Падтрымаць каманду Люстэрка
Беларусы на вайне
Читать по-русски


Мяркуючы з усяго, адначасова з контрнаступленнем УСУ расіяне пачалі ўласныя наступальныя дзеянні ў раёне невялікага горада Купянск — мінулай восенню ўкраінская армія вызваліла яго з-пад акупацыі. Разбіраемся, што адбываецца на фронце, і тлумачым, адкуль у расіян могуць быць сілы на наступ і абарону адначасова.

Што здарылася

Днямі камандуючы сухапутнымі войскамі УСУ генерал-палкоўнік Аляксандр Сырскі расказаў пра спробы расійскай арміі прарвацца да Купянска. Паводле яго, на гэтым кірунку РФ сабрала наступальную групоўку ў складзе васьмі штурмавых атрадаў «Шторм Z», і іх мэта — выйсці да горада і захапіць яго.

Сырскі дадаў, што расіяне спрабуюць рассекчы ўкраінскія сілы флангавым ударам і акружыць частку падраздзяленняў брыгады УСУ, аднак гэта ім не ўдаецца.

Пра тое, што на гэтым участку фронту ідуць баі, паведамляла 9 жніўня і намесніца міністра абароны Украіны Ганна Маляр. Паводле яе, менавіта Купянскі напрамак цяпер стаў асноўным для наступу расіян. Чыноўніца дадала, што сітуацыя складаная, але кантраляваная.

Фото Службы связи с общественностью 72-й отдельной механизированной бригады им.Черных Запорожцев
Танк УСУ. Ілюстрацыйнае фота службы сувязі з грамадскасцю 72-й асобнай механізаванай брыгады імя Чорных Запарожцаў

Расійскі бок таксама згадвае баявыя дзеянні ў гэтым раёне. Так, у свежай зводцы Мінабароны РФ адзначаецца, што штурмавыя атрады групоўкі войскаў «Захад» палепшылі становішча ў раёнах населеных пунктаў Альшана і Першатраўневае Харкаўскай вобласці, а іншыя падраздзяленні расіян адбівалі атакі УСУ ля Сінькоўкі. Усе гэтыя пункты знаходзяцца непадалёк ад Купянска (Сінькоўка — наогул за 4 км).

Расійскія «ваенкары» і ваенныя блогеры пасля арышту палявога камандзіра Ігара Гіркіна значна знізілі актыўнасць асвятлення франтавых падзей, так што па іх паведамленнях арыентавацца стала складаней. Толькі тэлеграм-канал, звязаны, імаверна, з ПВК Вагнера, 11 жніўня паведаміў пра магчымы заход расіян у тую самую вёску Сінькоўка — але ніякіх пацверджанняў гэтага не было. Украінскія следчыя з групы Deep State раней сцвярджалі, што ў гэты населены пункт расіяне не ўвайшлі, але ціснуць з боку Альшаны і Лімана Першага (гэта той самы напрамак, але крыху далей ад Купянска).

Район Купянска. Красным цветом выделены населенные пункты, информация о боевых действиях в районе которых есть в открытых источниках. Синим кругом выделен сам Купянск. Карта: maps.google.com
Раён Купянска. Чырвоным колерам вылучаныя населеныя пункты, інфармацыя пра баявыя дзеянні ў раёне якіх ёсць у адкрытых крыніцах. Сінім колерам вылучаны сам Купянск. Карта: maps.google.com

У населеных пунктах вакол Купянска з 9 жніўня абвешчаная эвакуацыя — пра гэта паведаміла мясцовая ваенная адміністрацыя ў сваім тэлеграм-канале.

Што наогул адбываецца на Купянскім участку фронту?

Купянск — горад у Харкаўскай вобласці з 26 тысячамі насельніцтва (да вайны). На яго тэрыторыі знаходзіцца некалькі прамысловых вытворчасцяў, аднак галоўная стратэгічная каштоўнасць населенага пункта ў тым, што тут праходзіць чыгунка, а станцыя Купянск-Вузлавы — важны чыгуначны вузел. Іх захоп для расіян азначаў бы магчымасць забяспечваць войскі ў гэтым раёне па рэйках.

Расіяне захапілі Купянск яшчэ ў канцы лютага 2022 года, праз некалькі дзён пасля пачатку ўварвання. У канцы сакавіка таго ж года быў таксама ўзяты стратэгічна важны горад Ізюм, і сфармаваўся так званы Ізюмскі напрамак — адсюль расіяне тэарэтычна маглі ўдарыць у тыл Славянска-Краматорскай агламерацыі — найбуйнейшым умацаваным раёне УСУ на Данбасе.

Карта линии фронта. Видно, что в районе города Изюма контролируемая россиянами территория как бы нависает над позицими ВСУ на Донбассе. В случае прорыва здесь продвижение ВС РФ могло создать группировке ВСУ южнее большие проблемы. Изображение: Институт из
Карта лініі фронту да верасня 2022 года. Відаць, што ў раёне горада Ізюм кантраляваная расіянамі тэрыторыя нібы навісала над пазіцыямі УСУ на Данбасе. Карта: Інстытут па вывучэнні вайны

У верасні 2022 года раптоўным ударам украінскай арміі пад Балаклеяй (на паўднёвы захад ад Купянска) удалося прарваць фронт расійскай арміі і вызваліць вялікія тэрыторыі, уключаючы гарады Ізюм, Ліман і сам Купянск. Праўда, расіянам удалося пазбегнуць катла і адвесці войскі, пакінуўшы ўкраінцам вялікія трафеі.

Цягам наступных месяцаў лінія фронту тут змянялася мала. У канцы вясны 2023 года тут пачалі ўпершыню збірацца расійскія падраздзяленні «Шторм Z», набраныя з ліку зняволеных (падрабязней пра іх ролю мы напішам ніжэй). Іх з’яўленне адзначыла 22 траўня года на сваёй карце ўкраінская расследавальніцкая група Deep State.

По данным расследователей, первые подразделения "Штурм-Z" появились на Купянском направлении в последней декаде мая 2023 года. Скриншот: deepstatemap.live
Паводле звестак расследавальнікаў, першыя падраздзяленні «Шторм Z» (пазначаныя як shoigists «storm-z») з’явіліся на Купянскім напрамку, у раёне Лімана Першага, у апошняй дэкадзе траўня 2023 года. Скрыншот: deepstatemap.live

9 ліпеня пра магчымасць блізкага наступу расіян на Купянск пісаў украінскі ваенны аналітык Канстанцін Машавец. Паводле яго, РФ засяродзіла тут сілы самай баяздольнай Заходняй вайсковай акругі са складу 1-й гвардзейскай танкавай, 6-й агульнавайсковай армій, а таксама шэраг падраздзяленняў Балтыйскага флоту (у гэтым выпадку гаворка ідзе пра людзей і сухапутную бранятэхніку — напрыклад, марскую пяхоту).

Машавец называў Купянскі напрамак адзіным, акрамя Паўднёвай аперацыйнай зоны (там расіяне цяпер імкнуцца адбіць украінскае контрнаступленне), дзе дзейнічаюць паўнавартасныя дывізіі, а не набор разрозненых злучэнняў памерам не больш за брыгаду. Сярод сіл, якім трэба было наступаць на сам Купянск, аналітык адзначыў 2-ю мотастралковую «Таманскую» дывізію — адно з элітных падраздзяленняў УС РФ. Раней яна брала ўдзел у штурме Харкава, аднак пацярпела паразу.

17 ліпеня спікер Усходняй групоўкі войскаў УСУ Сяргей Чараваты заявіў, што Расія сцягнула да мяжы Луганскай і Харкаўскай абласцей (яна праходзіць крыху на ўсход ад Купянска) больш за 100 тысяч чалавек асабовага складу, больш за 900 танкаў, 555 артылерыйскіх сістэм, 370 ракетных установак залпавага агню — «свае найлепшыя дэсантныя і мотапяхотныя падраздзяленні, рэзервістаў з БАРС, тэрытарыяльныя войскі, ПВК, „Шторм Z“ — з мэтай перайсці ў наступ і прарваць украінскую абарону».

У гэты ж час была захопленая станцыя Малчанава паміж ракой Аскол і пасёлкам Ліман Першы на поўнач ад Купянска. Мяркуючы з усяго, на цяперашні момант гэта ўся тэрыторыя, якую ўдалося захапіць расіянам падчас наступу на гэтым кірунку.

Продвижение российских войск к реке Оскол в районе Лимана Первого севернее Купянска. Красным обведены территории, которые российской армии удалось захватить. Карта: deepstatemap.live
Прасоўванне расійскіх войскаў да ракі Аскол ў раёне Лімана Першага на поўнач ад Купянска. Чырвоным абведзеныя тэрыторыі, якія расійскай арміі ўдалося захапіць за час наступу. Карта: deepstatemap.live

На думку журналістаў Рускай службы Бі-бі-сі, Расія хацела б вярнуць частку пазіцый, страчаных мінулай восенню, і сярод магчымых задач — усталяваць лінію фронту па рацэ Аскол, у выпадку поспеху — зноў штурмаваць раней страчаны Ліман.

Мяркуючы з паведамленняў бакоў, баі ідуць на паўночны ўсход і на ўсход ад Купянска: ад Сінькоўкі да Першатраўневага — расіяне ціснуць на часткі, што абараняюць горад, з некалькіх кірункаў.

Примерные районы боев северо-восточнее Купянска. Карта: deepstatrmap.live
Прыкладныя раёны баёў на паўночны ўсход ад Купянска. Карта: deepstatrmap.live

Адкуль у Расіі сілы для наступу?

Мяркуючы з усяго, свае праблемы на фронце расіяне зноў вырашаюць за кошт тактыкі «людскіх хваляў», якія падтрымлівае агонь артылерыі. Вышэй згадвалася заява спікера Сяргея Чараватага пра тое, што для наступу на Купянск Расія сабрала сотні адзінак артылерыйскага ўзбраення. Пра вялікую колькасць артылерыі ў злучэннях, якія наступаюць, расказваў «Настоящему времени» афіцэр 1-й асобнай брыгады спецпрызначэння імя Івана Багуна Тарас Беразавец. Ён дадаў, што вялікую ролю адыгрываюць падраздзяленні «Шторм Z», якія складаюцца са зняволеных і выкарыстоўваюць тактыку «мясных штурмаў».

Відаць, у Расіі прызналі паспяховым досвед узяцця Бахмута — калі кожны метр зямлі даецца цаной вялікіх стратаў, але не мабілізаваных або кантрактнікаў, а былых зэкаў, якія не маюць асаблівых правоў. Хоць тактыка «людскіх хваляў», калі на абстраляныя артылерыяй пазіцыі УСУ раз за разам накочваюцца і гінуць лёгкаўзброеныя байцы, неймаверна затратная, Мінабароны РФ, мабыць, не знайшло ёй альтэрнатывы.

19 ліпеня ў адным з каналаў, звязаных з ПВК Вагнера, з’явілася тлумачэнне пра страты гэтага падраздзялення — паводле аўтара, падчас узяцця Бахмута найміты страцілі 22 тысячы чалавек забітымі і каля 40 тысяч параненымі. Гэта жахлівыя суадносіны, што сведчаць пра вельмі нізкі ўзровень палявой медыцыны (або нежаданне наогул лячыць параненых).

Цяпер ПВК Вагнера на фронце няма, але Мінабароны РФ падрыхтавала наймітам «змену» ў выглядзе атрадаў «Шторм Z». Пра іх стварэнне было вядома яшчэ летась — першапачаткова расійскія вайскоўцы планавалі набіраць добраахвотнікаў у калоніях, дзе сядзяць сілавікі. Ужо да студзеня 2023 года патрабаванні былі рэзка зніжаныя, і набіраць, як піша Руская служба Бі-бі-сі, пачалі ўсіх ахвочых зняволеных.

Кладбище наемников ЧВК Вагнера на Кубани. Фото: "Радио Свобода"
Могілкі наймітаў ПВК Вагнера на Кубані. Нягледзячы на велізарныя страты, тактыка «мясных штурмаў», відавочна, лічыцца дапушчальнай у Мінабароны Расіі. Фота: «Радыё Свабода»

Падобна да таго, што ўжо на другім пасля Бахмута напрамку галоўнай ударнай сілай расійскіх войскаў робяцца штурмавыя атрады былых зняволеных. Мяркуючы з дзеянняў у гэтым горадзе, такая тактыка можа мець адносны поспех. Аднак наступ на Купянск ідзе ўжо (калі лічыць з 17 ліпеня) амаль месяц, і прасоўванне мінімальнае. Гэта можа сведчыць пра тое, што штурмавая тактыка з выкарыстаннем «аднаразовых салдат» не такая і эфектыўная. Тарас Беразавец таксама згадвае, што эфектыўнасць байцоў «Шторм Z» ніжэйшая, чым у штурмавікоў ПВК Вагнера.

Пра ход баявых дзеянняў піша група Deep State, пераказваючы словы аднаго з украінскіх вайскоўцаў, што там ваюе. Паводле яго сцверджанняў, расійскія сілы заканчваюцца досыць хутка — напрыклад, у лесапаласе на паўтара кіламетра ляжаць забітымі ўжо тры штурмавыя роты. Аднак атакі ўсё ж працягваюцца — «гатоўнасць рускіх бязвольна паміраць мяне ўражвае», кажа баец.

Што можа быць у будучыні?

Гэта залежыць ад таго, наколькі эфектыўнай акажацца тактыка расійскіх вайскоўцаў, скапіяваная ў ПВК Вагнера. Пакуль поспехі невялікія. Ваенны аглядальнік Аляксандр Каваленка адзначаў яшчэ 10 жніўня, што сабраная расіянамі тут групоўка мае хутчэй абарончы, чым наступальны патэнцыял, і вялікая частка атак правальваецца.

Эвакуацыю ж, абвешчаную ваеннай адміністрацыяй Купянска, Каваленка тлумачыць тым, што нават пры няўдачы расійскіх вайскоўцаў артылерыя РФ можа наносіць невыбіральныя ўдары, раўняючы з зямлёй наогул усё. Аднак, адзначае аналітык, найбліжэйшымі днямі Сілам абароны Украіны будзе няпроста.

Узяцце расіянамі Купянска (не ўсяго, а часткі на ўсходнім беразе Аскола — нават эвакуацыя жыхароў, паводле паведамлення, датычыць толькі «зааскольскай» тэрыторыі горада) пакуль малаімавернае, не кажучы ўжо пра пераход на заходні бераг ракі.

Чытайце таксама