Беларусы і ўкраінцы, якія ў 2023 годзе з’язджалі з Літвы, прыкметна паўплывалі на статыстыку міграцыі ў гэтай краіне, паведамляе LRT са спасылкай на Дзяржагенцтва звестак.
Так, летась з Літвы з’ехала 22 тысячы сталых жыхароў, што амаль удвая больш, чым у 2022-м. Пры гэтым большасць тых, хто пакінуў краіну, — замежнікі (іх 12 тысяч), у той час як літоўцаў з’ехала дзесяць тысяч. У параўнанні з 2022 годам гэты паказчык вырас на 44% (тады Літву пакінула 15,3 тысячы сталых жыхароў).
Часцей за ўсё мясцовае насельніцтва з’язджала ў Вялікабрытанію, Нарвегію і Германію, а замежнікі — ва Украіну і Беларусь.
Да прыкладу, у 2023 годзе восем тысяч замежных жыхароў Літвы з’ехала ва Украіну, амаль дзве тысячы — у Беларусь. У 2022 годзе гэтыя паказчыкі былі 4,6 тысячы і 2,7 тысячы адпаведна.
Як адзначаюць мясцовыя сацыёлагі, патокі мігрантаў нестабільныя і залежаць ад геапалітычнай сітуацыі ў рэгіёне.
У цэлым жа ў 2023 годзе Літва прыняла менш імігрантаў, чым у 2022-м (66,9 тысячы чалавек і 87,4 тысячы адпаведна). З іх 75% — гэта замежныя грамадзяне, а 25% — грамадзяне Літвы, якія вярнуліся на радзіму.
Часцей за ўсё ў Літву едуць жыць беларусы, украінцы і ўраджэнцы іншых постсавецкіх краін, а большасць літоўцаў, якія вяртаюцца дадому, едзе з Вялікабрытаніі, Нарвегіі і Германіі.
На пачатак 2024 года насельніцтва Літвы складала 2 мільёны 886,5 тысячы пастаянных жыхароў.