У Міністэрстве абароны Расіі заявілі, што працягваюць наносіць авіяцыйныя і артылерыйскія ўдары па падраздзяленнях УСУ. Ва ўкраінскім Генштабе паведамілі, што расійскія войскі за суткі абстралялі больш за 100 населеных пунктаў, ёсць загінулыя і параненыя сярод цывільнага насельніцтва. У амерыканскім Інстытуце па вывучэнні вайны расказваюць, на якіх напрамках Расія асцерагаецца магчымага ўкраінскага контрнаступлення.
Расказваем пра галоўнае са зводак штабоў і высноваў экспертаў на 384-ы дзень вайны ва Украіне.
Генштаб УСУ: адбілі больш за 100 атак праціўніка
Расійскія войскі ва Украіне выкарыстоўваюць тактыку тэрору, невыбіральна абстрэльваюць населеныя пункты, тым самым груба парушаючы нормы міжнароднага гуманітарнага права, паведамляе Генштаб УСУ ў ранішняй зводцы.
— За мінулыя суткі праціўнік нанёс пяць ракетных удараў, у тым ліку па аб’ектах цывільнай інфраструктуры Сумскай і Данецкай абласцей. Загінулі і атрымалі раненні мірныя грамадзяне. Таксама расіяне нанеслі 35 авіяцыйных удараў і правялі 76 абстрэлаў з рэактыўных сістэм залпавага агню.
— Нягледзячы на значныя страты, расійскае войска працягвае наступальныя дзеянні на Ліманскім, Бахмуцкім, Аўдзееўскім, Мар'інскім і Шахцёрскім напрамках. За мінулыя суткі падраздзяленні Сіл абароны адбілі больш за 100 атак праціўніка на названых напрамках.
— На Валынскім, Палескім, Северскім і Слабажанскім напрамках за суткі праціўнік здзейсніў абстрэлы 16 населеных пунктаў.
— На Купянскім і Ліманскім напрамках расіяне спрабуюць прарваць абарону УСУ, вялі беспаспяховыя наступальныя дзеянні ў раёнах населеных пунктаў Двурэчная, Гранікаўка, Неўскае, Чырвонапапоўка, Крамянная, Дзіброва, Белагораўка і Бераставое. З артылерыі абстралялі раёны дзевяці населеных пунктаў.
— На Бахмуцкім напрамку расійскія сілы не пакідаюць спробаў захапіць Бахмут. УСУ адбілі атакі праціўніка ў раёнах населеных пунктаў Васюкоўка, Мінькоўка, Арэхава-Васільеўка, Дубова-Васільеўка, Бахмут, Грыгораўка і Іванаўскае. На гэтым напрамку расіяне абстралялі 12 населеных пунктаў.
— На Аўдзееўскім, Мар'інскім і Шахцёрскім напрамках праціўнік спрабаваў наступаць у раёнах населеных пунктаў Каменка, Аўдзееўка, Паўночнае, Першамайскае, Невельскае, Нятайлава, Мар'інка, Перамога, Новаміхайлаўка і Вуглядар. Абстрэлам падвергліся раёны больш чым 15 населеных пунктаў побач з лініяй судакранання.
— На Запарожскім і Херсонскім напрамках расійскія сілы вядуць абарончыя дзеянні. Абстрэлам падвергліся раёны больш чым 50 населеных пунктаў.
— За суткі ўкраінская авіяцыя нанесла 10 удараў па раёнах канцэнтрацыі праціўніка.
Падраздзяленні ракетных войскаў і артылерыі за суткі пабілі пяць раёнаў канцэнтрацыі асабовага складу і ваеннай тэхнікі праціўніка, тры склады боепрыпасаў і чатыры сродкі радыёэлектроннай барацьбы.

Мінабароны РФ: збілі ўкраінскі МіГ-29 і 17 беспілотнікаў
У Міністэрстве абароны Расіі заявілі, што працягваюць правядзенне «спецыяльнай ваеннай аперацыі».
— На Купянскім напрамку авіяцыя і артылерыя Заходняй групоўкі войскаў нанеслі ўдары па падраздзяленнях УСУ ў раёнах населеных пунктаў Сінькоўка і Кіслаўка Харкаўскай вобласці. Страты УСУ за суткі склалі да 75 вайскоўцаў, баявая машына пяхоты, тры аўтамабілі, чатыры самаходныя гаўбіцы «Гваздзік» і адна супрацьтанкавая гармата МТ-12.
— На Чырвона-Ліманскім напрамку актыўнымі дзеяннямі падраздзяленняў групоўкі войскаў «Цэнтр» і артылерыі нанесенае паражэнне жывой сіле і тэхніцы УСУ ў раёнах населеных пунктаў Ямполаўка Данецкай вобласці і Неўскае Луганскай вобласці. За суткі на гэтым напрамку знішчаныя звыш 95 украінскіх вайскоўцаў, дзве баявыя браніраваныя машыны, два пікапы, самаходная артылерыйская ўстаноўка «Акацыя», гаўбіца Д-30, а таксама артылерыйская сістэма М777.
— На Данецкім напрамку падчас актыўных дзеянняў пры падтрымцы артылерыі падраздзяленняў Паўднёвай групоўкі войскаў у раёнах населеных пунктаў Залізнянскае, Чырвонае і Тоненькае Данецкай вобласці за дзень знішчаныя да 150 вайскоўцаў УСУ, тры танкі, дзве баявыя браніраваныя машыны, чатыры пікапы, два аўтамабілі, гаўбіца Д-20, самаходная артылерыйская ўстаноўка «Гваздзік», супрацьтанкавая гармата МТ-12, а таксама дзве артылерыйскія сістэмы М777.
— На Паўднёва-Данецкім і Запарожскім напрамках ударамі авіяцыі і артылерыі групоўкі войскаў «Усход» пабітыя падраздзяленні УСУ ў раёнах населеных пунктаў Прачыстаўка Данецкай вобласці і Успенаўка Запарожскай вобласці. Страты УСУ за суткі на гэтых напрамках склалі да 60 вайскоўцаў, дзве баявыя браніраваныя машыны, тры пікапы, тры аўтамабілі і гаўбіца Д-20. Акрамя таго, у населеным пункце Вадзяное Данецкай вобласці знішчаны склад боепрыпасаў 72-й механізаванай брыгады УСУ.
— На Херсонскім напрамку падчас агнявога паражэння за суткі знішчаныя звыш 40 украінскіх вайскоўцаў, тры баявыя браніраваныя машыны, тры аўтамабілі, дзве самаходныя артылерыйскія ўстаноўкі «Гваздзік» і адна самаходная гаўбіца «Акацыя».
Усяго за суткі, паводле МА РФ, нанесенае паражэнне 78 артылерыйскім падраздзяленням, жывой сіле і тэхніцы УСУ ў 142 раёнах. Знішчаныя баявыя машыны рэактыўных сістэм залпавага агню «Вольха» і «Ураган», радыёлакацыйныя станцыі контрбатарэйнай барацьбы AN/TPQ-36 і AN/TPQ-37.
У раёне населенага пункта Чырвонаармейск Данецкай вобласці збіты самалёт МіГ-29 Паветраных сіл Украіны. За суткі перахопленыя 23 рэактыўныя снарады сістэм залпавага агню HIMARS, «Смерч» і «Ураган», знішчаныя 17 беспілотных лётных апаратаў.
Інстытут па вывучэнні вайны: Крэмль не чакае, што вайна ва Украіне працягнецца даўжэй за тры гады
Аляксандр Лукашэнка 13 сакавіка ў Тэгеране сустрэўся з афіцыйнымі асобамі Ірана, каб пашырыць двухбаковае супрацоўніцтва і такім чынам паспрабаваць змякчыць наступствы санкцый. Як адзначаецца ў зводцы Інстытута па вывучэнні вайны, Раісі і Лукашэнка падпісалі восем пагадненняў аб супрацоўніцтве ў розных сферах, а Раісі, у прыватнасці, заявіў, што супрацоўніцтва з Беларуссю можа стаць для абедзвюх краін спосабам супрацьдзеяння санкцыям. Лукашэнка часта дзейнічаў як васал Крамля ў нядаўніх паездках у замежныя краіны, і ягоны візіт у Тэгеран — імаверна, частка больш шырокіх намаганняў Масквы ў спробе забяспечыць пастаянную падтрымку Ірана ва ўмовах міжнародных санкцый, кажуць эксперты.
У ISW таксама адзначаюць, што ў расійскай інфармацыйнай прасторы расце занепакоенасць з нагоды меркаванага контрнаступлення УСУ на поўдні Украіны. Ваенныя блогеры мяркуюць, што ўкраінскія сілы аддадуць прыярытэт наступу на поўдні на лініі Бярдзянск — Мелітопаль у Запарожскай вобласці або Марыупаль — Валнаваха ў Данецкай вобласці. Некаторыя сцвярджалі, што ўкраінскія сілы маюць дастатковую баявую моц для правядзення другога контрнаступлення — або ў іншым раёне паўднёвай Украіны, або ўздоўж лініі Купянск — Сватава на паўночным усходзе Харкаўскай вобласці. Яны пагадзіліся з папярэднімі ацэнкамі ISW, заявіўшы, што ўкраінскія сілы перамолваюць найлепшую пяхоту расійскіх войскаў у Бахмуце, каб зменшыць здольнасць расіян спыніць любыя ўкраінскія наступы. Яшчэ адзін блогер заявіў, што ўкраінскія сілы нанясуць удары па поўдні Украіны, таму што «разбураны Крым» мае стратэгічнае значэнне, а «разбураны Данбас» — не. Дэпутат Дзяржаўнай Думы Расіі Дзмітрый Кузняцоў заявіў, што ўкраінскія сілы нанясуць удары па мосце праз Керчанскі праліў, як гэта было з Антонаўскім мостам у Херсонскай вобласці, і заклікаў аператыўна распрацаваць сродкі барацьбы з беспілотнікамі для абароны крытычна важных наземных межаў.
Законапраект Дзяржаўнай Думы Расіі, скіраваны на павышэнне прызыўнога ўзросту, сведчыць пра тое, што Крэмль не плануе праводзіць поўную мабілізацыю ў будучыні, лічаць эксперты. Яны таксама кажуць, што павышэнне максімальнага прызыўнога ўзросту, імаверна, скіраванае на тое, каб за кошт пашырэння ўзроставага дыяпазону прызыву хаця б часткова задаволіць тэрміновыя патрэбы расійскай арміі ў жывой сіле ў вайне супраць Украіны. Паступовае скарачэнне ніжняй планкі прызыўнога ўзросту можа сведчыць, што Крэмль не чакае, што вайна ва Украіне працягнецца даўжэй за тры гады. Крэмль, магчыма, спрабуе засцерагчы новае пакаленне расіян ад дэмаграфічных і сацыяльных наступстваў баявых дзеянняў на знясіленне ва Украіне, размяркоўваючы гэтыя ўздзеянні сярод групы расіян аднаго пакалення, мяркуюць у Інстытуце.
Эксперты таксама аналізуюць выкарыстанне арміяй РФ штурмавых атрадаў, адзначаючы, што ва Украіне дзейнічаюць як пастаянныя, так і спецыяльна створаныя для вайны штурмавыя падраздзяленні. Іх мэта — засцерагчы моцна дэградаваныя фарміраванні ад наступальных аперацый, якія маюць тактычнае значэнне.
Часовыя штурмавыя атрады фармуюць у складзе палка або батальёна для канкрэтных аперацый. Ім не прысвойваюць нумар і назву, яны не маюць штатнага камандзіра або канкрэтнага ўзбраення. Пастаянныя расійскія штурмавыя атрады інтэграваныя ў структуры батальёнаў, палкоў і брыгад, маюць прызначаных камандзіраў і часцей за ўсё складаюцца з аднаго або двух танкаў, некалькіх бронетранспарцёраў і ад 40 да 80 чалавек асабовага складу. Паведамляецца, што расійскія сілы будуць фармаваць часовыя штурмавыя атрады для рэагавання на канкрэтныя сітуацыі па меры іх узнікнення. Гэтыя фарміраванні, відаць, часта адступаюць пасля панесеных стратаў і адчуваюць сур’ёзныя праблемы з сувяззю і каардынацыяй.
Пастаянныя штурмавыя падраздзяленні былі створаныя для прарыву ўкраінскіх пазіцый, магчыма, на ўзор штурмавой тактыкі групы Вагнера ў раёне Бахмута. У Інстытуце таксама адзначаюць, што некаторыя з гэтых штурмавых падраздзяленняў выкарыстоўваюцца ў карных мэтах — іх укамплектоўваюць праблемнымі і непаслухмянымі салдатамі, каб адпомсціць ім за дрэнныя паводзіны.
На што яшчэ звярнулі ўвагу эксперты:
- расійскія войскі працягвалі наземныя атакі на лініі Купянск — Сватава — Краменная і дамагліся нязначных поспехаў на паўночны ўсход ад Купянска і на ўсход ад Северска;
- расійскія войскі працягвалі наступ у раёне Бахмута, але па стане на 13 сакавіка завяршыць абыход, ахоп або акружэнне горада ім не ўдалося;
- расійскія войскі працягвалі наносіць удары па лініі фронту ў Данецкай вобласці;
- украінскія сілы працягваюць праводзіць рэйды ў левабярэжныя раёны Херсонскай вобласці;
- падпарадкаванне мабілізаваных расійскіх вайскоўцаў фарміраванням самаабвешчаных ДНР/ЛНР выклікае рост незадаволенасці сярод мабілізаваных;
- расійскія акупацыйныя ўлады працягваюць уводзіць новыя палажэнні, якія перашкаджаюць і абмяжоўваюць выкарыстанне ўкраінскай мовы ў навучальных установах на акупаваных тэрыторыях.