Галоўнае ў аналізе вынікаў мясцовых выбараў у Польшчы — не рабіць паспешлівых высноваў. Гэта менавіта той выпадак, калі вынікі экзіт-пола самі па сабе не сведчаць ні пра што, у іх варта занурыцца глыбей і разглядаць у кантэксце, піша Руская служба Бі-бі-сі.
«Голыя» лічбы адзінага экзіт-пола, які праводзіўся па ўсёй краіне, выглядаюць так. Першае месца на выбарах заняла правакансерватыўная партыя «Права і справядлівасць» (ПіС), за яе прагаласавала 33,7% выбаршчыкаў. На другім месцы «Грамадзянская кааліцыя» цяперашняга прэм’ера Дональда Туска — 31,9%. Трэцяе месца займае блок спікера Сейма Шымана Галоўні «Трэцяя дарога» — 13,5%. Крайне правая «Канфедэрацыя» і левыя з «Лявіцы» набралі прыкладна па 7% галасоў.
Лідар «Права і справядлівасці» Яраслаў Качыньскі ў ноч пасля выбараў не хаваў задавальнення такім вынікам.
«Чуткі пра нашую смерць варта лічыць перабольшанымі», — цытаваў ён Марка Твена.
Качыньскі мае права на аптымістычныя ацэнкі. Летась ягоная партыя страціла ўладу пасля васьмі гадоў дамінавання на польскай сцэне. У яе забралі бескантрольны доступ да дзяржаўных СМІ, а праваахоўнікі пачалі расследаванне дзейнасці некалькіх вядомых прадстаўнікоў ПіС. У гэтай сітуацыі фармальнае першае месца — гэта той вынік выбараў, які не можа не радаваць.
З іншага боку, па выніках мінулых мясцовых выбараў 2018 года «Права і справядлівасць» заняла першае месца на выбарах у дзевяці ваяводствах з 16, на цяперашніх выбарах — толькі ў шасці. Па факце ПіС, хутчэй за ўсё, можа прэтэндаваць на кантроль (аднаасобны ці разам з «Канфедэрацыяй») у пяці ваяводскіх сейміках свайго традыцыйнага бастыёна — паўднёва-ўсходняй Польшчы.
Нарэшце, поўным, прычым цалкам прагназавальным правалам скончыліся для ПіС выбары мэраў вялікіх гарадоў. У Варшаве і Гданьску ў першым туры перамаглі кандыдаты ад партыі Туска, у Кракаве і Вроцлаве прадстаўнікі ПіС не выйшлі ў другі тур выбараў.
Гэта можа падацца дзіўным, але кіраўнік «Грамадзянскай кааліцыі» Дональд Туск таксама выглядаў цалкам задаволеным вынікамі кампаніі. Паводле яго, яны сталі своеасаблівым паўторам парламенцкіх выбараў (тады партыя Туска дакладна гэтак жа заняла другое месца, але ў суме з двума партнёрамі па кааліцыі змагла сабраць большасць у Сейме і прыбраць з улады Піс).
«Што радуе? Планамернае змяншэнне разрыву (паміж ПіС і „Грамадзянскай кааліцыяй“): сем працэнтаў у 2018-м, пяць — у 2023-м, два — сёння. Рэкордная перамога ў гарадах. Перавага ў сейміках. Што турбуе? Дэмабілізацыя, асабліва сярод моладзі, параза на ўсходзе і ў вёсцы. Выснова для нас? Не наракаць і за працу!» — напісаў Туск у сацсетцы Х.
Туск слушна дыягнаставаў характэрную рысу гэтай кампаніі, якая ператварылася ў галоўную праблему для яго партыі. Многія польскія выбаршчыкі пасля рэкорднай мабілізацыі на парламенцкіх выбарах у кастрычніку мінулага года (яўка тады склала амаль 75%) проста праігнаравалі выбары мясцовыя: у нядзелю на ўчасткі прыйшло толькі каля 51% тых, хто мае права голасу.
Пры гэтым даследчыкі кажуць, што адмовіліся ад удзелу ў выбарах у першую чаргу жыхары Заходняй Польшчы, больш схільныя галасаваць за партыю Туска, і маладыя выбаршчыкі (яўка палякаў, малодшых за 30 гадоў, на парламенцкіх выбарах склала 71%, учора на ўчасткі прыйшло толькі 39%).
«Магчыма, выбаршчыкі дэмакратычных партый вырашылі, што 15 кастрычніка (на парламенцкіх выбарах) яны „выратавалі дэмакратыю ў Польшчы“, выканалі свой грамадзянскі абавязак і 7 красавіка могуць правесці цёплую нядзелю, адпачываючы, а не стоячы ў чарзе да скрыні для галасавання», — піша публіцыст Newsweek Якуб Маймурэк.
Гэтак жа імаверна, што дэматываваць маладых жанчын ад удзелу ў выбарах магло прамаруджванне цяперашняй улады з прасоўваннем новага, больш ліберальнага заканадаўства пра аборты.
Яшчэ адзін важны для Польшчы вынік гэтых выбараў — пераканаўчая перамога ў першым туры цяперашняга мэра Варшавы Рафала Тшаскоўскага. 52-гадовы палітык — адзін з галоўных прэтэндэнтаў на вылучэнне ў прэзідэнты ад цяперашняй партыі ўлады ў наступным годзе. Вялікі вынік, пад 60% галасоў, атрыманы ў канкурэнцыі з няпростымі апанентамі, відавочна ўзмоцніць яго стартавыя пазіцыі перад прэзідэнцкай гонкай.
Фінал мясцовай кампаніі адбудзецца праз два тыдні: менавіта тады ў шэрагу гарадоў пройдуць другія туры выбараў мэраў (тут будзе некалькі гарачых сутычак, сярод якіх можна адзначыць выбары ў Кельцах, дзе ЛГБТ-актывістка Агата Войда ў першым туры набрала ледзь не ўдвая больш за прадстаўніка ПіС Марціна Стэмпнеўскага).
Але ўжо праз некалькі тыдняў, у чэрвені, палякі пойдуць да скрыняў яшчэ раз — разам з жыхарамі іншых 26 краін ЕС яны будуць абіраць дэпутатаў Еўрапарламента, і вынікі цяперашніх мясцовых выбараў дакладна паўплываюць на канфігурацыю палітычных сілаў перад еўрапейскімі выбарамі.
У «Грамадзянскай кааліцыі» Дональда Туска і «Лявіцы» напэўна пачнецца дыскусія наконт магчымага аб’яднання перад еўрапейскімі выбарамі. Такія ідэі гучалі і перад гэтай кампаніяй, але ад гэтага саюза адмовілася партыя Туска: калі б гэты альянс адбыўся, магчыма, ПіС не ўдалося б заняць на выбарах сімвалічнае першае месца.
«Права і справядлівасць» напярэдадні еўрапейскай і прэзідэнцкай кампаній, імаверна, таксама будзе працаваць над пашырэннем палітычнага лагера. Ва ўсякім выпадку, у ноч пасля выбараў Яраслаў Качыньскі казаў пра стварэнне на базе сваёй партыі «вялікай кааліцыі, якая будзе перамагаць».
Іншая рэч, што выбар, каго запрашаць у гэтую «вялікую кааліцыю», у ПіС невялікі. Гаворка ідзе пра крайне правую «Канфедэрацыю», супрацоўніцтва з якой дазволіць партыі Качыньскага атрымаць кантроль над сеймікамі усходняй Польшчы.
«Качыньскі, як ён ужо паказаў у мінулым, дзеля ўлады пойдзе на ўсё. Нават уступіць у саюз з антыеўрапейскай і антыўкраінскай групоўкай, у якую таксама ўваходзяць людзі з прапуцінскімі, фашысцкімі і антысеміцкімі поглядамі», — дае змрочны прагноз намеснік галоўнага рэдактара Gazeta Wyborcza Раман Імельскі.