Уладзімір Зяленскі прыехаў у Валынскую вобласць на мяжу Украіны з Беларуссю і Польшчай. Пра гэта паведаміла прэс-служба ўкраінскага прэзідэнта.
На мяжы з Беларуссю Зяленскі агледзеў памежныя ўмацаванні.
— Як паведамілі Уладзіміру Зяленскаму, з мэтай забяспечання надзейнай абароны ўкраінскай мяжы і гатоўнасці да адбіцця магчымага ўварвання праціўніка з тэрыторыі Беларусі адбываецца нарошчванне інжынерных загародаў, фартыфікацыйных збудаванняў і наладжванне сістэм дыстанцыйнага відэаназірання, — расказалі ў прэс-службе.
Зяленскі агледзеў пункт назірання, двухузроўневую сістэму равоў на мяжы. Таксама яму паказалі, як з дапамогай сістэм дыстанцыйнага відэаназірання ажыццяўляецца кругласутачны нагляд за мяжой, сістэму выяўлення беспілотных лётных апаратаў.
Зяленскі паразмаўляў з памежнікамі, якія раней абаранялі Бахмут.
— Маю гонар быць сёння тут, вітаць вас, дзякаваць за абарону дзяржаўнай мяжы. Хочацца гаварыць пра мяжу, знаходзячыся менавіта тут, на Валыні, ля мяжы Украіны з Беларуссю і Польшчай. Вы гераічныя і моцныя людзі. Хачу вам падзякаваць за абарону нашай дзяржавы ў Бахмуце. Ведаю, як моцна вы там стаялі, трымалі Бахмут. Хацеў бы падзякаваць вам і вашым пабрацімам. Хачу пажадаць здароўя, моцы, а вашым блізкім — цяпла. Усе мы ганарымся, што ў нас ёсць такія моцныя памежнікі. Жадаю вам захаваць моц, справядлівасць і лютасць, якая ёсць у нас пры абароне нашай краіны. Жадаю ўсім толькі перамогі! — сказаў Уладзімір Зяленскі.
Прэзідэнт Украіны таксама ўручыў памежнікам дзяржаўныя ўзнагароды.
Нагадаем, пасля таго як Беларусь аддала сваю тэрыторыю расійскім войскам для ўварвання ва Украіну, апошняя пачала адгароджвацца ад нашай краіны двухметровым плотам з калючым дротам. Мяжу з Беларуссю ўмацавалі не толькі ў Валынскай, але і ў Ровенскай і Кіеўскай абласцях.