельскай вобласці Беларусі і павінная была наступаць па заходнім беразе Дняпра, другая планавала з Бранскай вобласці РФ ахапіць горад з усходу).
Адначасова паўднёвая групоўка наносіла ўдар з акупаванага Крыма і мела мэту захапіць найважнейшыя гарады і аб’екты поўдня Украіны (уключаючы Паўночна-Крымскі канал, Энергадар, Марыупаль і Вазнясенск з Паўднёва-Украінскай АЭС). А з усходу планавалася ўвесці войскі для акружэння прыкладна паловы сіл УСУ на Данбасе.
Асобную групу складаў Чарнаморскі флот і дэсантныя сродкі: задачай было падтрымліваць ракетным агнём надыход войскаў (што і адбылося ў рэальнасці) і высаджваць дэсанты ў раёне Херсон-Мікалаеў-Адэса, а таксама надзейна блакаваць украінскае ўзбярэжжа.
Цікава, што расійскае планаванне практычна не брала пад увагу наяўнасць ва Украіны вялікіх рэзерваў: так, улічваліся толькі 40 000 байцоў тэрабороны — у рэальнасці да траўня 2022 года іх было больш за 100 000. Паводле задумы агрэсараў, у выпадку хуткай перамогі мабілізацыйная машына Кіева мусіла зламацца, толкам не запрацаваўшы.
На ўсю аперацыю адводзілася крыху больш за тыдзень — ужо на дзясяты дзень планавалася прыступіць да «стабілізацыі» абстаноўкі, то-бок зачысткі асобных частак УСУ і тэрабароны, якія не здаліся.
Перамогшы ў хуткабежнай вайне, расійскія войскі мусілі перадаць заваяваныя тэрыторыі спецслужбам, якія стварылі б акупацыйныя адміністрацыі. Усе ўкраінскія грамадзяне загадзя дзяліліся на чатыры катэгорыі:
• тыя, што падлягаюць знішчэнню;
• нелаяльныя, якіх неабходна здушыць і запалохаць;
• нейтральныя, якіх можна схіліць да супрацоўніцтва;
• гатовыя стаць калабарацыяністамі.
Для захопу людзей з першай катэгорыі (у якую ўваходзілі, напрыклад, тыя, хто ўдзельнічаў у Еўрамайдане ў 2013−2014 гадах) ФСБ праводзіла спецыяльныя ваенныя гульні. Для ўціску і запалохвання распрацоўвалася сістэма, якая ўключала фільтрацыйныя лагеры, прымусовае перасяленне ў Расію.
На нелаяльныя рэгіёны меркавалася дзейнічаць шантажом праз адключэнне электраэнергіі (менавіта таму трэба было хутка захапіць АЭС — большую частку электрычнасці ва Украіне вырабляюць яны), вады і абмежаванне доступу да фінансавай сістэмы краіны. Аб’екты атамнай энергетыкі мусілі служыць і інструментам магчымага шантажу еўрапейцаў радыяцыйным заражэннем, калі краіны Захаду вырашаць умяшацца ў канфлікт.
Поўны кантроль над Украінай Расія разлічвала, паводле аўтараў дакладу, атрымаць да лета 2022 года. Адзначаецца, што план быў настолькі сакрэтны, што пра яго не ведала большасць вайскоўцаў, уключаючы афіцэраў расійскага Генштаба і афіцыйных асобаў.
Як Украіна рыхтавалася да вайны
У адрозненне ад расійскіх салдат і афіцэраў, кадравыя вайскоўцы Украіны вялі вайну, хай і ў меншых маштабах, восем гадоў. Ратацыя кадраў дапамагла дастаткова вялікай колькасці вайскоўцаў атрымаць баявы досвед і добра вывучыць мясцовасць, дзе трэба ваяваць. Асаблівая ўвага надавалася захаванню ў войсках дасведчаных кадраў (што было няпроста праз абмежаваны ваенны бюджэт, які не заўсёды дазваляў плаціць канкурэнтныя зарплаты). Аднак задачу выканаць удалося — у тым ліку ўтрымаць у войсках кадравы касцяк сямі брыгадаў дэсантна-штурмавых войскаў, Сіл спецыяльных аперацый і іншых войскаў спецпрызначэння.
Іншым удалым новаўвядзеннем называюць стварэнне ў студзені 2022 войскаў тэрытарыяльнай абароны — такія сілы было важна арганізаваць своечасова, бо ўтрымліваць велізарныя па колькасці і абмежавана баяздольныя ў параўнанні з УСУ кантынгенты доўгі час было накладна.
Ключавым жа плюсам украінскай стратэгіі аўтары дакладу называюць адраджэнне артылерыі і ракетных войскаў. Да Еўрамайдана ў УСУ была ўсяго адна ракетная брыгада, дзве артылерыйскія, тры палкі рэактыўнай артылерыі і часткі ў складзе механізаваных і танкавых брыгадаў са 152-мм і 122-мм гарматамі і РСЗА «Град». З сакавіка 2014 года былі створаныя шэсць новых артылерыйскіх брыгадаў і два палкі ў складзе сухапутных войскаў і ВМФ, а наяўная ракетная брыгада папоўнілася дадатковымі дывізіёнамі. У выніку рэформаў УСУ атрымалі 1176 гармат і 1680 РСЗА плюс 40 АТРК «Точка-У» — гэта зрабіла Украіну найбуйнейшай артылерыйскай дзяржавай у Еўропе пасля Расіі.
Боепрыпасаў для сваіх гармат і ўстановак залпавага агню ва УСУ хапала на шэсць тыдняў вайны — з 2014 па 2018 год Украіна страціла каля 210 000 тон снарадаў і ракет для РСЗА ў выніку ўзрываў на складах і ў арсеналах, яшчэ 70 000 тон выдаткавалі за гады вайны на Данбасе.
Шмат сіл Украіна ўклала ў якаснае ўзмацненне артылерыі, уключаючы аснашчэнне беспілотнікамі і павышэнне якасці кіравання (так, выкарыстанне праграмы «Кропива» дазволіла скараціць час разгортвання на 80 працэнтаў, час паражэння цэляў — на 66%, а час адкрыцця контрбатарэйнага агню — на 90%).
Танкавыя часткі больш чым падвоіліся (з 400 да 900 машын), прычым танкі сталі актыўна выкарыстоўваць як браніраваную артылерыю для стральбы непрамой наводкай на адлегласць да 10 кіламетраў — у адрозненне ад звычайных САУ, танкі нашмат менш уразлівыя для агню ў адказ. Недахоп сродкаў вымусіў адмовіцца ад закупкі новых танкаў Т-84 «Оплот» і засяродзіцца на мадэрнізацыі наяўных Т-64.
Для будучай барацьбы з расійскімі танкамі УСУ больш разлічвалі не на ўласны танкавы парк, а на вялікую колькасць процітанкавых сродкаў. Да пачатку лютага 2022 года Украіна мела 950 пускавых установак ПТРК і 9100 ракет да іх (плюс сістэмы малой далёкасці накшталт NLAW, супрацьтанкавыя ракеты для танкавых гармат і састарэлыя сістэмы «Фагот» і «Метыс» — гэта яшчэ некалькі тысяч ракет).
Улічваючы патэнцыйную моц расійскай авіяцыі, у прыярытэце ў ваеннага кіраўніцтва Украіны было і развіццё СПА. Сістэму апавяшчэння пра варожыя самалёты і ракеты забяспечвалі чатыры брыгады радыёразведкі з рознымі радарамі і іншым абсталяваннем. Прыкрываць планавалася не толькі войскі, але і мноства прамысловых і энергетычных аб’ектаў, што абмяжоўвала СПА Украіны ў манеўры. Для знішчэння паветраных цэляў ва УСУ было 38 дывізіёнаў С-300 розных версій і 15 дывізіёнаў ЗРК сярэдняй далёкасці «Бук-М1». Да гэтага можна дадаць вялікую колькасць пераносных зенітна-ракетных комплексаў. Стратэгія была простай — ЗРК накшталт «Букаў» і С-300 былі закліканыя прымусіць расійскую авіяцыю апусціцца на малыя вышыні, а ПЗРК — збіваць яе там.
Авіяцыя Украіны заведама саступала ў колькасці і якасці расійскай, для паветранай барацьбы Украіна магла выставіць толькі старыя савецкія знішчальнікі МіГ-29 і Су-27. Жывучасць частак ВПС меркавалася павысіць за кошт умення хутка разгрупаваць авіяцыю па запасных аэрадромах і ваяваць на малых вышынях з выкарыстаннем добра знаёмага рэльефу мясцовасці.
Флот Украіны быў слабы, і абарона краіны з мора мусіла абапірацца на тандэм сістэмаў выяўлення і супрацькарабельных ракет комплексу РС-360 «Нептун», якія запускаюцца з берага.
Асноўным тэатрам вайны ваеннае кіраўніцтва Украіны лічыла Данбас, магчымы ўдар на Кіеў лічыла пакліканым адцягнуць увагу. Гэта пацвярджалася радыёперахопамі, бо расійскія вайскоўцы на паўночным напрамку не ведалі, што іх кінуць на сталіцу (такая сакрэтнасць пазней дорага абышлася Расіі). Тым не менш незадоўга да ўварвання ўкраінскае ваеннае кіраўніцтва паспела разгрупаваць не толькі авіяцыю, але і сістэмы СПА, і запасы боепрыпасаў.
Люты-сакавік: уварванне і спроба ўзяць Кіеў
Масіраваны ракетны ўдар, нанесены расійскай арміяй раніцай 24 лютага, быў скіраваны на найважнейшыя вайсковыя аб’екты Украіны, аднак многіх цэляў не дасягнуў. Так, са знішчаных аб’ектаў СПА большая частка была стацыянарнымі — у той час як мабільныя ЗРК і радары страцілі толькі каля 10% магутнасці. Паспяховей за ўсё УС РФ дзейнічалі на поўдні, знішчыўшы большую частку сістэм СПА вакол Херсона і Мікалаева.
План нейтралізаваць найвышэйшае ваеннае кіраўніцтва УСУ з дапамогай пераконвання ўкраінскіх генералаў не супраціўляцца пацярпеў крах. Таксама аўтары дакладу адзначаюць, што любую цэль, па якой былі выпушчаныя ракеты, расійскія афіцэры лічылі знішчанай, калі не было прамых доказаў зваротнага — гэта часта аказвалася памылкай.
Пасля першага ўдару ва Украіну ўвайшлі сухапутныя войскі — і тут, як ужо згадвалася, адыграла негатыўную ролю празмерная сакрэтнасць планавання аперацыі. Калоны, якія перасеклі мяжы, толькі за некалькі гадзін да гэтага атрымалі загады і не былі ў належнай ступені забяспечаныя нічым з неабходнага: ні картамі, ні боепрыпасамі, ні прадуктамі харчавання. Загады зводзіліся да патрабаванняў дайсці да такога і такога пункта ў патрэбны час. Аўтары дакладу мяркуюць, што па сутнасці сухапутныя войскі патрабаваліся для дэманстрацыі сілы, а не для баёў — таму яны ішлі ў паходных калонах і цяжкіх баёў не чакалі.
Для адбіцця першых наступаў Украіна аператыўна перакінула большую частку спецпадраздзяленняў на кіеўскі напрамак, а таксама адмабілізавала рэзервістаў (стварыўшы такім чынам новыя батальёны для абароны Кіева) і курсантаў ваенных акадэмій. Фактычна ў дадатак да трох брыгадаў, што ўжо былі на Кіеўшчыне, дадалася цэлая групоўка войскаў — хоць у асобныя моманты колькасная перавага расіян на гэтым кірунку даходзіла да 12 да 1.
На Данбасе ўкраінскія часткі ўдалося звязаць баямі, хоць прасунуцца тут расіянам не ўдалося. Асноўных поспехаў УС РФ удалося дасягнуць на поўдні, узяўшы Мелітопаль і Херсон і падышоўшы да Марыупаля. Аперацыя па захопе Харкава пацярпела няўдачу: перадавыя часткі расійскага спецназа ўвайшлі ў горад, былі там акружаныя і знішчаныя, а астатнія войскі прыступілі да беспаспяховай аблогі.
На трэці дзень вайны расійскаму камандаванню стала ясна, што бліцкрыг праваліўся — украінская армія не была разгромленая, спецслужбы не змаглі знішчыць палітычнае кіраўніцтва Украіны, і заставалася паспрабаваць узяць Кіеў ужо не налётам, а сілай.
Спачатку расійская авіяцыя паспрабавала здушыць СПА з дапамогай супрацьрадарных ракет, атакуючы з малых вышыняў. У гэты час расіяне надавалі мала ўвагі прыкрыццю сваіх войскаў з паветра, што дазволіла Паветраным сілам Украіны наносіць удары па калонах войскаў самалётамі, верталётамі і «Байрактарамі».
Марскі дэсант на Мікалаеў і Адэсу так і не адбыўся — высадзіліся толькі разведвальныя атрады, якія панеслі вялікія страты, і на гэтым усё скончылася. Сухапутныя войскі адаптаваліся да новых рэалій горш — у першую чаргу таму, што асноўнай тактычнай адзінкай у расійскай арміі была БТГ (батальённа-тактычная група), сабраная пад канкрэтную сітуацыю з розных частак і прызначаная для кароткатэрміновай кампаніі.
Складовыя часткі БТГ часцяком кепска ўзаемадзейнічалі адна з адной, і агульная іх эфектыўнасць у поўнамаштабнай вайне аказвалася невысокай. Няважнай была і сувязь — так, ужо ў першыя дні вайны расійскія падраздзяленні пачалі спадзявацца на мабільныя тэлефоны, што дазволіла УСУ праслухоўваць іх перамовы (якія ў асноўным датычылі размяшчэння частак, толькі 10−20% паведамленняў датычыла кіравання войскамі).
Пакуль расійскія вайскоўцы спрабавалі наладзіць сувязь, УСУ выйшлі на флангі групоўкі, што наступала на Кіеў, і цягам месяца яе абстрэльвалі — прычым УС РФ не маглі ні знішчыць украінскія часткі, ні блакаваць Кіеў, праз што да канца сакавіка вымушаныя былі адступіць назад на поўнач. Група войскаў, якая наступала на Чарнігаў і Сумы, угразла ў баях у лясах і таксама спынілася. Паўднёвая групоўка не здолела акружыць Мікалаеў з поўначы, суадносіны сіл тут паступова выраўнялася — і поспехі на гэтым напрамку спыніліся.
Аднак паўднёвым войскам расіян удалося блакаваць Марыупаль (гэта наступ аўтары дакладу называюць адзіным, што прайшоў паводле раней вызначанага плана). Далейшая аблога горада вялася шляхам камбінацыі тактыкі масіраванага агню і штурмавых груп. Значная перавага ў сілах дазволіла УС РФ дамагчыся поспеху.
Красавік-чэрвень: спроба перамагчы на Данбасе
Адступіўшы ад Кіева, расіяне перайшлі да тактыкі, якую ва УСУ лічылі найбольш імавернай да вайны — наступаць на Данбасе, каб паспрабаваць знішчыць украінскія войскі і прымусіць Кіеў пачаць перамовы на выгадных Крамлю ўмовах. Пры гэтым, нягледзячы на вялікія страты і крайняе знясіленне войскаў, вырашана было не праводзіць мабілізацыю ў надзеі справіцца і так.
На Данбасе скануцэнтравалі 146 БТГ. Мноства частак УСУ таксама моцна знясілілася і панесла страты, аднак здолела захаваць высокі баявы дух. Праўда, манеўраная абарона, пры якой дапушчальная была здача некаторых населеных пунктаў, стала палітычна немагчымая: раскрыліся ваенныя злачынствы ў Бучы, і пакідаць гарады расіянам цяпер было нельга.
Таксама да красавіка 2022 года ва УСУ скончылася большая частка боепрыпасаў — пастаўкі з Захаду яшчэ былі невялікія. Аўтары дакладу адзначаюць, што на ранніх этапах бітвы за Данбас украінская армія была найбольш уразлівая з матэрыяльнага пункту гледжання. У выніку расійская армія пачала моцна пераўзыходзіць украінскую ў агнявой моцы і сістэмах радыёэлектроннай барацьбы і за кошт гэтага дамаглася пэўных поспехаў.
У гэты перыяд выявілася большая дакладнасць артылерыі УСУ ў параўнанні з расійскай: там, дзе ўкраінцы вырашалі баявыя задачы адзінкавымі гарматамі, расіянам для тых самых мэтаў даводзілася дзейнічаць цэлымі батарэямі і нават тактычнымі артылерыйскімі групамі. Расійская артылерыя выпускала за суткі ад 20 да 32 тысяч снарадаў, украінская — максімум каля 6 тысяч. Перавага ў артылерыйскім складніку паступова расла і ў чэрвені на Данбасе даходзіла да дванаццацікротнай.
Аднак прасоўваліся расіяне павольна: спробы атакаваць танкамі прыводзілі да вялікіх стратаў бронетэхнікі, а недахоп матываванай пяхоты прывёў да таго, што тактыка зводзілася да знішчэння ўсяго артылерыяй, затым — прасоўванне наперад найменш каштоўнымі для камандавання мабілізаванымі з самаабвешчаных ЛНР і ДНР, а затым — завяршальны штурм больш баяздольнымі войскамі.
Расійская авіяцыя ў гэты перыяд перайшла да тактыкі, якую выкарыстоўвае і цяпер — масіраваных пускаў дальнабойных крылатых ракет, не заходзячы ў паветраную прастору Украіны. Флот Расіі раптам страціў у выніку ўдару ўкраінскіх ракет флагманскі крэйсер «Масква» і абмяжоўваўся далёкай блакадай украінскага ўзбярэжжа і пускамі ракет.
УСУ доўга трымаліся на сваіх пазіцыях паблізу Севераданецка, але да канца чэрвеня яны былі амаль цалкам разбураныя, і ўкраінцы прынялі рашэнне пакінуць горад.
Ключавой уразлівасцю расійскай арміі ў гэты перыяд сталі велізарныя склады з боепрыпасамі — адзін такі склад мог забяспечыць усе войскі вакол на 30−50 кіламетраў. Агнявы вал расіян дзейнічаў толькі пакуль у праціўнікаў не было зброі для знішчэння гэтых гіганцкіх запасаў: доўгі час УСУ спрабавалі з пераменным поспехам падрываць іх ракетамі «Точка-У» і РСЗА «Смерч», аднак толькі пастаўкі амерыканскіх высокадакладных РСЗА HIMARS цалкам змянілі сітуацыю. Наперадзе быў новы этап вайны.
Чытайце таксама


