Пра гэтае інтэрв'ю мы дамаўляліся амаль тры месяцы: размова пераносілася праз абстрэлы ў горадзе і пастаянную занятасць Галіны Лугавой. Да поўнамаштабнага ўварвання яна працавала сакратаром Херсонскай гарадской рады, пазней ёй давялося стаць в. а. кіраўніка горада, а 21 верасня 2022 года прэзідэнт Украіны прызначыў нашую суразмоўніцу начальнікам гарадской ваеннай адміністрацыі. Мы пагаварылі з Галінай Лугавой пра жахлівы шлях, які яна прайшла, жыццё ў Херсоне ў апошні год, сустрэчу з Уладзімірам Зяленскім, беларускіх добраахвотнікаў і Лукашэнку.
«Бой ішоў у канцы нашай вуліцы. Гэта быў Армагедон, кацёл і пекла»
— Вы хочаце гаварыць па-руску?
— Можна па-руску, можна па-ўкраінску.
— Лепш я буду гаварыць на англійскай, чым на рускай. Я не супраць, калі вы будзеце гаварыць на рускай, але адказваць я вам буду па-ўкраінску.
— Без праблем. Вы цяпер у Херсоне?
— Так, я цяпер знаходжуся ў горадзе-героі Херсон.
— Калі вы з’ехалі адтуль і калі вярнуліся?
— 24 лютага, калі пачалася вайна, я прачнулася і пачула выбухі, мы жылі недалёка ад Антонаўскага моста. Я напісала ў дэпутацкі чат, што мы павінныя сабрацца, а 8-й раніцы, бо пачалася вайна. Прыйшла на працу, там былі ўсе, мы абмеркавалі, што адбываецца, як дзейнічаць, бо людзі былі ў разгубленасці. Кіраўнік горада Ігар Калыхаеў сказаў мне ехаць дадому і быць з сям’ёй, што я і зрабіла. Каля дзвюх гадзін дня я паглядзела ў акно і ўбачыла шмат расійскіх танкаў, якія ехалі па Антонаўскім мосце, іх суправаджалі верталёты. Мы выскачылі вонкі, я была ў тапачках, халаце і з тэлефонам у руках. Мы беглі, а верталёты абстрэльвалі тэрыторыю. Мы ўпалі на зямлю і ляжалі. Пасля вырашылі вяртацца дадому. Бой ішоў у канцы нашай вуліцы. Украінскія вайскоўцы аказвалі супраціў расійскім танкам. Гэта быў Армагедон, кацёл і пекла. Выбухі гучалі літаральна кожную хвіліну: магутныя і незразумела адкуль. Калі сцямнела, мы вырашылі, што трэба высоўвацца ў горад. Калі ехалі, бачылі разбураную тэхніку, асфальт і падпаленыя шыны. Мы спыніліся ў знаёмых.
Я працягвала хадзіць на працу, потым яшчэ раз вярнулася дадому: Антонаўка (назва пасёлка, дзе жыла Галіна. — Заўв. рэд.) была ўся абстраляная, вады, святла і газу ўжо не было. З пачатку сакавіка расійскія войскі цалкам увайшлі ў Херсон, у нас прайшоў вялікі мітынг: выйшла больш за дзесяць тысяч чалавек са сцягамі ў руках, мы скандавалі: «Иди домой, пока живой», кідаліся на расійскіх акупантаў з голымі рукамі і крычалі: «Херсон — гэта Украіна. Быў, ёсць і застанецца».
Пасля мітынгаў пачаліся катаванні. Расіяне ніяк не маглі зразумець, як можа быць мітынг без актывістаў, яны ўвесь час шукалі арганізатараў. Мы ім казалі: «У нас няма лідара, мы дэмакратычная краіна, мы захацелі выйсці на плошчу супраць павышэння тарыфаў на транспарт — і выйшлі. Нас не задавальняе, што вы, расіяне, тут — мы выходзім і выказваем сваю пазіцыю». Яны не разумелі, як такое магчыма. Расіяне ўвесь час дапытвалі і праводзілі ператрусы па дамах. Яны пачалі ціснуць на людзей. Было як за Сталіным, калі прыязджаў «чорны воран» і забіраў: кідалі ў машыну, потым у падвал, там катавалі, гвалтавалі, білі. Людзі пачалі хавацца і з’язджаць з горада.
13 сакавіка за маю праўкраінскую пазіцыю калабаранты разам з акупантамі спалілі мой дом. Я ў гэты час хавалася ў людзей, бо адкрыта працавала са СМІ і расказвала, што адбываецца ў Херсоне: акупацыю я называла акупацыяй, а оркаў — оркамі. Я разумела, што гэта да пары да часу, гэта небяспечна і што я хаджу па лязе нажа. Я жыла ў людзей, ад аднаго дома да іншага, але працягвала працаваць увесь час. Расіяне хадзілі да кіраўніка горада пастаянна, і калі гэта адбывалася, мяне папярэджвалі, і я хавалася ў прыбіральні, залазіла нагамі на ўнітаз і замыкалася на ключ.
12 красавіка дэпутаты мне сказалі, што да ўлады прыйдзе Уладзімір Сальда (стаў кіраўніком акупацыйнай адміністрацыі Херсонскай вобласці. — Заўв. рэд.) і Ігар Сяменчаў (таксама атрымаў пасаду ў акупацыйнай адміністрацыі. — Заўв. рэд.). Гэтыя людзі былі маімі ворагамі ўвесь час. Калегі казалі: «Галіна, яны цябе не пакінуць, ты павінная з’ехаць». Я пайшла да мэра, пачала задаваць пытанні, але ён мне нічога не сказаў, развярнуўся і пайшоў. Але там быў ахоўнік, ён бачыў мае слёзы на вачах: «Пачуйце тое, што я вам скажу, гэта надзвычай важна. Вы нармальны прыстойны чалавек, вы многае робіце, але цяпер вы мусіце падумаць пра сваю бяспеку і бяспеку сваёй сям'і. Калі вы гэтага не зробіце, вам тут ніхто не дапаможа. Гэта канец».
Пасля гэтых словаў я была псіхалагічна зруйнаваная, я хацела да апошняга заставацца ў горадзе і дапамагаць людзям. Я прыйшла ў дом, дзе хавалася, і сказала мужу з дзіцем, што мы збіраем рэчы і з’язджаем. 13 красавіка раніцай мы паехалі ў Мікалаеў. Было шэсць блакпастоў. Тэлефон цалкам пачысцілі, а ўкраінскую сімволіку прыбралі. Усё прайшло добра, ніхто нічога не правяраў.
Мы прыехалі, арандавалі кватэру, я зайшла ў краму, каб купіць паесці. У мяне былі слёзы, я плакала, проста істэрыка здарылася, бо я ўбачыла яйкі, сыр, каўбасу, і гэта ўсё ў вольным доступе. Прадавачка спытала: «Што з вамі, няма тавару, які патрэбны? Чаму вы плачаце?» Адказваю: «Я плачу таму, што ў вас усё ёсць, а ў нас нічога не было». Я ўзяла ежы і вярнулася ў кватэру, завесіла вокны і забараніла мужу ўключаць святло і тэлевізар. Муж мяне супакойваў: «Галя, мы ўжо на падкантрольнай тэрыторыі».
Ноччу я прачнулася ад шалёнага шуму, падумала, што бамбяць, аказалася, што проста ехала ўкраінская тэхніка па дарозе. Ранняй раніцай у горадзе пачалася трывога, я вырашыла, што трэба ехаць далей. Мы адправіліся ў Адэсу, знялі там кватэру. І зноў трывога, трывога, трывога. Кажу: «Мы едзем далей». Выправіліся ў Вінніцу. Зноў знялі кватэру. І калі раніцай я адкрыла акно, то ўбачыла, што людзі ходзяць спакойна, свеціць сонейка, адкрытыя кавярні, трывогі няма. Сказала мужу: «Сярожа, што нам яшчэ шукаць, тут сіняе неба і не страляюць».
Мы пачалі шукаць пастаяннае жыллё, я звярнулася ў гарадскую раду, яны дапамаглі, прапанавалі двухпакаёвую кватэру, мы плацілі толькі за камунальныя паслугі. Засяліліся, але аднойчы ноччу я ўскочыла і пачала крычаць: «Нас бамбяць». Аказалася, што гэта ліфт працаваў. Потым была падобная гісторыя з трамваем — я думала, што гэта самалёт ляціць, які будзе нас бамбіць. Мне спатрэбіўся яшчэ дзесьці тыдзень, каб я прывыкла.
— Што стала з мінулым кіраўніком горада і як вы занялі гэтую пасаду?
— 28 чэрвеня расійскія салдаты прыйшлі да яго, надзелі кайданкі, пасадзілі ў машыну і павезлі. Усё. Ніхто не ведае, дзе ён і што з ім цяпер. Гэтак жа забралі былога мэра Уладзіміра Мікалаенку, ён кіраваў горадам пяць з паловай гадоў. Я на наступны дзень, калі забралі Калыхаева, звярнулася ва ўсе адпаведныя органы (паліцыя, пракуратура, офіс прэзідэнта і г. д.) — дапамажыце знайсці. Згодна з украінскімі законамі, сакратар гарадской рады — гэта другая службовая асоба пасля мэра. Прычым сакратар сам пра гэта заяўляе і ўступае ў паўнамоцтвы. Што я і зрабіла 6 ліпеня. Я заклікала ўсіх кіраўнікоў дэпартаментаў неадкладна выехаць на падкантрольную тэрыторыю, каб выконваць свае абавязкі дыстанцыйна. Мы сфармавалі бюджэт, прынялі яго, стварылі цэнтры падтрымкі перасяленцаў з Херсона. 11 лістапада вызвалілі наш горад, 12 лістапада я ўжо была там. Тут быў Армагедон, не было святла, вады, газу, ацяплення, інтэрнэту. Проста горад-прывід, але ўсе былі неймаверна шчаслівыя, таму што мы вольныя.
— Пра што вы падумалі, калі заехалі ў Херсон?
— Якое шчасце, што мы вярнуліся. Херсон вольны. Хоць дома няма, але ты дома.
— Як паводзілі сябе мясцовыя, калі ў горад зайшлі УСУ?
— Калі я прыехала на цэнтральную плошчу, людзі самастойна ўсталявалі калонку на батарэйках, адкуль гучалі ўкраінскія песні, жыхары былі загорнутыя ва ўкраінскія сцягі, мы хадзілі па коле разам і спявалі песні. Адчуванне: «Украіна, ты тут, была, ёсць і будзеш».
— Што рабілі пасля?
— Вырашалі праблемы. У нас нават транспарту не было, трэба было сабраць людзей, я ўзяла спісы, хто дзе жыве, і пайшла пешшу на абыход: «Выходзьце, будзем працаваць». Мы сутыкнуліся з велізарнай кадравай праблемай, рук не хапае. Напрыклад, на водаканале працавала 900 чалавек, сёння — да 300. Мы збіралі па крупінках усіх людзей. Усё было замініраванае. Знайшлі месца, дзе можна размясціцца. Інтэрнэту не было, збіраліся два разы на дзень з работнікамі: раніцай даваліся задачы, вечарам — справаздачы і планы. Мы запусцілі ваду, святло, цяпло. Інтэрнэт з’явіўся. Эйфарыя трымалася, але яна скончылася 20 лістапада, калі пачаліся першыя абстрэлы. Херсон накрыла. Людзі пачалі з’язджаць з горада. Абстрэлы працягваліся і працягваліся.
Пастаянныя абстрэлы, калабаранты і венікі, якія забралі расіяне
— Якія цяпер у горадзе абмежаванні?
— З 6.30 да 19.00 можна знаходзіцца на вуліцы.
— Вада, цяпло, святло ёсць?
— Так, але не ўсюды. Напрыклад, без ацяплення ў нас застаецца раён Востраў. Мы былі вымушаныя зліць ваду з адной цеплавой падстанцыі, бо яна знаходзілася на беразе Дняпра, а там дыстанцыя паміж ворагам і намі — 700 метраў. Падстанцыя была абстраляная, яе трэба адрамантаваць, але калі нашыя спецыялісты заходзяць туды, то расійскія снайперы іх проста забіваюць. Мы чакаем, калі ворага адсунуць, каб яе запусціць. Цяпер цяплом забяспечана больш за 84% горада.
— Колькі цяпер жыхароў у Херсоне?
— 24 лютага 2022 года было каля 333 000, сёння — каля 50 000, сярод іх 4000 дзяцей.
— Колькі людзей загінула?
— З 20 лістапада, калі пачаліся абстрэлы, загінула 80 чалавек, з іх адно дзіця, 222 пацярпелі, з іх 7 дзяцей. Мы прынялі сацыяльную праграму: выплачваем сем’ям загінулых аднаразовую падтрымку ў 30 000 грыўняў (каля 810 даляраў. — Заўв. рэд.), калі чалавек паранены, то сям’я атрымае 15 000 (каля 405 даляраў. — Заўв. рэд.), калі параненае дзіця, то 20 000 (каля 540 даляраў. — Заўв. рэд.).
— Што самае каштоўнае вывезлі расіяне?
— Абсалютна ўвесь транспарт, мы засталіся без смеццевых машын і аўтобусаў. Усё вывезлі. У нас нават веніка не было, мы зайшлі ў горад, а ніводнага веніка няма.
— Што будзе з тымі, хто супрацоўнічаў з акупацыйнымі ўладамі?
— Цяпер ідзе следства, дапытваюць сведак, падымаюцца дакументы. Большая частка калабарантаў знаходзіцца на левым беразе (ён пад кантролем Расіі. — Заўв. рэд.), хтосьці збег за мяжу. Але праваахоўныя органы працягваюць працаваць: артыкул «Калабарацыянісцкая дзейнасць» КК Украіны, да 15 гадоў. Усё проста: дакажуць — будзе пакаранне.
— А з тымі, каго прынята называць бюджэтнікамі: дактары, настаўнікі, работнікі ЖКГ — што з імі будзе?
— Гэта пытанне. Напрыклад, шмат людзей бачыла, як прыбіральшчыца хадзіла ў школу мыць падлогу, дворнік стрыг газон, вартаўнікі выходзілі на працу. І пытаюцца: «Галіна Леанідаўна, што рабіць, яны ж хадзілі». Вядома, хадзілі, але яны атрымлівалі нашую, украінскую, зарплату, калі б яны не выконвалі гэтую працу, то былі б без зарплаты, а на што жыць?
Іншае пытанне, калі яны хадзілі на працу і здавалі людзей, клікалі расіян і казалі ім: «Яна там жыве, ідзіце, яна сказала, што вы акупанты». Ці, напрыклад, кіраўніца ўстановы, якая пайшла на свядомае супрацоўніцтва, пачала падпісваць загады з расійскім двухгаловым сімвалам, заклікала настаўнікаў выходзіць на працу. А калі прыбіральшчыца хадзіла і мыла падлогу — прабачце, але гэта крыху розныя вагавыя катэгорыі.
Я ведаю выпадак, калі да доктара прывезлі расіяніна і сказалі: «Рабі аперацыю, або вынесем табе мозг». Хіба яго можна назваць калабарантам, калі ён пад руляй аўтамата працуе?
— Ці можна людзям вяртацца?
— Мы заклікаем з’язджаць з горада, бо ідуць пастаянныя абстрэлы. Нядаўна ўдарылі па сетцы водазабяспечання, нашыя работнікі выехалі на рамонт, і іх накрылі мінамётамі. Людзі цяпер у цяжкім стане. Вяртацца нельга.
— Як часта абстрэльваюць?
— Мінімум дзесяць разоў кожны дзень. У нас 48 разбураных аб’ектаў інфраструктуры, з 63 школ 58 абстраляныя, пацярпелі дахі, разбітыя вокны. Яшчэ разбурана 19 медыцынскіх устаноў, дзевяць інтэрнатаў і каля 2000 дамоў, прыкладна палова — прыватны сектар, другая — шматпавярхоўкі.
— У пачатку размовы вы расказвалі, як былі ў Мікалаеве, Адэсе, Вінніцы і баяліся выбухаў, а цяпер вярнуліся ў месца, дзе гэта адбываецца ўвесь час, і пры гэтым не з’язджаеце.
— Як я магу з’ехаць, калі ў мяне цяпер тры пасады: сакратар гарадской рады, в. а. гарадскога кіраўніка, і прэзідэнт мяне прызначыў начальнікам ваеннай адміністрацыі Херсона? Гэта мой абавязак — быць тут, дапамагаць арганізоўваць працэс эвакуацыі, дапамагаць маламабільным людзям, сацыяльна неабароненым, арганізоўваць выдачу гуманітарнай дапамогі, прадуктовых набораў, гігіенічных сродкаў.
Я з людзьмі тут назаўжды. І ты адаптуешся да выбухаў, я ўжо сем разоў пад мінамётны абстрэл трапляла. У мінулую суботу за 70 метраў ад мяне быў выбух, танк страляў па дарозе ў Антонаўцы, дзе мы ехалі. З левага берага ўсё відаць. Потым зноў выбух — яны трапілі ў плот, а ад яго ўдарнай хваляй у машыну, адкінула нас, але мы ацалелі.
— Жыллё вам знайшлі цяпер?
— Скажам так: я падарожнічаю па горадзе. Сёння мяне пусцілі пераначаваць у адным доме, заўтра — у другім, паслязаўтра — у трэцім. Усё сабрала ў пластыкавы пакет і пабегла пераначаваць. Муж застаўся ў Вінніцы, старэйшы сын — марак, ён цяпер у ЗША, а малодшы — у Кіеве.
Зяленскі, новы кіраўнік вобласці і перастаноўкі ва ўкраінскай уладзе
— Вы ўжо пазнаёміліся з прэзідэнтам, ён прыязджаў у Херсон. Якое ўражанне ён на вас зрабіў?
— Адкрыты, шчыры чалавек, прыклад мужнасці і вытрымкі. Мы павінныя быць такімі, як ён: рабіць усё магчымае, каб атрымаць перамогу ў гэтай вайне. Я веру нашай арміі і свайму прэзідэнту, таму ён для мяне прыклад барацьбы і нязломнасці.
Прэзідэнт — гэта чалавек, як і ўсе мы, са сваімі эмоцыямі. Ён звычайны ўкраінец, які ўзяў на сябе адказнасць у такую цяжкую хвіліну для краіны. Ён узяў наш сцяг перамогі і нясе яго вельмі высока, паказваючы ўсяму свету, што Украіна ёсць, яна змагаецца, нязломная і абавязкова атрымае перамогу. Калі мы пераможам, то пераможа ўвесь свет.
Я вельмі ўдзячная яму за тое, што даверыў кіраваць ваеннай адміністрацыяй у вельмі неспакойным і нестабільным рэгіёне, у прыфрантавой зоне, мне — жанчыне. Я не падвяду яго ніколі.
— Цяпер ва ўкраінскай ўладзе вельмі шмат перастановак і звальненняў. Як гэта адчуваецца на мясцовым узроўні? Вас гэта турбуе?
— Вядома, адбітак пэўны ёсць. Але ты думаеш, што ведаеш не ўсё, што адбываецца насамрэч. Відаць, ёсць падставы для гэтага. Праваахоўныя органы і сістэма, якая адказвае за гэта, ведаюць больш, чым ты. Даводзіцца знаёміцца з новым кіраўніцтвам, камунікаваць, працаваць разам. Але я той чалавек, які будзе супрацоўнічаць з усімі, абы было добра людзям.
«Нізкі паклон усяму беларускаму народу, які адважна прыйшоў нам на дапамогу»
— Давайце пагаворым пра Беларусь. Пасля выбараў у 2020-м у нас былі масавыя пратэсты. Людзей пачалі збіваць, у іх стралялі, супраць іх выкарыстоўвалі вадамёты, святлошумавыя гранаты, слезацечны газ, іх катавалі (і працягваюць рабіць гэта да сёння) — і яны перасталі выходзіць на вуліцы. Сітуацыі ў Беларусі і Херсоне падобныя ў гэтым кантэксце?
— Так, падобныя, але, мне здаецца, нашыя людзі больш радыкальныя, яны настроеныя стаяць да канца. У вашых людзей ёсць мужнасць і адвага, але ёсць і страх, ён бярэ верх. Не хапае да канца даціснуць. Мне так здаецца, але я думаю, што ў вас усё атрымаецца адназначна — колькі б воўк ні валок, павалакуць і воўка.
— Беларускія добраахвотнікі таксама ўдзельнічалі ў вызваленні Херсона, вы каго-небудзь з іх сустракалі, размаўлялі?
— На вялікі жаль, я не ведаю ніводнага добраахвотніка асабіста, нізкі паклон усяму беларускаму народу, які адважна прыйшоў на дапамогу нам, украінцам, стаіць побач з нашымі салдатамі, бярэ ў рукі зброю і змагаецца за незалежнасць. Вы — сіла і мужнасць. Вы прыклад для ўсіх постсавецкіх краін, як трэба змагацца за свабоду. У вас усё атрымаецца. З такімі нязломнымі беларусамі, якія прыйшлі на дапамогу нам, мы асуджаныя на поспех. Гэта 100%.
— Яшчэ да вызвалення вашага горада Лукашэнка заявіў, што пытанне з Херсонам, Данецкам, Луганскам «ужо не абмяркоўваецца». Што б вы яму адказалі?
— Божа, якая каша ў галаве ў гэтага чалавека, хочацца, каб ён там парадак навёў і расклаў усё па палічках. У яго там смецце, яму трэба правесці ўборку. У мяне няма каментароў, гэта жах.
— Па-вашаму, Лукашэнка можа аддаць загад напасці з поўначы на Украіну?
— Думаю, што ён гэтага не зробіць ні пры якіх раскладах, бо свая кашуля бліжэйшая да цела. Лукашэнка разумее, што пераможца ў гэтай вайне ўжо вызначаны — гэта Украіна, Еўропа і ўвесь свет. Думаю, што ён не самагубца, ён усё разумее і толькі грае ролю.
— Калі і як скончыцца вайна?
— Я думаю, яна абавязкова скончыцца сёлета. Херсоншчына, левы бераг будуць вызваленыя, бо я веру ў нашую армію і прэзідэнта. У мяне адчуванне, што мы выходзім на фінішную лінію. Мы будзем вызваленыя сёлета. Уся Украіна.
Чытайце таксама


